Чыста там, дзе ўбіраюць, а дзе прывыклі жыць у сметніку, там і штрафы не дапамагаюць

Мінуў яшчэ адзін тыдзень месячніка. Інспектарскай групай раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзіўся маніторынг санітарнага ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў Варанчанскага, Райцаўскага, Жухавіцкага, Лукскага сельскіх Саветаў.
На тэрыторыі Варанчанскага сельсавета недахопаў у гэтых пытаннях не выяўлена. Ранейшае прадпісанне райЦГЭ сельсавету і СВК “Свіцязянка-2003” выканана. Па Райцаўскім сельсавеце ёсць сур’ёзныя заўвагі па санітарным стане вёскі Міратычы: тэрыторыя перад уездам у яе з двух бакоў, а таксама два бакі, пралягаючыя да праезнай часткі вул. Маладзёжная, тэрыторыя насупраць вадаёма, лазні засмечаны бытавым смеццем.
Чакае ўборкі ад бытавога смецця і леташняй расліннасці двор, дзе размешчаны гаспадарчыя пабудовы каля пяціпавярховых дамоў па вул. Цэнтральнай у Жухавічах, а таксама былы сквер.
У Асташыне (Лукскі сельсавет) не ліквідаваны несанкцыянаваныя звалкі, не ўбраны пустэчы каля нежылых і пакінутых домаўладанняў. Няма парадку каля былога будынка магазіна Карэліцкага філіяла аблспажыўсаюза.
У райцэнтры актыўна працавалі па навядзенні парадку на тэрыторыі гарадскога парку аддзелы і службы райвыканкама. Работнікі ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” прыводзілі ў парадак тэрыторыю прадпрыемства і вакол яго. Каля возера Быкава старанна працавалі супрацоўнікі “Беларусбанка”.
Выклікае трывогу абыякавасць кіраўніцтва Карэліцкага філіяла аблспажыўсаюза да навядзення парадку і чысціні. Не адзін год на тэрыторыі двара гандлёвага цэнтра ў г. п. Карэлічы знаходзіцца смеццязвалка, і яна штогод пашыраецца. З мінулага года не завершана абсталяванне кантэйнернай пляцоўкі, яе агароджванне і ўстаноўка кантэйнераў.
Цікава, хто возьме верх: чысціня і парадак ці стойкая абыякавасць да патрабаванняў кантралюючых служб? Няўжо штрафы настолькі малыя, што не могуць прымусіць “гаспадароў” навесці ідэальны парадак на замацаваных тэрыторыях?

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.