Не толькі просьбы, а і падзякі

Адным са сродкаў зваротнай сувязі заканадаўчай і выканаўчай улады з насельніцтвам з’яўляецца прыём грамадзян па месцы іх пражывання.
Такая сустрэча старшыні абласнога Савета дэпутатаў А. М. Наумовіча адбылася на гэты раз у Райцаўскім і Варанчанскім сельскіх Саветах дэпутатаў.
На прыём, які праводзіўся ў Райцаўскім сельвыканкаме, звярнуўся кіраўнік ТАА “Райца” Б. М. Сак з просьбаю аб выдзяленні зямельнага ўчастка для ўзвядзення ачышчальных збудаванняў, жывёлавод У. К. Наумовіч з Райцы прасіў дапамогі ў адводзе сцёкавых вод ад яго прысядзібнага ўчастка, дырэктар мясцовай школы М. А. Урбановіч хадайнічала аб наданні школьнаму музею статуса “народны”, а жыхарка вёскі Лукашын звярнулася наконт тэлефанізацыі.

На ўсе пытанні Андрэй Мікалаевіч даў аргументаваныя адказы і ўзяў іх выкананне на кантроль.
У Варончы на прыём да А. М. Наумовіча ў чарговы раз звярнуўся наконт пераразліку пенсіі інвалід другой групы В. А. Нікалайчык. І хаця па яго заяве праводзілася праверка раней, якая не знайшла падстаў, каб задаволіць жаданне заяўніка, Вячаслаў Адамавіч працягвае настойваць на сваім. З ім праведзена грунтоўная растлумачальная гутарка.
Калектыўны зварот аб захаванні “ніжняга”магазіна вырашаны станоўча. Гэта гандлёвая кропка будзе адрамантавана і прадоўжыць абслугоўванне пакупнікоў.
Была і прыемная навіна. Жыхары 8-кватэрнага жылога дома № 1 па вуліцы Філончыка дзякавалі старшыні абласнога Савета дэпутатаў А. М. Наумовічу за дапамогу ў рамонце даху.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.