Расці, яблыневы сад!

Родны куточак. Што можа быць даражэй? Прыгажэюць  Карэлічы — і сэрца радуецца.
Праводзіцца месячнік па добраўпарадкаванні, наводзіцца парадак на многіх аб’ектах — усё робіцца для таго, каб раённы цэнтр меў добры выгляд.
У адзін з красавіцкіх дзён заклалі гімназісты яблыневы сад. 125 дрэўцаў высаджаны на тэрыторыі навучальнай установы. Сярод сартоў яблынь — беларуская салодкая, заслаўская, аукасіс, глостэр, лігол і іншыя. Яны сярэдняй і позняй спеласці, устойлівыя супраць марозу і захворванняў.
Здаўна сад лічыцца сімвалам маладосці і росквіту жыцця. Таму да гэтай патрэбнай справы арганізатары аднесліся з усёй адказнасцю. У пасадцы саду ўдзельнічалі члены раённага выканаўчага камітэта, аддзел па справах моладзі райвыканкама, РК ГА “БРСМ”, пераможцы алімпіяд і іх настаўнікі, вучні     11-ых класаў, бацькоўскі камітэт гімназіі №1 і іншыя.
У час сустрэчы з удзельнікамі мерапрыемства папрасіла падзяліцца іх сваімі думкамі. Старшыня раённага савета жанчын І. А. Богуш адзначыла, што вельмі здорава, калі дарослыя з вучнямі закладваюць сад. Гэта падзея запомніцца на ўсё жыццё.
Па словах начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Н. С. Гоцка, закладка саду — адзін з відаў добраўпарадкавання вядучай установы агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Праз пэўны час навучэнцы гімназіі змогуць паспрабаваць плады яблынь, пасаджаных іх рукамі.
Дырэктар ДУА “Гімназія № 1 г. п. Карэлічы” А. А. Вярбіцкая зазначыла: “Любую ўстанову адукацыі можна параўнаць з садам, у якім саджанцы — вучні, а садоўнікі — педагогі, якія песцяць і берагуць сваіх выхаванцаў, укладваюць у іх душу, дапамагаюць станаўленню асобы кожнага.
Яблыневы сад, які закладзены 13 красавіка 2012 года, стане своеасаблівым прыкладам яднання і ўзаемаразумення ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу, дастойным працягам азелянення і добраўпарадкавання тэрыторыі гімназіі, месцам адпачынку і натхнення, сімвалам прыгажосці і цеплыні, любові і дабра”.
Алена Аляксандраўна выказала словы вялікай падзякі старшыні райвыканкама В. Л. Шайбаку, начальніку аддзела адукацыі  І. В. Асташэвіч, шэфскім арганізацыям, агульнагімназічнаму бацькоўскаму камітэту і ўсім добрым людзям за аказаную дапамогу ў рэалізацыі праекта “Яблыневы сад — сад жыцця” і пажадала здароўя, міру, ажыццяўлення ўсяго задуманага.
Саджанцы прадаставіў РУП “Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства Нацыянальнай акадэміі  навук Беларусі” (дырэктар У. У. Курыловіч).
Удзельнікі мерапрыемства паставілі свае подпісы ў памятным лісце, які будзе захоўвацца ў музеі гімназіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.