Гармонія сямейнага шчасця

Сям’я. У кожнай свае адносіны да навакольнага свету, свае погляды на рэчы, свае сакрэты шчасця… Але ёсць тое, што аб’ядноўвае сем’і, — моцнае каханне і імкненне зрабіць адзін аднаго шчаслівым.
У такім доме добра жывецца гаспадарам. Сюды спяшаюцца дзеці і ўнукі, а цяпло сямейнага ачага сагравае ўсіх. Мудрасць і вопыт старэйшых, памножаныя на маладосць і энергію малодшых,  дапамагаюць пасяліцца тут гармоніі сямейнага шчасця.

Таццяна Паўлаўна нарадзілася ў Застадоллі, а з Кайшоўкай звязаў лёс — сюды выйшла замуж.
— Прывыкла да новай вёскі, — прызнаецца жанчына. — За добрым мужам можна і  пажыць. Працавалі сумесна і на ферме, і дома.
Таццяна Паўлаўна і Павел Фёдаравіч Троскі даглядалі цялят на дарошчванні. Неабходна было ўручную накасіць зялёнкі, зварыць пойла маленькім цяляткам. Прыходзілася рана ўставаць, але старанні не былі дарэмнымі. Яны дабіваліся добрых прываг, на справаздачных сходах у гаспадарцы часта прэміравалі.
Жыццё было нялёгкім, але радасным. Дзеці раслі працавітымі і добрымі, ведалі цану працы, дапамагалі і  на ферме, і  па дамашняй гаспадарцы.
За іх і цяпер не прыходзіцца саромецца. Дачка Ганна жыве ў г.Баранавічы і працуе на прыватнай фірме галоўным бухгалтарам, а сын Аляксандр у Мінску, ён — ваенны.
Дом у сям’і Троскаў вялікі, яго будавалі самі. Павел Фёдаравіч выконваў сталярныя работы — рабіў вокны і дзверы, клаў падлогу… Таццяна Паўлаўна была заўсёды надзейным памочнікам, любую работу старалася выканаць, і яна спорылася.
У сям’і заўсёды была ў пашане праца. І цяпер яны трымаюць асабістую гаспадарку: каня, парасят, курэй. Лічаць, што конь патрэбны ў гаспадарцы, бо можна і грады заараць, і вырашыць іншыя справы. Павел Фёдаравіч нават народную прымаўку на гэты конт прыгадаў: “Гаспадарку весці — не рукамі трэсці”.
Таццяна Паўлаўна і Павел Фёдаравіч заўсёды рады дзецям і ўнукам  — іх у Троскаў трое і адзін праўнук.
— На Радуніцу прыязджалі, — гавораць з задавальненнем гаспадары. — Усе разам хадзілі на могілкі. Трэба памятаць пра продкаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.