Дзве палавінкі

Паўстагоддзя  крочаць разам па жыцці Іван Фёдаравіч і Яніна Адамаўна Гіз з Малюшыч. Тут і нарадзіліся, тут і пражылі ўсё жыццё. “Як тая варона, засталіся ў сваім гняздзе”, — жартуе гаспадар. З малых гадоў былі прывучаны да сялянскай працы і пашаны да старэйшых. Разам бегалі ў мясцовую школу, потым Іван пайшоў у армію, а Яніна — на ферму, дзе тры гады даіла калгасных кароў. Яе тата загінуў на фронце, а ў сям’і трое дзяцей, яна — старэйшая…
Вяселле згулялі ў 61-м. Пароўну дзялі-лі і гора, і радасць, і не прыкмецілі, як праляцела 50 гадоў. І зараз, азіраючыся назад, ім ёсць што ўспомніць, ёсць чым ганарыцца.
Галоўнае багацце — дзеці. Іх у сям’і трое, усе самастойныя і моцна стаяць на нагах. Сямёра ўнукаў, якія ўмеюць не толькі ў “камп’ютар гуляць”, але і як дзед і бацькі, араць, баранаваць, касіць. Успамінае Іван Фёдаравіч, як трапіў аднойчы ў бальніцу, дык унукі самі бульбоўнік скасілі і звезлі. Увогуле ўсю работу ў сям’і Гіз робяць адной вялікай сямейнай талакой.
— Здаецца, і не насядалі ніколі асабліва на дзяцей, — успамінаюць юбіляры. — Самі і ў школе добра вучыліся, і дома дапамагалі. Хіба бачылі, што бацькі кроплі ў рот не бяруць, а толькі працуюць ды для іх стараюцца. Праўда, патрабавалі ад іх дысцыпліны: скажаш у пяць дома быць, роўненька ў пяць і прыйдуць, не затрымаюцца.
Так, прыклад бацькоў быў навідавоку. Іван Фёдаравіч шмат гадоў працаваў жывёлаводам, потым працяглы час — механізатарам. Шчыраваў і на пасяўной, і на ўборачнай. За калгаснае хваляваўся, як за сваё. У 1973 годзе адзначаны высокай узнагародай — ордэнам “Знак пашаны”. У чарку ніколі не зазіраў, апошнія 20 гадоў нават не курыць. А да сваёй палавіны да гэтага часу звяртаецца “мілая мая гаспадынька”. Яніна Адамаўна працавала ў паляводстве (апошнія гады санітаркай на мясцовым ФАПе), выхоўвала дзяцей ды і гаспадарка была вялікая — раней з гэтага жылі.
Яны і зараз — у клопаце. То па гаспадарцы, то ў хаце, то на двары. А двор — узорны, усё на сваім месцы: і кветкі растуць, і вымецены чысценька.
Жыццё доўгае… І шчаслівы той, хто знайшоў сваю палавінку і жыве ў ладзе з сабою і людзьмі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.