МАЁР ДРОБНЫ З-ПАД ПАЛТАВЫ

Кажуць, бацькоў не выбіраюць, гэтак жа, як і месца нараджэння. Але гэтыя фактары часта з’яўляюцца прадвызначальнікамі лёсу чалавека. Так лічыць маёр у адстаўцы Вячаслаў Іванавіч Дробны з г. п. Карэлічы.
— Мяркуйце самі, — гаворыць ён, — нарадзіўся і гадаваўся я ў сяле Кустолава-Сухадолка, што пад Палтавай. Менавіта ў гэтых мясцінах Пётр І атрымаў бліскучую перамогу над шведамі, і сама атмасфера, прасякнутая гераізмам прашчураў, настройвала мясцовых хлапчукоў на “вялікія” подзвігі. Ужо ў дзяцінстве фарміраваліся начаткі патрыятызму.
А чым не прыклад бацька Іван Ананьевіч, удзельнік 2-х Сусветных войнаў, або брат Мікалай, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны? Іх расказы спакваля рыхтавалі Вячаслава да прафесіі ваеннага, афіцэра. Вось чаму пасля заканчэння Палтаўскай дзесяцігодкі юнак паступіў у Львоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча імя Шчорса. Аднак закончыў толькі першы курс, як пачалося скарачэнне Узброеных Сіл СССР на 1 мільён 200 тысяч чалавек, і навучальную ўстанову расфарміравалі, а курсантаў накіравалі ў Сумскае артылерыйска-тэхнічнае вучылішча імя М. В. Фрунзе.
В. І. Дробны з адзнакай закончыў навучанне і, атрымаўшы запаветныя пагоны лейтэнанта, быў накіраваны ў Групу савецкіх войскаў у Германіі. Служыў начальнікам разліку рухальнай устаноўкі і наводкі ракеты. Пазней, калі часць вывелі ў Слабудку, што ў Пружанскім раёне, займаў пасады начальніка стартавага аддзялення, камандзіра стартавай батарэі.
У 1977 годзе маёра Дробнага пераводзяць на службу ў Карэліцкі райваенкамат на пасаду начальніка аддзела прызыву.
— Ужо сама назва аддзела сведчыла аб родзе маёй дзейнасці, — працягвае Вячаслаў Іванавіч. — Асноўнай задачай было забеспячэнне прызыву на тэрміновую ваенную службу і адбор кандыдатаў для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы і сувораўскія вучылішчы. За дзесяць гадоў службы на гэтай пасадзе адабрана каля 400 кандыдатаў. Частка адсеялася па розных прычынах, але армейскія шарэнгі папоўнілі 110 карэліцкіх лейтэнантаў. У сувораўцы накіравалі 15 хлапчукоў.
А яшчэ маёр Дробны займаўся арганізацыяй шырока вядомых злётаў салдацкіх маці. На гэтыя мерапрыемствы запрашаліся жанчыны, чые сыны праходзілі тэрміновую ваенную службу. Па просьбе ваенкамата выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі прадастаўлялі кароткатэрміновы водпуск. І гэта быў для мамаў вялікі сюрпрыз, бо сустракаліся родныя людзі непасрэдна на мерапрыемстве, нечакана для маці, і праходзілі звычайна са слязамі радасці і пачуцця гонару за сваіх дзяцей.
Актыўна працавала ў той час метадычнае аб’яднанне ваенных кіраўнікоў  у школах, якое ўзначальваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны В. І. Бежка з Мірскай школы, а яго правай рукою быў франтавік І. А. Тананка з Лукаў.
Кожны год праводзіліся зборы дапрызыўнікоў, на якіх дзесяцікласнікі вывучалі стралковую зброю, статуты, праходзілі страявую і фізічную падрыхтоўку, а завяршаліся зборы выкананнем пачатковага практыкавання па стральбе з аўтамата Калашнікава.
— Шкада, — гаворыць Вячаслаў Іванавіч, — што пачатковую ваенную падрыхтоўку ў школах замянілі іншымі дысцыплінамі. Ідэя і сэнс, закладзеныя ў яе, дапамагалі рыхтаваць юнакоў да службы ў арміі мэтанакіравана, узбагачалі ведамі курса маладога байца.
На працягу васямнаццаці гадоў я з’яўляюся нязменным старшынёю раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”, якая працуе ў інтарэсах тых, хто прысвяціў сваё жыццё арміі, служэнню Радзіме.
Мне пашчасціла служыць з многімі кіраўнікамі ваенкамата, яго супрацоўнікамі. Гэта былыя ваенныя камісары Ф. П. Раманенка, М. Я. Патрацій, афіцэры С. А. Майсеенка, М. Ц. Шаўцоў, М. В. Буракін, якія служылі ўзорам адносін да жыцця і службы. У цэлым у калектыве ваенкамата панавала і застаецца атмасфера дзелавітасці, добразычлівасці і ўзаемаразумення.
У лютым мінулага года  В. І. Дробнаму споўнілася 70 гадоў, 16 з іх афіцэр аддаў Карэліцкаму раённаму ваеннаму камісарыяту. Ён і сёння поўны сіл і энергіі, актыўна займаецца ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі, цесна супрацоўнічае з раённай ветэранскай арганізацыяй, ГА “БРСМ”.
Вячаслаў Іванавіч узнагароджаны медалямі “За воінскую доблесць”, “За бездакорную службу” ўсіх 3-х ступеняў і іншымі, але самы каштоўны з іх — медаль “За баявыя заслугі”, якога ўдастоены афіцэр у мірны час, у маі 1972 года, за паспяховае выкананне баявога пуску  эксперыментальнай ракеты.
Маёр Дробны ў адстаўцы, але сувязі з саслужыўцамі не парывае і заўсёды рады сустрэчы з імі, у тым ліку і ў дзень свайго прафесійнага свята.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.