НАВЯДЗЁМ ПАРАДАК І ЧЫСЦІНЮ

2 красавіка пачаўся месячнік па санітарнай ачыстцы і навядзенні парадку на тэрыторыі Карэліцкага раёна.
Практычна ўсе арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы райцэнтра, сельскія выканаўчыя камітэты, не чакаючы ўказанай даты, яшчэ раней актыўна ўключыліся ў навядзенне парадку на падведамасных і замацаваных тэрыторыях.
Сіламі камунальнікаў праведзена ліквідацыя несанкцыянаванай звалкі смецця, бытавых адходаў, па вуліцы 8 Сакавіка спілаваны і вывезены дрэвы.
Работнікі раёна электрасетак навялі парадак на замацаванай тэрыторыі каля возера Быкава і на прылягаючых тэрыторыях падстанцый г. п. Карэлічы.
Медыкі раённай бальніцы і паліклінікі наводзілі парадак на сваёй падведамаснай тэрыторыі.
Калектыў ААТ “Карэлічы- Лён” добрасумленна працаваў на ўборцы замацаванай тэрыторыі ўздоўж вуліцы Жалезняковіча. Адным словам, уключыліся ў гэту важную справу ўсе калектывы, каб зрабіць наш райцэнтр, старажытны Мір, усе населеныя пункты  прыбранымі, чыстымі і прыгожымі.

Мір

Згодна з распараджэннем старшыні раённага выканаўчага камітэта аб правядзенні суботніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі ў Мірскім пасялковым выканаўчым камітэце адбылася аператыўная нарада па гэтых пытаннях кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, размешчаных на падведамаснай тэрыторыі, на якой вызначылі аб’ёмы работ і выканаўцаў.
Адначасова супрацоўнікі пассавета зрабілі падворны абход у г. п. Мір, вёсках Аюцавічы, Сімакава з уручэннем прадпісанняў аб неабходнасці добраўпарадкаваць свае падворкі. Усяго было выпісана 48 прадпісанняў.
Навядзеннем парадку на замацаванай тэрыторыі на суботніку займаліся калектывы спіртавога завода, лясніцтва, Мірскай, Аюцавіцкай і Мядзвядскай школ, РУП ЖКГ, РАНС, ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, бальніцы, дзіцячага сада, бібліятэкі, Мірскага замка, каледжа, аптэкі, хлебапякарні, Дамоў быту і культуры, заправачнай станцыі, уладальнікі прыватных сядзіб у населеных пунктах пассавета.

Жухавічы

—    На суботнік, які праходзіў два дні, у пятніцу і суботу, выйшлі літаральна ўсе жыхары Жухавіцкага сельскага Савета, —  расказвае старшыня Жухавіцкага сельвыканкама А. У. Івашка. — Не засталося ні аднаго аб’екта, дзе б ні працавалі людзі. Кожны працоўны калектыў навёў парадак на “падшэфнай” тэрыторыі, прыбраў яе ад леташняга лісця і травы, бытавога смецця. Шмат давялося папрацаваць і на ўездзе ў вёску Кожава, дзе правялі высечку кустоўя. Вучні Жухавіцкай школы з радасцю адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у суботніку і на некалькі гадзін адарваліся ад вясенніх канікулаў, каб папрацаваць каля школы. Нават жыхары мясцовага дома-інтэрната не засталіся ў баку ад справы навядзення парадку на зямлі: сталыя людзі таксама ўключыліся ў гэты “марафон чысціні”.

Малюшычы

—    Пятніцу мы прысвяцілі навядзенню парадку на аб’ектах сельвыканкама, — гаворыць старшыня Малюшыцкага сельскага Савета В. А. Дзірвук. — Апарат сельвыканкама, работнікі мясцовых Дома культуры і ФАПа працавалі на тэрыторыях, прылягаючых да іх працоўных месцаў, работнікі бухгалтэрыі сельгаскааператыва прыбралі смецце каля былога лазнева-пральнага камбіната, будынка бухгалтэрыі СВК і мехмайстэрань “Малюшычы”. А ў суботу давялося папрацаваць уздоўж дарогі Карэлічы-Валеўка, дзе збіралі, а потым вывозілі смецце. Увогуле, кожны працоўны калектыў зрабіў свой уклад у агульную справу навядзення парадку на зямлі.

Краснае

Кожнаму знайшлася справа ў дзень правядзення суботніка. Работнікі мясцовага сельвыканкама наводзілі парадак на пустуючай тэрыторыі ў Тудараве, а клубныя работнікі Красненскага ЦСДК былі заняты на тэрыторыях (пустуючай і ля могілак)  у Заполлі. Надавалі належны выгляд прылягаючым тэрыторыям ля адміністрацыйных будынкаў работнікі бухгалтэрыі мясцовай гаспадаркі,  тудараўскія і горнаруцкія бібліятэкары.
Навядзеннем парадку на зямлі настаўнікі і вучні мясцовай школы займаліся тыдзень таму, хаця і ў дзень правядзення суботніка іх можна было ўбачыць за гэтай патрэбнай справай.
Жыхары вёсак таксама прыбіралі свае прыдамавыя тэрыторыі. Кожны імкнуўся, каб яго сядзіба мела добры выгляд. У гэтыя дні яны найчасцей заглядваюць на  неба і спадзяюцца на добрае надвор’е — чакаюць сонечных дзён,  бо тады ад душы можна будзе пашчыраваць на зямлі. Так было спрадвеку.

Цырын

Дружнай працай азнаменавілі суботнік цырынцы — работнікі сельсавета і бухгалтэрыі СВК, мясцовыя бытавікі і паштавікі, супрацоўнікі бібліятэкі і ашчаднай касы. Кожны стараўся працаваць шчыра, а ў выніку было выканана  нямала  работ: прыбраны несакцыянаваныя звалкі, наведзены парадак ля капліцы, брацкіх могілак і помніка У. І. Леніну, пачышчаны тратуары ў цэнтры Цырына і пляцоўка ля праўлення гаспадаркі, нададзены належны выгляд тэрыторыям ля двух нежылых дамоў па вуліцы Цэнтральнай у в. Цырын і мехмайстэрні в. Альшаны.
Не засталіся ў баку ў гэты дзень і работнікі гандлю — магазінаў № 14 і № 15, “Глорыя”. Яны прыбралі прылягаючыя тэрыторыі ля гандлёвых кропак, а клубныя работнікі пасля навядзення парадку ля мясцовых устаноў культуры яшчэ папрацавалі і на вуліцы Лясной.
Ды і самі вяскоўцы ў гэты дзень не сядзелі склаўшы рукі. Напрыклад, жыхары вуліцы Цэнтральнай вёскі Цырын шчыравалі на прыдамавых тэрыторыях.
Мы будзем кожную пятніцу на працягу месячніка выходзіць на работы і наводзіць парадак на зямлі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.