Вясновы дзень год корміць

Добрай традыцыяй стала на Гродзеншчыне рэгулярнае правядзенне семінараў-прэсканферэнцый з удзелам старшыні абласнога выканаўчага камітэта С. Б. Шапіры з журналістамі абласной і раённых газет, тэлебачання і радыё, уласнымі карэспандэнтамі рэспубліканскіх выданняў.
На гэты раз семінар прайшоў у Мастах па тэме “Мастоўскі раён: рэаліі і перспектывы”. Спачатку быў прадэманстраваны фільм, а затым выступіў гаспадар раёна, кіраўнік мясцовай “вертыкалі” А. С. Шафарэвіч.
Даведка. Раён размяшчаецца ў межах Нёманскай нізіны. Уключае 13 сельсаветаў, 155 населеных пунктаў, дзе пражывае 31,2 тыс. чалавек (2011 г.). Тут нясуць свае воды Нёман з прытокамі Шчара, Зельвянка, Рось, Ельня. У горадзе праз Нёман  праходзяць 4 масты. Ёсць адзіны ў Беларусі вялікапралётны пешаходны мост арыгінальнай канструкцыі (даўжыня 193,3 м, шырыня 1,5). Лес займае 33 % тэрыторыі. Сярэдні бал ворыва — 34,9, сельгасугоддзяў — 32,6. Сельгасгаліна раёна прадстаўлена 6 буйнымі сельгаспрадпрыемствамі, вытворчымі прадпрыемствамі, 12 фермерскімі гаспадаркамі і 2 рыбагадоўчымі. Пабудавана 16 аграгарадкоў.
Буйныя прадпрыемствы: ААТ “Мастоўдрэў”, “Мастоўскі кумпячок ПВУП “Скідальаграпрадукт”, ДП “Мастоўская сельгастэхніка”.
Добра развіта сацыяльная сфера.
Знешнеэканамічную дзейнасць ажыццяўляюць 17 суб’ектаў гаспадарання, экспартныя пастаўкі ідуць у 21 краіну свету.

Журналісты наведалі філіял “Мастоўскі кумпячок “ПВУП “Скідальаграпрадукт”, аграгарадок Дубна і Свята-Мікалаеўскую царкву, затым пераехалі на ААТ “Рагозніцкі крухмальны завод” — сучаснае прадпрыемства, аснашчанае шведскім абсталяваннем, дзе вытворчым працэсам кіруе з дапамогай камп’ютара толькі адзін аператар. Гэты завод узведзены каля вёскі Ляда (побач з Мастамі), але яшчэ працуе і стары завод у вёсцы Рагозніца. Дык выпрацоўка на аднаго працуючага летась дасягнула амаль 800 млн руб. (а ўсіх 43 чалавекі). Бульбу прымаюць ад сельгаскааператываў і людзей. Выпускаюць звычайны крахмал і мадыфікаваны.
Наступны адрас — адкрытае акцыянернае таварыства “Мастоўдрэў”. Тут пастаянна ідзе мадэрнізацыя вытворчасці, набыты новыя лініі, сучасныя станкі, укараняюцца прагрэсіўныя тэхналогіі. А пачыналі біяграфію прадпрыемства 85 гадоў назад, гаворачы па-сучаснаму, першыя прадпрымальнікі браты Ігнат і Вацлаў Канапацкія, якія атрымалі дазвол на будаўніцтва фанернага завода  на забалочаным участку на правым беразе Нёмана. Вясной 1927 года сюды прыйшлі рабочыя, а восенню працавалі ўжо станкі і лесапільныя рамы і была выпушчана першая прадукцыя — сыраклееная і нажавая фанера. А сёння ААТ выпускае розную прадукцыю: мэблю для школ, дзіцячых садоў, бытавую мэблю, імпартазамяшчальную прадукцыю — шырокафарматную фанеру еўрапейскай якасці. Праўда, быў час, калі людзі пакідалі завод (была мізэрная зарплата), бо прыватныя “гаспадары” толькі свае кішэні напаўнялі грашыма. І прыйшла на дапамогу дзяржава: выкупіла акцыі ў былых уладальнікаў і ўсё змянілася да лепшага. Журналісты наведалі фанерны цэх ААТ, азнаёміліся з новай прадукцыяй.
