ЯКАСНАЕ ХАРЧАВАННЕ — ДОБРАЕ ЗДАРОЎЕ

На пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне “Аб рабоце аддзела адукацыі райвыканкама і ўстаноў адукацыі раёна па ўдасканаленні арганізацыі харчавання вучняў”. З інфармацыяй выступіла І. В. АСТАШЭВІЧ — начальнік аддзела адукацыі райвыканкама.
Адзначалася, што на абслугоўванні аддзела знаходзіцца 26 харчблокаў. Усе вучні сельскіх школ ахоплены гарачым харчаваннем, гарадскіх — 98,1 %. На падставе пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.02.2011 г. № 142 “Аб унясенні змяненняў, дапаўненняў  і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі” і з мэтай забеспячэння сацыяльнай абароны дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з сем’яў, якія маюць трох і больш дзяцей, іншых катэгорый маючых патрэбу, за кошт сродкаў раённага бюджэту арганізавана аднаразовае харчаванне 165 школьнікаў, двухразовае — 249, трохразовае — 38 вучняў.
Паспяхова выконваюцца праграмы капрамонтаў харчблокаў і перааснашчэння іх халадзільным і тэхналагічным абсталяваннем. За 4 гады капітальна адрамантавана 6 харчблокаў, набыта 37 адзінак тэхналагічнага і 18 — халадзільнага абсталявання на суму 93,6 млн руб., заменена мэбля ў абедзенных залах у 11 установах адукацыі, летась на набыццё кухоннага посуду, інвентару і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчблокаў затрачана звыш 70 млн руб.
Рэгіянальная праграма на 2011-2015 гады, зацверджаная летась у сакавіку рашэннем райвыканкама, прадугледжвае правядзенне рамонтаў харчблокаў у гімназіі, СШ № 2, Лукскай СШ, ДУА “Красненскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” і ДУА “Баранавіцкая СШ”; далейшую замену 5 адзінак халадзільнага і 26 — тэхналагічнага абсталявання. Сёлета набыты кухонны посуд для ДУА “Яслі-сад № 1 г. п. Карэлічы”, ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. п. Карэлічы”, ДУА “Сярэдняя школа г. п. Мір” на сумму 22,8 млн руб., халадзільны шкаф для ДУА “Гімназія № 1” коштам 10,9 млн руб.
Асноўнай фінансавай крыніцай харчавання вучняў з’яўляецца дзяржаўная датацыя. Вучні пачатковых класаў усіх школ (722) і 5-11 класаў (685) устаноў, размешчаных у сельскай мясцовасці, атрымліваюць гарачае харчаванне (снеданне) на сумму дзярждатацыі ў памеры 5292 руб. і 6396 руб., адпаведна. 62 % з іх харчуюцца з бацькоўскай даплатай у памеры 5-8 тыс. руб. у месяц. Дзеці, якія наведваюць групы падоўжанага дня (250 чалавек), атрымліваюць 2-х ці 3-х разовае харчаванне. Агульная сума дзённага рацыёну — 8820 руб. і 10830 руб., адпаведна.
Плата бацькоў за харчаванне дзяцей у дашкольных установах бярэцца ў памеры 40 % ад дзеючых грашовых норм расходаў на харчаванне аднаго выхаванца ў залежнасці ад узросту дзяцей, профілю і рэжыму работы ўстановы і складае для дзяцей ва ўзросце ад аднаго года да 2-х гадоў — 9.010 руб., ад 3 да 6 гадоў — 11.430 руб. у дзень, наведваючых санаторныя групы — 13.460 руб. і 16.940 руб., адпаведна.
З мэтай патанення кошту харчавання прадукты і сыравіна закупляюцца ад арганізацый-вытворцаў: мясная прадукцыя — ад Слонімскага мясакамбіната і каўбаснага цэха філіяла аблспажыўтаварыства; малочная — ад Навагрудскага масларобчага камбіната, сокі — ад Гродзенскага кансервавага завода; хлебабулачныя вырабы — ад філіяла аблспажыўтаварыства. Малочныя і хлебабулачныя прадукты, агародніна пастаўляюцца па абмежаваных адпускных цэнах.
