Па шляху яднання і прагрэсу

У няпростыя 90-я, вядомыя як гады распаду СССР, правядзення радыкальных рэформ, крайне цяжкай эканамічнай сітуацыі на постсавецкай прасторы, Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі стаў тым мастом, які не даў канчаткова разысціся нашым краінам і надаў надзею на адраджэнне адзінства.
Таму дзень 2 красавіка адзначаецца ў нашых дзяржавах як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. З той пары прайшло шаснаццаць гадоў. Па-рознаму можна адносіцца да гэтай падзеі, па-рознаму адносяцца да яе жыхары Расіі і Беларусі. Але несумненна адно: у гэтым была вялікая неабходнасць.
Падзеі сённяшняга дня яскрава пацвярджаюць правільнасць выбранага шляху на інтэграцыю. Свае ўзаемаадносіны мы будавалі на працягу гэтага перыяду прагматычна і паступова з поглядам на перспектыву.
Прыкладам гэтага служыць стварэнне спачатку Мытнага саюза, а з 1 студзеня бягучага года — адзінай эканамічнай прасторы, куды ўвайшоў і Казахстан. Гэта дазволіла нашым краінам гандляваць без пошлін.
Пры стварэнні адзінай эканамічнай прасторы Расія рэзка актывізавала пастаўкі ў Беларусь вуглевадародаў па льготных цэнах. Дзякуючы гэтаму наша краіна ў мінулым годзе прадала за межы рэспублікі нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай сыравіны, на 12,5 мільярда долараў ЗША, што ў 1,9 раза больш, чым у 2010 годзе. Гэта складае 26 працэнтаў усяго экспарту Беларусі ў 2011 годзе.
Пры росце экспарту за кошт паставак вуглевадароднай сыравіны з Расійскай Федэрацыі ў рэспубліканскі бюджэт паступаюць значныя фінансавыя сродкі, што дазваляе, напрыклад, не павышаць значна плату за камунальныя паслугі, накіроўваць сродкі на захаванне і развіццё сацыяльных праграм, на адукацыю, ахову здароўя, культуру і г. д.
З кожным годам умацоўваюцца сувязі народаў Беларусі і Расіі ў галіне навукі, культуры, у тым ліку і ваеннае супрацоўніцтва.
Не выключэнне і наш раён, які паспяхова супрацоўнічае не адно дзесяцігоддзе з горадам-пабрацімам Краснагорскам, што ў Маскоўскай вобласці. У нас наладжаны ўзаемаабмен маладзёжнымі, ветэранскімі дэлегацыямі. Дзеці з Расіі адпачываюць у нашых дзіцячых аздараўленчых лагерах, а карэліцкія школьнікі — у Краснагорскім раёне, дзе знаёмяцца з яго славутымі мясцінамі, у тым ліку і горада Масква.
Не сакрэт, што прадукцыя нашых прамысловых прадпрыемстваў і аграпрамысловага комплексу карыстаецца попытам у расійскіх спажыўцоў, а грамадзяне абедзвюх краін свабодна перамяшчаюцца па іх тэрыторыі, маюць магчымасць вучыцца ў ВНУ Расіі і Беларусі, а дыпломы аб адукацыі маюць аднолькавую сілу як у Расіі, так і Беларусі.
На сучасным этапе актыўна развіваюцца турызм, сфера адпачынку. Недарма ў беларускіх дамах адпачынку і санаторыях каля палавіны адпачываючых — грамадзяне Расіі.
У нас адзіныя гістарычныя карані, аднолькавы менталітэт, якія абумоўліваюць узаемную павагу, дружбу і супрацоўніцтва.
Гэта пацвярджае і той факт, што ў нашай краіне статус дзяржаўнай маюць як беларуская, так і руская мова.
Улічваючы паслядоўнасць і дынаміку развіцця адносін паміж нашымі краінамі і народамі, можна з упэўненасцю сказаць, што яны і надалей будуць шырыцца і ўмацоўвацца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.