Рабочы візіт міністра ў Карэлічы

Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Пятровіч Панцялей зрабіў рабочую паездку ў Карэліцкі раён. У ходзе яе міністр сустрэўся са старшынёю раённага выканаўчага камітэта Віктарам Леанідавічам Шайбаком, які расказаў госцю аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, абмеркаваў іншыя надзённыя пытанні.
М. П. Панцялей азнаёміўся з умовамі працы і быту калектыву ААТ “Карэлічы-Лён”. Тлумачэнні даваў дырэктар прадпрыемства С. К. Лейка.
У гэты ж дзень міністр наведаў раённыя вузлы паштовай і электрычнай сувязі.
У час сустрэчы з журналістамі мясцовых сродкаў масавай інфармацыі Мікалай Пятровіч расказаў, што самая галоўная мэта яго паездкі на Карэліччыну — высвятленне стану спраў на месцы, магчымых праблем, якія патрабуюць умяшальніцтва ўрада, зняць магчымую напружанасць у калектывах, ад чаго ніхто не застрахаваны. Адным словам, ведаць абстаноўку і рэальна яе ацэньваць.

— Чаму выбраны менавіта льнозавод, пытаецеся? Ды таму, што ў Карэлічах не так ужо і шмат прадпрыемстваў, якія можна выбраць. Акрамя таго, буду знаёміцца і са сваімі прадпрыемствамі: раённым вузлом паштовай і электрычнай сувязі.
Што датычыць ільнозавода, то міністр адзначыў, што прадпрыемства, на якім створаны нармальныя ўмовы працы і быту, рэальна дзейнічае. Хаця для дырэкцыі забяспечыць поўнае захаванне тэхналагічнага працэсу ад сяўбы да ўборкі лёну — задача складаная. І, на вялікі жаль, гэта тэхналогія ў Рэспубліцы Беларусь да канца не дапрацавана. Вельмі складаны шлях ад поля да атрымання гатовай прадукцыі, а самае галоўнае, што трэба задаволіць патрэбы Аршанскага льнокамбіната, які завяршае ўвесь тэхналагічны працэс.
На мой погляд, калектыў спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Хацелася б, каб эфектыўнасць вытворчасці была лепшая, павысілася рэнтабельнасць, якая пакуль малая, а з ёй мець рэсурсы для далейшага жыцця проста немагчыма.
Дапамагае дзяржава ў рамках мэтавай праграмы “Лён”, згодна з якой плануецца ўзвядзенне новых вытворчых аб’ектаў, набыццё сучасных, высокапрадукцыйных ліній. Думаю, што з ажыццяўленнем гэтай праграмы цераз мадэрнізацыю перапрацоўчай вытворчасці эканамічная сітуацыя зменіцца. Сур’ёзна павінны працаваць сельгаспрадпрыемствы ў працэсе вырошчвання лёну. Да яго павінна далучыцца і навука ў плане выпрацоўкі тэхналогіі, прымянення сродкаў аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, догляду іх і г. д.
Праблема сур’ёзная, бо выхад доўгага валакна ў нас значна адстае ад развітых еўрапейскіх краін, Кітая. Гэта комплексная праблема і не толькі аднаго Карэліцкага раёна. Гэта агульнарэспубліканская праблема і яе трэба рашаць сумесна. У гэтым я падтрымліваю думку кіраўніка прадпрыемства. Якасная прадукцыя не можа быць таннай, а калі галоўным крытэрыем мы лічым толькі цану, мы не заўсёды купляем тое, што трэба, што дае добры эфект. Трэба мяняць падыходы і методыку ацэнкі гаспадарання. Для гэтага належыць ствараць адпаведныя лабараторыі.
На пытанне журналіста наконт будучыні праваднога радыё М. П. Панцялей адказаў, што спецыялісты распрацоўваюць зараз новыя эфірныя радыёпрыёмнікі, якія будуць настроены на фіксіраваную частату, і слухачам не трэба будзе мучыцца з пастаяннымі падстройкамі, таму што праблема не ў якасці прыёмніка, а ў адыходзе частаты. Задача нашага прадпрыемства — стварыць прыёмнік з устаноўкай фіксіраванай частаты ў завадскіх умовах.
Мяркую, што гэта будзе зручна для карыстальнікаў. Пры гэтым будзем выпускаць і перастройваемыя прыёмнікі з некалькімі дыяпазонамі, і ў насельніцтва будзе права выбару.
На сустрэчы з сувязістамі гутарка ішла пра павышэнне эфектыўнасці работы. Міністра хвалюе праблема павышэння заработнай платы на падведамасных прадпрыемствах, бо быў перыяд, калі работнікі галіны знаходзіліся па ўзроўні зарплаты на трэцім месцы ў краіне, а сёння з лідараў выйшлі, і міністэрства непакоіць асабліва зарплата работнікаў пошты, дзе яна невысокая. І гэта звязана не з упушчэннямі ў працы, а з тым, што маючы і выконваючы сацыяльны заказ, ніякіх датацый з боку дзяржавы не мае, а вымушаны жыць толькі на тыя сродкі, якія самі зарабілі.
У першую чаргу неабходна аптымізацыя структуры, колькасці паштовых аддзяленняў, хаця насельніцтвам гэта ўспрымаецца крайне хваравіта. Таму прыходзіцца многа тлумачыць, дэманстраваць новыя падыходы, а гэта мотадастаўка, мабільныя паштовыя аддзяленні. Там, дзе яны ўкараніліся, гэтыя праблемы знятыя.
У параўнанні з суседняй Расіяй і Украінай колькасць паштовых работнікаў у разліку на 1000 жыхароў у нас у разы большая, што ўплывае на зарплату, а ў выніку яна не дасягае патрабуемага ўзроўню.
Мы сочым за гэтым, аналізуем у чым недапрацоўваем, распрацоўваем новыя накірункі дзейнасці, укараняем новыя паслугі, каб зарабіць неабходныя сродкі.
Па “Белтэлекаму” больш зразумела, дзе на сённяшні дзень зарабляць. У першую чаргу, гэта паслугі па перадачы дадзеных. І калі тры-чатыры гады назад у даходах электрасувязістаў гэта паслуга складала па раённых вузлах да 10 %, то сёння — 40 % і больш. Гэта асноўная крыніца росту. А для павышэння якасці перадачы, неабходна мадэрнізаваць сеткі, будаваць оптыка-валаконныя лініі сувязі, вузлы перадачы дадзеных шырокапалоснага доступу дзеяння. Актыўна ўкараняецца паслуга інтэрактыўнага тэлебачання. Важнае месца ў праграме адводзіцца пераходу на лічбавае тэлебачанне.
Праўда, гэта менш датычыць пошты і “Белтэлекама”, гэта наша галіновая праграма, у якой удзельнічаюць тры суб’екты гаспадарання.
На сённяшні дзень сувязісты райцэнтраў маюць вельмі дастойны выгляд. Калі азірнуцца гадоў на дзесяць назад, то відавочны сур’ёзны прагрэс. У гэтым заслуга як мясцовых органаў улады, так і насельніцтва, а таксама калектываў, якія жывуць і працуюць у гэтых раёнах. Адна ўлада з гэтай задачай не справіцца. Гэта агульны поспех усіх жыхароў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.