Будзем з ураджаем

Вясна ўступіла ў свае правы, і на палетках СВК “Свіцязянка-2003” поўным ходам вядуцца палявыя работы.

Па ацэнцы спецыялістаў, азімыя, а імі занята ў гаспадарцы 1450 гектараў, у тым ліку 998 га азімай пшаніцы, 452 га азімага трыцікале, а таксама 170 га азімага рапсу і 160 га азімай сурэпіцы на сілас, вытрымалі суровую зіму добра і абяцаюць неблагі ўраджай. Галоўная задача зараз — добра падсілкаваць культуры, і  гэта работа выканана на 60 працэнтах азімага палетка. Падкормка шматгадовых траў завершана на ўсіх 795 гектарах.

На падкормцы сельгаскультур КАСам выдатна працуе вадзіцель агрэгата “Раса” М. А. Каралько, а яшчэ на гэтай аперацыі задзейнічаны чатыры навясныя агрэгаты “Амазонэ” і “КУНГ”, якія абслугоўваюць В. Л. Калеснік, В. М. Чубрык, А. М. Мурашка, А. А. Русак.

На падкормцы шматгадовых траў, унясенні фосфарных і калійных угнаенняў пад яравую сяўбу выдатна працуюць на агрэгатах РМУ-8000 механізатары А. М. Зайко і У. Я. Камаскевіч.
— Яравы палетак у нашай гаспадарцы, — расказвае галоўны аграном кааператыва А. А. Мяцеліца, — займае 2491 гектар, у тым ліку 100 га яравой пшаніцы, 630 — ячменю, 30 — аўса, 50 — грэчкі, 60 — лубіну. Мяркуем пасеяць 100 га кукурузы на зерне. Ільняны палетак зойме 110 га, плантацыі цукровых буракоў — 400 га, 700 гектараў зойме кукуруза на зялёную масу, 391 га — аднагадовыя травы і інш.

Аб’ём работы вялікі, і, як толькі дазволіла надвор’е, у поле выйшаў першы пасяўны агрэгат. На палеткі першага вытворчага ўчастка, што ў вёсцы Ятвезь, вывеў свой МТЗ-3022 у агрэгаце з АПП-6 25 сакавіка спрактыкаваны сейбіт Д. В. Сіроцін. Бесперапынную работу яго забяспечвае механізатар М. М. Савоська, які на трактары МТЗ-82 перавозіць і загружае насенне.
Ячмень пасеяны ўжо на плошчы 369 га, у тым ліку півавараны на 25 га.

Усяго на сяўбе яравых культур будуць працаваць тры АПП-6, а на дробнаконтурных палетках — трохметровы агрэгат “Сулка”.
Сёння варта адзначыць высокапрадукцыйную працу Ю. М. Пліско і М. А. Мялешкі, якія за светлавы дзень трактарамі МТЗ-3022 у агрэгаце з КП-9 рыхтуюць да сяўбы больш як па 50 гектараў глебы.

На гэтай тэхналагічнай аперацыі задзейнічаны таксама МТЗ-1221 у агрэгаце з чызельнымі культыватарамі КЧ-4, на якіх шчыруюць механізатары В. Г. Клаўсуць, Ч. А. Пашкевіч, Д. С. Хілевіч.
Працоўны дзень зараз доўжыцца з 7.00 да 19.00 гадзін. Для ўдзельнікаў веснавых палявых работ арганізавана двухразовае харчаванне.
Добра папрацавалі хлебаробы і ў дзень раённага суботніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.