Ва ўстановы адукацыі сельскай мясцовасці арганізаваны завоз прадуктаў спецылізаваным ізатэрмічным транспартам аддзела адукацыі тры разы ў тыдзень, у гімназію, СШ № 2 і СШ г. п. Мір тавары дастаўляюцца транспартам філіяла аблспажыўтаварыства.
Існуе цеснае ўзаемадзеянне  з сельгасарганізацыямі па пастаўках прадукцыі раслінаводства для сталовых устаноў адукацыі, а таксама для развіцця ўласнай нарыхтоўчай базы. Напрыклад, на міжсезонны перыяд 2011-2012 навучальнага года з прышкольных участкаў нарыхтавана 54 т агародніны і бульбы. СВК раёна для патрэб устаноў дашкольнай адукацыі і ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр” бясплатна выдзелена 29,5 т агародніны.
Пытанні арганізацыі і паляпшэння якасці харчавання знаходзяцца на пастаянным кантролі аддзела адукацыі і райЦГЭ, якія кожны квартал разглядаюцца на пасяджэннях міжведамаснай камісіі пры райвыканкаме.
У кожнай установе адукацыі створаны саветы па харчаванні, бракеражныя камісіі. Адміністрацыяй навучальных устаноў і дзіцячых садоў наладжаны строгі кантроль за выкананнем гігіенічных патрабаванняў да ўтрымання памяшканняў, абсталявання, інвентару, посуду; захоўваннем персаналам правілаў вытворчай санітарыі, а таксама тэрмінаў і ўмоў захоўвання харчовых прадуктаў. Пытанні якасці арганізацыі харчавання дзяцей рэгулярна разглядаюцца на педсаветах, нарадах пры дырэктары, бацькоўскіх сходах.
Актывізавалі работу па прапагандзе прынцыпаў здаровага харчавання, фарміраванні ў дзяцей культуры харчавання праз правядзенне віктарын, дзелавых гульняў, Дзён здароўя калектывы ДУА “Аюцавіцкі НПК дзіцячы сад-базавая школа”, “Варанчанская СШ”, “Баранавіцкі дзіцячы сад”, “Палужскі дзіцячы сад”.
У рабоце з вучнямі  (гімназія № 1, ДУА “Ярэміцкі НПК дзіцячы сад-СШ”, “Райцаўскі  НПК дзіцячы сад-СШ”) шырока выкарыстоўваюцца класныя інфармацыйныя гадзіны, конкурсы на лепшую сямейную справу, праектная дзейнасць па тэмах “Калі хочаш жыць і здаровым быць — умей правільна харчавацца”, “Вітамінны кошык”, “За абедзьве шчакі”.
Вучні ДУА “СШ № 2 г. п. Карэлічы”, “Турэцкі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” інфармуюць сваіх равеснікаў аб карысным і правільным харчаванні праз насценны друк, лекцыі. У Жухавіцкай СШ штогод праводзіцца конкурс “Гаспадыня года”.
Згодна з заканадаўствам забяспечваецца павышэнне кваліфікацыі работнікаў харчблокаў, на якіх працуюць 49 павароў, з іх 75 % маюць 3-4 кваліфікацыйны разрад.
З мэтай удасканалення работы калектываў устаноў адукацыі па пытаннях арганізацыі харчавання выхаванцаў і навучэнцаў, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы харчблокаў адзін раз у два гады праводзіцца раённы этап абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю харчавання. Дарэчы, пераможцамі летась прызнаны: сярод устаноў дашкольнай адукацыі — ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. п. Карэлічы”, сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — ДУ “Сярэдняя школа г. п. Мір”.
