Сустрэча з творчасцю землякоў

Чарговы цудоўны падарунак жыхарам нашага раёна зрабілі супрацоўнікі Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі — сустрэчу з пісьменнікам, перакладчыкам, літаратурным крытыкам, журналістам, аўтарам сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, ураджэнцам Навагрудчыны Яўгенам Рыгоравічам Лецкам, які зараз жыве і працуе ў Мінску, і паэтэсай з Навагрудка Святланай Іосіфаўнай Абдулаевай.
Сустрэча з Яўгенам Лецкам не была выпадковай: ураджэнец суседняга раёна, ён некаторы час працаваў у Карэлічах інструктарам райкама камсамола, пазней — карэспандэнтам раённага радыёвяшчання. І кніга, якую ён разам са сваёй дачкой Таццянай пераклаў на беларускую мову, таксама звязана з нашымі мясцінамі: Шчорсамі, Наваградкам… Размова ідзе пра кнігу ўспамінаў графіні Вольгі Аляксандраўны Храптовіч-Буцянёвай “Злом”, якая лічыцца з’явай у беларускай літаратуры ўнікальнай. Як вядома, род Храптовічаў на працягу стагоддзяў адыгрываў адну з вызначальных роляў у Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Храптовічы былі смелымі і таленавітымі ваяводамі і ваярамі. Але фінал атрымаўся трагічны. У 1939 годзе палац і бібліятэка ў родавым маёнтку Шчорсы былі разрабаваны і знішчаны, а ўладальнікі сядзібы графы Храптовічы апынуліся хто ў турме, хто ў далёкім выгнанні. Менавіта пра гэта балючая кніга ўспамінаў графіні Вольгі Храптовіч-Буцянёвай “Злом”. Гэтая мужная жанчына прайшла праз неймаверныя пакуты і здзек, застаўшыся адна: муж быў арыштаваны, дзяцей паспелі тайна пераправіць у Парыж… Графіня пражыла амаль 90 гадоў і пахавана ў Парыжы. Як адзначыў сам перакладчык,  кніга чытаецца на адным дыханні.
Падзяліўся Яўген Лецка і сваімі творчымі планамі. Зараз ён працуе над кнігай пра Карэліцкі і Навагрудскі раёны, месцамі нараджэння і дзейнасці славутых пісьменнікаў, паэтаў, навукоўцаў: І. Дамейкі, Я. Чачота, А. Міцкевіча, Я. Брыля, У. Калесніка. “Сёння выдаць кнігу — справа нятанная, — расказвае Яўген Рыгоравіч, — але вельмі хочацца ажыццявіць гэтую ідэю, таму пачаў распрадаваць уласную бібліятэку”.
Менавіта дзякуючы гэтаму энтузіясту сваёй справы ўбачыў свет зборнік вершаў навагрудскай паэткі Святланы Абдулаевай “Музыка дажджу”. Святлана Іосіфаўна піша не толькі вершы, але і робіць публікацыі пра Навагрудскі край у часопісах: “Маладосць”, “Полымя”, “Гаспадыня”, “Настаўніцкай газеце”. Дзіўнае супадзенне, але жыццё яе бацькі было пэўным чынам звязана з лёсам графаў Храптовічаў, у якіх ён працаваў перакладчыкам, і расказваў Святлане, што яны былі надзвычай добрымі, спагадлівымі людзьмі.
У завяршэнні сустрэчы паэтка чытала свае вершы, якія закалыхвалі і супакойвалі, нібы сапраўдная музыка дажджу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.