Тэлевядучая з Карэліч

Гэта для нас, тэлегледачоў, Аксана Вечар — зорка тэлеэкрану, далёкая і недасягальная, а для яе бацькоў Ніны Уладзіміраўны і Мікалая Уладзіміравіча Ляўковічаў, якія і сёння жывуць у Карэлічах, яна — проста Аксанка, дачушка, агульная любіміца.
—    Аксана магла б атрымаць  медаль аб заканчэнні школы, — успамінае яе мама, — але яна была гуманітарыем і — кропка. І дзве чацвёркі сярод астатніх “выдатна” ў атэстаце не азмрочвалі  яе настрой. Яна ведала, чым хоча займацца,  да чаго ляжыць душа. Усе школьныя гады была занята чымсьці цікавым і ніколі не сумавала: танцавальны гурток, музычная школа, якую закончыла па класу скрыпкі, спевы ў хоры, вядучая школьных мерапрыемстваў…  Сцэны не баялася ніколі і была там, як рыба ў вадзе. Гэта і прадвызначыла будучы род заняткаў.

Яшчэ ў гады студэнцтва ў Інстытуце культуры Аксана спрабавала сябе ў якасці вядучай на радыё, а праз год увайшла ў склад рэдакцыі радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” і стала вядучай праграм “Сёмая пятніца” і “10 хвілін з Санай”. Далей пайшлі аўтарскія праграмы на тэлебачанні, якія  сама і вяла: ”Тры апельсіны”, “Акалада”. Менавіта з “Акалады”, як лічыць  Аксана, і пачалася кар’ера тэлевядучай, таму што ўпершыню ёй прыйшлося працаваць у прамым эфіры. Некалькі гадоў Аксана Вечар прысвяціла рабоце над музычнымі праграмамі “Беларускі хіт-парад”, “Музычная абойма”, “Кліп-абойма”. Была спроба працаваць у іншым, не забаўляльным фармаце — вядучай “Проста праграмы”, якая выходзіла ў вячэрнім эфіры і ўяўляла сабой гутарку “на сур’ёзныя тэмы з сур’ёзнымі людзьмі”.
Ужо некалькі гадоў запар Аксана Вечар усе сілы аддае праекту “Продвижение плюс”, які расказвае аб тэхналогіі стварэння кліпаў для беларускіх спевакоў, дае гледачам магчымасць убачыць здымкі, даведацца пра сакрэты рэжысёрскай кухні. Дарэчы, рэжысёрам многіх кліпаў з’яўляецца муж Аксаны Анатоль Вечар. Так атрымліваецца, што ён здымае, а яна здымае, як ён здымае. Ужо 20 гадоў яны шчаслівыя не  толькі ў шлюбным саюзе, але і ў творчым. У сям’і — дзве дачкі Паліна і Аліса. Старэйшая Паліна, якая літаральна вырасла на тэлебачанні, быць тэлевядучай не хоча, яна абрала ў якасці спецыяльнасці філалогію, Аліса пакуль школьніца.
У тэлефоннай гутарцы Аксана Вечар расказала аб новым творчым праекце “Наперад у  мінулае”. Здымачная група працуе ў беларускай глыбінцы і запісвае народныя песні, якія потым перапяваюць вядомыя беларускія выканаўцы. Відовішча надзвычай цікавае і займальнае: народныя песні атрымліваюць другое жыццё, у іх прыўносіцца сучасны эстрадны каларыт, элементы папулярнай музыкі. Вядучыя праекта — Аксана Вечар і Юрый Вашчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.