“Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча”

У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі праведзена прэзентацыя кнігі Святланы Андрэеўны Кошур з г. п. Карэлічы “Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча”.
Святлана Андрэеўна Кошур добра вядома чытачам раённай газеты “Полымя” як аўтар шматлікіх артыкулаў. Яны змястоўныя і цікавыя, у іх апавядаецца пра нашых знакамітых землякоў.

Вось і адзін з апошніх — “Лебядзіная песня мастака” быў змешчаны напрыканцы мінулага года (№ 97, 10 снежня) і прысвячаўся Валянціну Рамановічу з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння. Краязнаўца па прызванні, яна змагла не толькі паспяхова правесці творчыя пошукі, але і па-майстэрску паднесці матэрыял чытачу. І гэта, безумоўна, радуе: сярод карэліччан нямала нераўнадушных людзей, якія моцна любяць родны край і цікавяцца яго гісторыяй.  А дадзены артыкул  —  аповед пра земляка, творчую і неардынарную асобу.
Дырэкцыя Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь аб’явіла падзяку старшаму навуковаму супрацоўніку раённага краязнаўчага музея С. А. Кошур за актыўную і плённую дзейнасць па папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Новая кніга аўтара  — “Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча” выйшла ў свет у 2011 годзе і павінна прыйсціся даспадобы тым, хто цікавіцца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны. “Гэта кніга расказвае пра лёс таленавітага мастака, які пайшоў з жыцця ва ўзросце Хрыста, пакінуўшы пасля сябе высокамастацкія творы, але іх у Беларусі, на жаль, не ведаюць, бо захоўваюцца яны ў музеях іншых краін…,” — піша аўтар у прадмове.
Твор невялікі па аб’ёме, уключае наступныя раздзелы: “Сям’я”, “Вучоба ў Вільні “, “Удзельнік групы Віленскай”, “Я в прошлое влюблён…”, “Атрыманне дыплома”, “Пачатак працы над цыклам “Трокі” — усяго 12 раздзелаў. У адным з іх чытаем:

Я в прошлое влюблён безумно, непонятно.
Влюблён в далекие, забытые года.
Ведь этих лет прошедших имя: никогда…
Я в прошлое влюблён: оно ведь
невозвратно…
(В. Романович. “Прошлое”).

У аснове выдання — дакументы і фотаздымкі  з архіва мастака, выкарыстаны рэпрадукцыі яго работ з цыкла “Трокі”, выкананыя ў тэхніцы медзярыта.
У кастрычніку 2011 года да 100-годдзя з дня нараджэння мастака ў Карэліцкім раённым музеі была адкрыта выстава “Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча” і да юбілею падрыхтавана кніга.
Аўтар выказвае словы падзякі ўсім, хто прычыніўся да справы захавання памяці пра таленавітага мастака на радзіме.
Прэзентацыя кнігі С. А. Кошур “Лебядзіная песня Валянціна Рамановіча” — значная падзея. Гэта сустрэча з Творцай, якая ўсю сябе аддае любімай справе — краязнаўству. З вуснаў удзельнікаў прагучала шмат добрых слоў у яе адрас.
Дырэктар музея Э. М. Кур’ян (вядучая сустрэчы) адзначала, што стварэнне кнігі прайшло доўгі шлях, Валянціна Рамановіча раней ніхто не ведаў, а С. А. Кошур  знайшла рэдкія матэрыялы, сабрала іх і напісала кнігу.
У прамове намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык даў добрую ацэнку працы аўтара: яна змагла данесці інфармацыю пра Валянціна Рамановіча, пра якога Руслан Юр’евіч зазначаў, што гравюры мастака сведчаць пра яго надзвычайны талент. Падзякаваў Святлане Андрэеўне за змястоўную кнігу.
Свае адносіны да выдання выказала дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Л. К. Арцюх: “Яе творы, невялікія па аб’ёме,  змяшчаюць канкрэтны матэрыял. Новая кніга будзе карысная для чытачоў”.
Аўтар выдання С. А. Кошур у сваім выступленні прызналася, што імкнулася знайсці асобу, каб Карэлічы маглі ёй ганарыцца.  Святлана Андрэеўна меркавала, што памяць пра мастака застанецца надоўга, калі з’явілася кніга. І яна здзейсніла сваю задумку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.