“Пад ляжачы камень вада не цячэ”

Кіраўнік раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбак сустрэўся з калектывам ААТ “Карэлічы-Лён”

Адбыліся сакавіцкія сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства грамадзян. Галоўная тэма адзінага дня інфармавання насельніцтва — “Барацьба з карупцыяй у Гродзенскай вобласці. Прычыны і ўмовы” і дадатковая — “Развіццё сістэмы безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак”.
Кіраўнік раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбак сустрэўся з працоўным калектывам адкрытага акцыянернага таварыства “Карэлічы-Лён”. Віктар Леанідавіч падрабязна расказаў аб барацьбе з карупцыяй на Гродзеншчыне, прывёў шэраг прыкладаў, назваў прычыны і ўмовы, пры якіх магчымы карупцыйныя праяўленні.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак расказаў калектыву льнозавода пра тое, што побач з існуючым прадпрыемствам плануецца пабудаваць новую сучасную лінію па перапрацоўцы прадукцыі. Для гэтага выдзелена дзяржавай 120 млрд руб. Па сутнасці будзе ўзведзены новы завод, аснашчаны навейшым абсталяваннем.
Віктар Леанідавіч з задавальненнем назваў нашы поспехі ў мінулым годзе. Напрыклад, выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала па раёне 280 млрд руб. А па дадзеных бухгалтэрыі льнозавода яна дасягнула 10 млрд руб. І радуе, што за апошнія гады ўпершыню прадпрыемства на працягу двух месяцаў працуе з прыбыткам. Тут жа ў зале прагучала рэпліка, што “мы атрымліваем малую зарплату”. Па дадзеных бухгалтэрыі яна складае ў сярэднім 1 млн 600 тыс. рублёў. Невялікая яна і ў аграпрамысловым комплексе (1 млн 200 тыс. руб.). Але, як адзначыў кіраўнік раённай “вертыкалі”, трэба нам усім лепш працаваць, эфектыўна выкарыстоўваць кожны рабочы час, тады і будзе адкуль “браць” зарплату. Нехта з залы “назваў прычыну нізкай ураджайнасці ў “дрэнных” землях, якія перадаюцца для вырошчвання лёну гаспадаркамі льнозаводу. Тут жа, каб выправіць няпраўду, перад калектывам выступіў намеснік дырэктара Фёдар Мікалаевіч Жук, які далажыў калектыву, што гэта не так. Землі добрыя. Толькі трэба па-гаспадарску працаваць на іх, каб мець запланаваны ўраджай. Больш неабгрунтаваных пытанняў не паступала. Адказы былі доказнымі і ўсе зразумелі, што трэба прадпрымаць, каб лепш жыць і добра зарабляць. А падвёў рыску дыскусіі Віктар Леанідавіч Шайбак прымаўкай, якая не намі прыдумана, але кліча чалавека да актыўнай працы: “Пад ляжачы камень вада не цячэ”. Быў названы шэраг прыкладаў старанных работнікаў (механізатараў, жывёлаводаў) з СВК “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003”, “Лукі-Агра”, імя Чарняхоўскага, імя Царука, дзе атрымліваюць дастойную зарплату — па 2-3 і больш млн руб. Узорна працуюць нашы бытавікі, хоць некалі думалі, што “не вылезуць з ямы”. Аднак пастараліся і жывуць нядрэнна.
— Мы не стаім на месцы, — зазначыў кіраўнік раённай “вертыкалі”. — Будаўнікі сёлета ўзводзяць 8 дамоў у вёсках раёна, 16-кватэрны і 40-кватэрны жылыя дамы ў райцэнтры. На чарзе на жыллё ў раёне стаяць 570 чалавек. У нашых планах будаўніцтва новага мікрараёна ў 2014 годзе на кальцы (насупраць вуліцы Гагарына). Тут размесцяцца шматпавярховыя дамы, сучасныя магазіны, іншая інфраструктура. А калі мы будуем — значыць будзем жыць, развівацца, ісці наперад.
— Наш раён таксама адзін з лепшых на Гродзеншчыне, — адзначыў Віктар Леанідавіч. — Займаем трэцяе месца па ўраджайнасці зерневых культур, па вытворчасці малака і мяса.
Мы сёння ганарымся дасягненнямі нашых дзяцей і настаўнікаў у адукацыі (па выніках мінулага года занялі другое месца ў вобласці), такога поспеху дасягнула і медыцына (другое месца).
Будуць новыя дасягненні і ў будучым, але трэба працаваць актыўна, старанна, добрасумленна, па-гаспадарску. Мы ўмеем працаваць і поўныя рашучасці і энергіі справіцца з даведзенымі заданнямі на другі год пяцігодкі.
На паступіўшыя пытанні былі дадзены адказы. Некаторыя ўзяты на кантроль мясцовай улады, будуць вывучаны і выкананы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.