У Мiры — лепшыя птушкаводы Гродзеншчыны

На птушкафабрыцы “Чырвонаармейская” за кошт рэканструкцыі прадпрыемства, мадэрнізацыі вытворчых памяшканняў утрымліваюць у кожным з трох птушнікаў па 54 тысячы курэй-нясушак, у той час, калі раней для ўтрымання такой колькасці неабходна было восем вытворчых памяшканняў. На фабрыку завезлі новыя, больш прадуктыўныя кросы птушкі
Устаноўлена новае чатырохяруснае абсталяванне нямецкай вытворчасці. За тэхналагічным працэсам сочыць электроніка. 3 дапамогай камп’ютара ў птушніках пастаянна падтрымліваецца аптымальны мікраклімат, рэгулюецца тэмпературны і паветраны рэжым і г. д.
У выніку ажыццяўлення арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, удасканалення тэхналогіі вытворчасці, павышэння прадуктыўнасці пагалоўя значна павысіліся вытворчыя паказчыкі, што дазволіла калектыву прадпрыемства па выніках 2011 года выйсці на першае месца сярод шасці аналагічных прадпрыемстваў вобласці.
Летась на птушкафабрыцы “Чырвонаармейская” атрымана 34231 тысяча штук яек (20500 тысяч штук у 2010 годзе).
У разліку на адну сярэднюю курыцу-нясушку за мінулы год атрымана па 305,2 яйка супраць 274,6 у 2010 годзе. Гэта самы высокі паказчык на прадпрыемстве за апошнія дзесяць гадоў, калі вытворчасць яек вагалася ад 280 да 295 яек ад курыцы-нясушкі. Варта падкрэсліць, што расход кармоў на вытворчасць 1000 яек зменшыўся са 162 да 145   цэнтнераў кармавых адзінак. Дарэчы, птушкафабрыка ўсе канцэнтраты атрымлівае з давальніцкай сыравіны, вырабленыя і збалансаваныя па пажыўных рэчывах на Наваельнянскім камбінаце хлебапрадуктаў.
Варта зазначыць, што ад рэалізацыі прадукцыі птушкафабрыка атрымлівае кожны месяц каля паўтара мільярда рублёў. Гэта важкі ўклад у скарбонку гаспадаркі.
Немалаважную ролю ў гэтым адыгрывае чалавечы фактар, адказнасць рабочых за даручаную справу. Старанна працуюць птушніцы Святлана Пятроўна Грыб, Зоя Уладзіміраўна Хаванская, Таццяна Іванаўна Панкрац, Вера Мікалаеўна Цвірка, Таццяна Фёдараўна Янкоўская.
За якасцю прадукцыі ўважліва сочаць сартавальніцы Аксана Міхайлаўна Гівойна, Алена Канстанцінаўна Парэцкая, Таццяна Міхайлаўна Яськевіч, загадчыца склада Надзея Іванаўна Жук.
Мірскія птушкаводы не спыняюцца на дасягнутым. На прадпрыемстве плануецца будаўніцтва камбікормавага завода, цэха для забою птушкі, санпрапускніка, далейшая газіфікацыя фабрыкі.
Мяркуецца пасля рэканструкцыі птушніка №10 размясціць у ім цэх па вытворчасці рамонтнага маладняку для патрэб прадпрыества і рэалізацыі насельніцтву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.