МІРСКІЯ СТАРТЫ

Пад эгідай упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама, аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Гродзенскай вобласці ў г. п. Мір адбылося чарговае спартыўна-аздараўленчае свята “Мірскія старты”.

На ўдзел у мерапрыемстве падалі заяўкі 224 аматары лёгкай атлетыкі з Мінска, Копыля, Жодзіна, Нясвіжа, Салігорска, Баранавіч, Гродна, Дзятлаўскага, Мастоўскага, Смаргонскага, Лідскага, Слонімскага, Гродзенскага, Ваўкавыскага раёнаў, Магілёўскай і Віцебскай абласцей.
Перад стартамі ўдзельнікаў спартыўнага свята вітаў намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык, які нагадаў, што “Мірскія старты” праходзяць ужо не першы год, а сёлета яны супалі з Сусветным днём здароўя. Наша спартыўнае свята з’яўляецца залогам фарміравання здаровай, маладой нацыі. Кожны з удзельнікаў спаборніцтва можа захаваць сваё даўгалецце дзякуючы сіле волі, фізічнай падрыхтаванасці, імкненню да здаровага ладу жыцця.
Руслан Юр’евіч пажадаў лёгкаатлетам удалых стартаў і паспяховага фінішу.

У прабегу на дыстанцыі 32 кіламетры ад Мірскага да Нясвіжскага замкаў прынялі ўдзел каля 50 найбольш падрыхтаваных лёгкаатлетаў. У забегу на дыстанцыі 10 км 29 жанчын і 66 мужчын, на дыстанцыі 5 км — 41 спартсмен, юнакі і дзяўчаты 1998 года нараджэння і маладзейшыя спаборнічалі на дыстанцыі два кіламетры.
Пакуль лёгкаатлеты аспрэчвалі на дыстанцыях права называцца мацнейшымі, журналіст папрасіў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад “Мірскіх стартаў” настаўніка фізкультуры Варанчанскай СШ Міхаіла Карпача. Вось што ён расказаў:
— У спартыўна-аздараўленчым свяце “Мірскія старты” мы ўдзельнічаем трэці год. Сёлета выставілі каманду ў складзе пятнаццаці чалавек і маем намер паказаць неблагія вынікі, а самае галоўнае — яшчэ раз праверыць свае сілы.
У школе больш за ўсё ўвагі надаем лёгкай атлетыцы, лыжным гонкам, а каб дзецям было цікавей — спартыўным гульням.
Мы перакананы, што ўсе спартыўныя дасягненні грунтуюцца на лёгкай атлетыцы. Бег — гэта вынослівасць і яна будзе заўсёды спрыяць тым, хто пажадае звязаць свой лёс са спортам.
Нашы выпускнікі былі прызёрамі рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў, а зараз гонар школы і раёна абараняюць сёстры Пашкевіч Галіна, Таццяна і самая маленькая — Маша, якая, дарэчы, заняла другое  месца ў лёгкаатлетычным кросе на прызы газеты “Полымя”. З іх бяруць прыклад сяброўкі і таксама імкнуцца да добрых дасягненняў.

Па выніках забегу на дыстанцыі 2 км нашы лёгкаатлеткі Алеся Гаўрош з вынікам 7 хвілін 57 секунд заняла пятае месца, Алеся Донь-Шынайка (8.15) — шостае, Марыя Пашкевіч паказала вынік 8 хвілін 56 секунд і заняла дзесятае месца.
Цеснай групай прышлі на фініш Дар’я Нарбутовіч (13-я), Юлія Лопух (14-я), Алеся Доўжык (16-я), Ганна Хітро (18-я), Таццяна Манько (19-я).
Сярод юнакоў на гэтай жа дыстанцыі Вячаслаў Жыгала быў дзевятым, Аляксандр Хадарожа — дзесятым, Уладзімір Лопух (15-ым), Дзяніс Мацэль (23-ім), Аляксей Навумовіч (24-ым), Андрэй Ерамецька (26-ым).

На дыстанцыі 5 км сярод дзяўчат 1996 года нараджэння і маладзей наша Анастасія Бургун — на шостым месцы, Сняжана Лушчык — восьмая, Вікторыя Сянькевіч — дзявятая, Юлія Пастухова — адзінаццатая, Наталля Сёмуха — дванаццатая, Анжэла Комар — пятнаццатая і Надзея Доўжык — шаснаццатая.
На пяцікіламетровай дыстанцыі Аляксандр Крупко — дзясяты, Антон Вярбіцкі (18-ы), Арцём Скіпар (19-ы), Вячаслаў Кошур (20-ы), Андрэй Камацкевіч (21-ы), Мікіта Лясько (22-гі), Уладзімір Ханько (24-ы), Ілья Швайбак (25-ы), Раман Шнок (29-ы).
У абсалютным першынстве сярод жанчын на дыстанцыі 10 км Таццяна Пашкевіч стала васямнаццатая, Кацярына Тукай — дваццаць трэцяя, Галіна Пашкевіч —дваццаць чацвёртая.
У мужчын на гэтай дыстанцыі Арцём Логіш на другім месцы, Іван Траяновіч — трыццаць шосты, Віктар Лопух — сорак першы, Ягор Качан — сорак шосты.
Галіна Пашкевіч ва ўзроставай групе да 18 гадоў на дыстанцыі 10 км заняла чацвёртае месца, Таццяна Пашкевіч паказала пяты вынік ва ўзроставай групе 18-19 гадоў, Кацярына Тукай стала сёмай у групе жанчын ад 20 да 34-гадовага ўзросту.

У мужчын 18-19-гадовага ўзросту наш Віктар Лопух — восьмы, 40-44 гады — Іван Траяновіч на трэцім месцы, 50-59 гадоў Ягор Качан заняў першае месца.
У прабегу “Мірскія старты” ўдзельнічаюць і лёгкаатлеты, якім ужо далёка за 60. Сёлета гэта былі тры жодзінскія спартсмены і адзін прадстаўляў Мастоўшчыну.
Мастаўчанін Іосіф Лісай заняў трэцяе месца і расказаў журналісту, што захапленне лёгкай атлетыкай у яго прафесійнае.
— Я ўжо на пенсіі, але працягваю працаваць настаўнікам фізкультуры ў агульнаадукацыйнай і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.
У маладосці займаўся дзесяцібор’ем. У “Мірскіх стартах”удзельнічаю ўпершыню, але пастаянна выступаю ў “Прабегу міру” і тры гады запар быў прызёрам гэтых спаборніцтваў.
Люблю лёгкую атлетыку і буду любіць, бегаў і буду бегаць пакуль ногі будуць служыць, — заявіў І. У. Лісай.

Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў прабегу адбылося ў Мірскім ГДК. Медалі і дыпломы ім уручалі намеснік старышні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык, дзяржаўны трэнер вобласці па лёгкай атлетыцы А. Т. Бойша і начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама М. М. Барэйка.
Канцэртную праграму для ўдзельнікаў спаборніцтваў падрыхтавалі самадзейныя артысты.
Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што Арцём Логіш, які быў другім прызёрам спартыўна-аздараўленчага свята “Мірскія старты” на дыстанцыі 10 км, абараняючы гонар раёна ў спаборніцтвах адкрытага кубка вобласці па лёгкаатлетычнаму кросу “Курган Славы” заняў першае месца ў забегу на дыстанцыі 8 кіламетраў.
Віншуем!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.