Бацькоўскай традыцыі верныя

“Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”, — кажуць у народзе. Гэта прымаўка як найлепш характарызуе перадавога механізатара СВК імя Чарняхоўскага Сяргея Плескача.
У цэху механізацыі гаспадаркі ён пачаў працаваць у 1982 годзе трактарыстам. Потым служыў у Цэнтральнай групе войскаў, якая дыслацыравалася ў Чэхаславакіі. Быў камандзірам радыёстанцыі ў падраздзяленні сувязі асобага прызначэння. За бездакорную службу сяржант Пляскач неаднаразова заахвочваўся камандаваннем.
Па тагачасным заканадаўстве, звольненыя ў запас салдаты і сяржанты тэрміновай службы мелі права адпачываць не менш як два месяцы з дня звальнення. Сяргей Пляскач адпачываў толькі дзесяць дзён. А справа ў тым, што ў гаспадарцы набылі новы пагрузчык УН-0,53.1 і яго прапанавалі былому сяржанту. Адмовіцца ад прапановы Сяргей не мог.
Па іроніі лёсу машына аказалася чэшскай вытворчасці, штодзённа напамінала аб былой службе і служыла верай і праўдай механізатару на працягу сямнаццаці гадоў.
Затым Сяргей аднавіў энерганасычаны К-700 і адпрацаваў на ім яшчэ шэсць гадоў. А зараз яму давераны магутны “Джон-Дзір”, на якім Сяргей паказвае прыклад стараннай працы  на ворыве і культывацыі глебы, сяўбе азімых і яравых культур.
Былы кіраўнік гаспадаркі У. М. Сатыга дапамог Сяргею ўзвесці ўласны дом. Яны і будаваліся разам па-суседску. Разам з жонкай Аксанай Мікалаеўнай, педагогам па прафесіі, выгадавалі і далі пуцёўку ў жыццё дваім сынам. Валянцін — студэнт трэцяга курса БНТУ і пасля вучобы будзе інжынерам-канструктарам. Кірыл — трэццякурснік вышэйшага каледжа сувязі. Хлопцы не губляюць сувязь з гаспадаркай. У час летніх канікулаў Валянцін працаваў памочнікам камбайнера на збожжаўборачным агрэгаце “Ліда-1600”.
Цяга да працы на зямлі — гэта сямейная традыцыя. А пачатак заклаў ёй Іосіф Мікалаевіч Пляскач, бацька і дзядуля, які ў свой час асвойваў цалінныя і залежныя землі. Вярнуўшыся на сваю малую радзіму, першацаліннік працаваў трактарыстам, машыністам пагрузчыка, шчыраваў на камбайне.
Пазней стаў адмысловым майстрам-наладчыкам гідраагрэгатаў і паліўнай апаратуры. Да яго звярталіся за дапамогай не толькі механізатары са сваёй гаспадаркі, а і сельгаспрадпрыемстваў раёна. Кожны атрымліваў у Іосіфа Мікалаевіча кваліфікаваную дапамогу, слушную параду. Ніколі не адмаўляў, за што карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай. За добрасумленную працу ўзнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”.
І. М. Пляскач і ў свае 75 гадоў заставаўся майстрам-наладчыкам і працаваў на гэтай пасадзе да лютага гэтага года. Ганарыўся сынам, дачкою Таісай, якая працуе ў Сенніцы медсястрою ў паліклініцы, унукамі, дапамагаў жонцы Людміле Уладзіміраўне, якая па стану здароўя вымушана была пакінуць ферму, дзе працавала даяркай.
У гэтай сям’і бацькоўскім традыцыям верныя.

АД РЭДАКЦЫІ: Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, прыйшла сумная вестка — не стала Іосіфа Мікалаевіча Плескача, ветэрана працы, чулага, спагадлівага чалавека, клапатлівага бацькі і мужа, высокакваліфікаванага  спецыяліста, майстра з вялікай літары. Падзяляем гора гэтай сям’і і ўпэўнены, што справу яго дастойна прадоўжаць нашчадкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.