Дом, дзе цябе чакаюць, любяць, разумеюць

Ідучы па вуліцы нашага пасёлка, які ў апошні час набыў сучасны і прывабны выгляд, гледзячы на двары і дамы, мы не так часта задумваемся над тым, хто ў іх жыве, чым займаецца, пра што марыць. А тым часам у кожнай кватэры ці доме жывуць нашы людзі, працуюць, служаць, вучацца, мараць.
Дом № 21 па вуліцы Чырвонаармейскай нават на пачатку вясны, калі дрэвы стаяць ў чаканні зялёнага ўбрання, а кожная травінка абуджаецца ад зімовага сну і радуецца красавіцкаму сонцу, прыцягвае да сябе ўвагу. У двары зроблены вялікі дэкаратыўны кошык, у якім хутка зацвітуць кветкі, а непадалёку ад яго выглядваюць з любоўю зробленыя грыбочкі.
Раніца. У хаце — прыемны пах ежы, прыгатаванай на сняданак. Гаспадыня ветліва запрашае прайсці ў пакоі, дзе з любоўю і густам размешчаны дагледжаныя кветкі і акварыум з рыбкамі.
— Я люблю расліны, — гаворыць Ганна Аляксандраўна. — I дзяцей сваіх да гэтага прывучаю. На маю думку, усё пачынаецца ў сям’і. Любоў да кветак перарастае ў любоў да прыроды, павага адзін да аднаго стане прыкладам павагі да ўсіх людзей.
Ганна Аляксандраўна з Магілёва. Яе бацькі ў 1990 годзе пераехалі ў Карэлічы. Тут яна сустрэла сваю палавінку. З Мікалаем Мікалаевічам пазнаёміліся на танцах. Потым згулялі вяселле, а праз паўгода набылі свой дом. За плячыма ўжо 15 гадоў сумеснага жыцця. Гаспадыня ўспамінае размову з мужам, калі вырашалі колькі дзетак у іх будзе. Мікалай Мікалаевіч адразу, не задумваючыся, сказаў — трое. Ганна Аляксандраўна засумнявалася. Маладая жанчына і не думала, што яго словы стануць прарочыя. Цяпер у сям’і Палуян сапраўды расце трое дзяцей. Старэйшы сын Сяргей вучыцца ў 8-ым класе СШ № 2. Руслана і Аляксей наведваюць дзіцячы садок, а ў верасні гэтага года стануць першакласнікамі.
Мікалай Мікалаевіч працуе міліцыянерам страявога падраздзялення аддзялення Дэпартамента аховы МУС РБ. Якраз у гэты дзень яго выклікалі на службу, і Ганне Аляксандраўне давялося адной распавядаць пра сваю сям’ю.
— Сяргей, — гаворыць гаспадыня, — сапраўдны памочнік. Нават і не ведаю, што б мы без яго рабілі. I малых з садка забярэ, і па гаспадарцы дапаможа. Ён у нас будучы механік. Захапляецца тэхнікай. Канструіруе машыны. Творча падыходзіць да любой справы. Навучыўся плясці з бісера, такія прыгожыя работы атрымліваліся, што нават мне захацелася паспрабаваць. Вунь колькі прыгожых “дрэваў зрабілі” (Ганна Аляксандраўна паказвае на паліцу, дзе размясціліся вырабы з бісера). Разам і справы лепш ідуць, і ў дзіцячы свет зазірнуць можна. Цяпер Сяргей зацікавіўся разьбой па дрэве. Ужо ёсць станоўчыя вынікі. На свята жанчын падарыў мне прыгожую драўляную шкатулку, зробленую сваімі рукамі. Руслана любіць маляваць і спяваць. Марыць у будучым займацца ў музычнай школе. А вось Аляксей — сапраўдны памочнік у камп’ютарных справах. Калі ў мяне што-небудзь не атрымліваецца, заўсёды прыйдзе на дапамогу. А яму ўсяго пяць гадоў. Дзеці — гэта шчасце!
Ганна Аляксандраўна працуе прадаўцом ПГУП “БелТавіс”. Цікаўлюся, як яна ўсё паспявае рабіць?
— Справа ў тым, што мы заўсёды дапамагаем і падтрымліваем адзін аднаго. Стараемся ўсе рабіць разам. I абавязкаў паміж сабою ніхто ніколі не размяркоўвае. А яшчэ сумесны адпачынак, які так збліжае ўсіх членаў сям’і. Ён у нас заўсёды атрымліваецца актыўным. Усе разам ездзім на рыбалку. Наведваем цікавыя мясціны Карэліччыны. Падарожнічаем па Беларусі, адпачывалі на моры.
Шчасце, падобнае на сон. Гэта калі раніцаю хочацца ісці на працу, а вечарам — вяртацца дадому, дзе цябе чакаюць, любяць, разумеюць, паважаюць, да цябе прыслухоўваюцца. У дружнай сям’і менавіта так. Таму і пануюць тут згода і лад.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.