Як адзначалася на пасяджэнні райвыканкама, у арганізацыі харчавання дзяцей ёсць праблемныя пытанні, якія патрабуюць рашэння на розных узроўнях. Летась па выніках маніторынгу харчблокаў устаноў адукацыі ДУ “Карэліцкі райЦГЭ” падрыхтавана 7 падпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты тры дырэктары навучальных устаноў (гімназія № 1, Жухавіцкая СШ, ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна”).
Маюць патрэбу ў капрамонце і замене тэхналагічнага абсталявання харчблокі гімназіі № 1, СШ № 2 райцэнтра, ДУА “Турэцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-СШ”.
З-за адсутнасці агароднінасховішчаў з адпаведнымі ўмовамі захоўвання застаецца праблема захаванасці нарыхтаванай садавіны і агародніны з прышкольных участкаў і на бясплатнай аснове. Агародніна ў асноўным захоўваецца ў прыстасаваных падвальных і іншых памяшканнях, не абсталяваных вентыляцыйнай сістэмай.
Ва ўстановах адукацыі раёна марудна ўкараняюцца такія формы арганізацыі харчавання, як папярэдні заказ страў “сёння на заўтра”, выкарыстанне варыятыўнага меню. Так, папярэдні заказ страў укаранёны толькі ў чатырох навучальных установах раёна (ДУА “Цырынскі НПК дзіцячы сад-СШ”, “Жухавіцкая СШ”, “Лукская СШ”, “Красненскі НПК дзіцячы сад-СШ”).
Хоць у апошні час палепшылася выкананне заявак на пастаўку прадуктаў харчавання на харчблокі ўстаноў адукацыі філіялам аблспажыўтаварыства, здзіўляюць чамусьці перабоі ў дастаўцы яек, мясной прадукцыі, садавіны.
У прынятым рашэнні адзначаецца, што аддзел адукацыі (І. В. Асташэвіч) абавязаны прадоўжыць работу па паляпшэнні якасці арганізацыі харчавання дзяцей; забяспечыць выкананне Праграмы правядзення рамонтаў харчблокаў і іх перааснашчэння тэхналагічным абсталяваннем на 2011-2015 гады ў поўным аб’ёме згодна з устаноўленымі тэрмінамі; да 15 сакавіка г. г. уключыць у рэгіянальную Праграму правядзення рамонтаў харчблокаў і іх перааснашчэння тэхналагічным абсталяваннем на 2011-2015 гады правядзенне капрамонту харчблоку ДУА “Турэцкі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”, набыццё сучаснага тэхналагічнага абсталявання для харчблокаў гарадскіх школ; да 1 верасня г. г. укараніць у работу ўстаноў адукацыі камп’ютарныя праграмы кантролю за арганізацыяй харчавання дзяцей; да 1 сакавіка г. г. вызначыць пералік устаноў, дзе будуць выкарыстоўвацца такія формы арганізацыі харчавання дзяцей, як папярэдні заказ страў “сёння на заўтра”, варыятыўнае меню; да 1 верасня г. г. прывесці ў адпаведнасць з санітарнымі нормамі і правіламі падвальнае памяшканне гімназіі № 1 для захоўвання агародніны; да 1 верасня 2013 года забяспечыць завочнае навучанне работнікаў харчблокаў, якія не маюць спецадукацыі па спецыяльнасці “повар дзіцячага харчавання”.
Кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны актывізаваць работу па прыцягненні пазабюджэтных, спонсарскіх, шэфскіх і іншых незабароненых заканадаўствам краіны сродкаў для абнаўлення  і папаўнення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння харчблокаў.
Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на намесніка старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчыка.
У пасяджэнні райвыканкама прыняў удзел і выступіў з прамовай намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь С. К. Фарыно, які высока ацаніў дасягненні нашых алімпіяднікаў у Беларусі і ўпершыню на міжнародным узроўні, а таксама адзначыў вялікі клопат мясцовай улады наогул аб адукацыі ў раёне і, у прыватнасці аб якасным харчаванні дзяцей усіх узростаў і ва ўсіх установах адукацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.