ГРОДЗЕНСКІ ПРЫЗЫЎ

Сталася так, што выпускніца Баранавіцкага медыцынскага вучылішча Тамара Сульжыц закончыла вучобу і прыбыла па накіраванні на працу ў Мірскую гарадскую бальніцу ў год Чарнобыльскай катастрофы. Была прызначана медсястрою хірургічнага аддзялення. Катастрофа на ЧАЭС успрымалася спачатку як нешта далёкае, амаль нерэальнае. Можа таму, што бракавала дакладнай інфармацыі, або нябачнае радыяцыйнае выпраменьванне заспакойвала, вялікай трывогі не выклікала ў большасці насельніцтва, але толькі не ў медработнікаў. Яны ведалі, чым пагражаюць радыёнукліды людзям і прыродзе.
А праз год і адзін месяц Тамара атрымала павестку з райваенкамата на спецзборы. 26 мая 1987 года “гродзенскі прызыў” аўтобусам накіравалі ў Хойніцкі раён. Непадалёку ад райцэнтра, у пасёлку Рудакова быў разгорнуты медсанбат, у якім аказвалі медыцынскую дапамогу ліквідатарам катастрофы, ваеннаслужачым тэрміновай службы і прызваным з запасу. У ліку медперсаналу была і сяржант, старшая медсястра хірургічнага аддзялення Тамара Сульжыц (зараз Пятрушка).
— Гэта не зусім правільна, калі сцвярджаюць, што ў зоне забруджвання адважна дзейнічалі адны мужчыны. Значны быў і жаночы кантынгент, — расказвае Тамара Васільеўна. — Як і мужчыны насілі ваеннае абмундзіраванне, жылі па воінскіх статутах, харчаваліся ў салдацкай сталоўцы, а жылі ў інтэрнаце накшталт казармы. Лячылі людзей, аперыравалі і г. д.
Дысцыпліна была вельмі строгая, але не забараняліся простыя чалавечыя радасці. Там я адзначыла сваё дваццацігоддзе. Запомніўся юбілей у салдацкіх ботах граматай камандавання медсанбата, віншаваннямі калег-саслужыўцаў і святочнай вячэрай, у меню якой галоўнай стравай была каша з тушонкай.
А небяспечная бяда хадзіла побач, асабліва тады, калі нашы дзяўчаты вахтавым метадам неслі дзяжурства на медпунктах у Чарнобылі. Бацькі, праўда, пра гэта не ведалі, лічылі, што мы ў звычайнай камандзіроўцы. Але гэта быў ваенны загад і выкананне яго — закон. Так мы прысягалі.
А на двары было лета. Паспелі суніцы, трускалкі, вішні радавалі вока. Іх прадавалі ў Хойніках, нягледзячы на забарону.
Аб наступствах думалі пасля, у тым ліку і я, калі замуж пайшла. Перажывала, што будзе з дзецьмі? Дзякаваць Богу, пакуль усё добра. Сын Аляксандр — студэнт пятага курса Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дачка Вольга закончыла факультэт банкаўскай справы Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і размеркавана на працу ў “Белаграпрамбанк”  г. Мінска.
Цяпер вось марым  пра ўнукаў і маем надзею, што і яны будуць здаровыя і шчаслівыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.