Напрыканцы мы пабывалі ў Доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, дзе тлумачэнні даваў дырэктар В. М. Мятлюк, азнаёміліся з умовамі пражывання насельнікаў.
А прэс-канферэнцыя пачалася з самай актуальнай тэмы для сельскіх працаўнікоў — пачатку веснавых палявых работ. Па словах кіраўніка абласной “вертыкалі” С. Б. Шапіры, сяўба будзе праведзена арганізавана, вяскоўцы паспяхова справяцца з гэтай важнай задачай. Як кажуць у народзе: “Веснавы дзень год корміць”, таму на дапамогу прыйдуць гараджане: да паўтысячы трактароў і 300-400 аўтамабіляў. Не ўсе гаспадаркі яшчэ маюць мінеральныя ўгнаенні. Па вобласці зменьшацца плошчы пад сяўбу трыцікале, бо нашым жывёлаводам для кармлення статка патрэбны ячмень і пшаніца, а таксама кукуруза і проса. Соя — таксама высокабялковая культура, але няма насення. Мы забыліся пра наш беларускі лубін, які не саступае соі, толькі для яго трэба падкісленая глеба. Неабходна дадаткова правапнаваць пасяўныя плошчы. Ім жа паспяхова займаліся нашы дзяды і бацькі.
На прэс-канферэнцыі зайшла гаворка пра цыбулю, часнок, хрэн. Аказалася, што летась вядомы не толькі на Мастоўшчыне, але і ў краіне, фермер Генрых Мыслівец вырасціў 7 тысяч тон цыбулі. Сямён Барысавіч даў заданне мясцоваму кіраўніку “вертыкалі” заняцца ў раёне вырошчваннем часнаку. А. С. Шафарэвіч паабяцаў, што паспрабуюць і пачнуць з 5 гектараў.
Ішла размова аб набыцці сучаснай тэхнікі, якая палепшыць умовы працы. А больш за ўсё людзей хвалюе яшчэ узровень зарплаты і наяўнасці выхадных дзён у вёсцы. Сёння ўжо трэба думаць аб гэтым кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў. Вёсцы патрэбны маладыя кадры, якія жадаюць працаваць, добра зарабляць і адпачываць.
Вельмі правільна, што павысіўся дзяржаўны кантроль над прадпрыемствамі, якія перапрацоўваюць сельгаспрадукцыю. Кантрольныя пакеты акцый цяпер належаць дзяржаве і таму было вырашана павысіць закупачныя цэны на малако, а грошы пайшлі на будаўніцтва новых МТФ і жывёлаводам павысілі зарплату.
На прэс-канферэнцыі ішла гаворка і аб ролі рэгіянальнага друку, а таксама радыё і мясцовага тэлебачання. Начальнік фінансавага ўпраўлення  аблвыканкама Уладзімір Кунцэвіч запэўніў, што сродкі масавай інфармацыі Гродзеншчыны атрымаюць падтрымку з бюджэту, але і самі павінны старацца зарабляць грошы, цесна кантактаваць з фінансавымі аддзеламі на месцах.
Дарэчы, з удзелам Прэзідэнта краіны А. Р. Лукашэнкі  ў 1997 годзе рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі” адбыўся ў Мастах. І цяпер Сямён Барысавіч  у чарговы раз напомніў, што сёлета абласныя “Дажынкі” пройдуць у Навагрудку (выдзелена 35 млрд руб. для падрыхтоўкі). А рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі” на Гродзеншчыне ў наступны раз пройдзе ў Слоніме.
Тры гадзіны працягвалася прэс-канферэнцыя, але ўсе журналісты засталіся задаволены, бо кожны атрымаў задавальненне ад сустрэчы з кіраўніком абласной “вертыкалі” і ад цікавай і карыснай інфармацыі з першых вуснаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.