Жыццё, як казка, жыццё, як песня

Амаль 45 гадоў таму назад у рэспубліканскай газеце “Звязда” быў апублікаваны мой артыкул пад назвай “Маяк яго жыцця” пра старшыню калгаса “Ленінскі шлях” (зараз СВК “Цырын-Агра”) Івана Міхайлавіча Паўловіча. І вось праз столькі часу я ізноў наведалася ў дом Івана Міхайлавіча і Тамары Фёдараўны, каб паспрабаваць разгадаць сакрэт моцнасці і вартасці сямейнага тандэму (у студзені гэтага года яны адзначылі 60-годдзе сумеснага жыцця), які паслужыў галоўным падмуркам для прафесійнага ўдасканалення І. М. Паўловіча, стаўшага сапраўдным сынам карэліцкай зямлі, сімвалам гаспадарання для маладых кіраўнікоў, на якога раўняліся і раўняюцца сёння, у якога вучыліся і вучацца мудрасці, адказнасці, працавітасці, імкненню ісці ў нагу з патрабаваннямі часу. Захацелася праз прызму перажытага пераасэнсаваць лёс Паўловічаў, у якім, як у казках і песнях, пераплятаюцца выпрабаванні і радасці, цяжкасці і шчаслівыя імгненні.
Сваім знешнім і ўнутраным выглядам за прайшоўшыя 45 гадоў дом амаль не змяніўся: тая ж мэбля, тыя ж кніжныя паліцы, запоўненыя выданнямі рускіх, беларускіх і замежных аўтараў, з’явіўся хіба што сціплы іканастас у гасцёўні ды на адной са сценаў у ёй прыцягваюць увагу рамачкі з фотаздымкамі. На іх — гаспадары дома ў розныя гады жыцця з дзецьмі (дачка з зяцем, два сыны з нявесткамі), унукамі і праўнукамі — усіх 19 чалавек. Ды яшчэ — паркетная падлога, пацямнеўшая з гадамі, якую паклаў некалі сам Іван Міхайлавіч у якасці падарунка да 50-годдзя любімай і вернай сваёй палавінкі — Тамары Фёдараўны. Не знік і даўні дух гасціннасці ды сардэчнасці.
Не гналіся, відаць, у гэтай сям’і за новамоднымі бытавымі выкрутасамі, хаця б, канечне, маглі. Галоўным для іх было захаваць па прыкладу бацькоў цяпло дамашняга ачага, да якога б імкнуліся родныя, блізкія, сябры, прайсці дастойна складаную школу жыцця, пастаянна здаючы экзамен на права быць шчаслівымі, не здрадзіць абранаму з маладосці прынцыпу: тварыць дабро для людзей, быць добрасумленнымі і адказнымі ў адносінах да працы; сямейны лад мацаваць даверам, узаемаразуменнем, узаемавыручкай, узаемапавагай.
Школа жыцця Паўловічаў аказалася нялёгкай і няпростай… Далёкія 50-ыя гады. Пасля заканчэння Мар’інагорскага сельгастэхнікума прыехалі  маладыя спецыялісты па накіраванні ў Мірскае аддзяленне сельскай гаспадаркі колішняй Баранавіцкай вобласці. Яму — 22 гады, ёй — 20. Яго замацавалі аграномам за калгасам імя Сталіна, яе — за калгасам “Дружба”. У гарачыя перыяды сельгасработ прыходзілася прападаць у гаспадарках па цэлым тыдні. Жылі на кватэры ў в. Лукі. Выгодаў ніякіх, з мэблі ˜— ложак, стол, самаробная шафа ды некалькі табурэтак. Праз год па ўказанні Камуністычнай партыі накіравалі  Івана Міхайлавіча і Тамару Фёдараўну аграномамі на пастаянную работу ў Вобрынскую МТС: яго — у в. Вышкава, яе — у в. Лукі. Кватараваліся, ужо гадуючы сына Валодзю, у в. Далматаўшчына. Хатка старая, без падлогі, без электрычнага святла. Вечары бавілі пры газавай лямпе, ежу варылі на керагазе. Перамучыліся неяк адзін год, а калі нарадзілася дачушка Леначка, пераехалі ў в. Вышкава, каб бліжэй было дабірацца да месца работы. Умовы жыцця — тыя ж, але ўсё ж адчувалі сябе шчаслівымі, паспявалі спраўляцца з усімі клопатамі самі: і дзетак гадаваць, і ў полі завіхацца, і вучыцца завочна ў інстытуце. Мабыць, каханне і маладосць непадуладны выпрабаванням, ды й так жылі ўсе, цяжкасці ўмелі кампенсаваць маладой неўтаймаванасцю, прагай да жыцця.
У 1958 годзе райкам партыі накіроўвае таленавітага агранома Івана Міхайлавіча Паўловіча старшынёй калгаса “Ленінскі шлях” у в. Цырын. Зараз цяжка паверыць, што жыў старшыня з сям’ёй, дзе падрастаў ужо малодшы сынок Сярожа, у калгаснай канторы, у пакойчыку шырынёю каля чатырох метраў, насупраць якога размяшчалася бухгалтэрыя. Вось тады і пачалі будаваць свой дом.
З чаго пачаў сваю дзейнасць новы старшыня? З паляпшэння працоўнай дысцыпліны калгаснікаў. А для гэтага першым у раёне ўводзіць штомесячную аплату працы членаў калгаса, што адразу павысіла адказнасць людзей да сваіх абавязкаў. Галоўны накірунак развіцця гаспадаркі быў вызначаны на паляпшэнне вытворчасці якасных кармоў, што садзейнічала пашырэнню жывёлагадоўлі, адначасова вырашаючы пытанне нарыхтоўкі натуральнага ўгнаення. Вялікую ўвагу ўдзялілі развіццю меліярацыі, дзякуючы чаму ўзніклі новыя плошчы для нарыхтоўкі сена і магчымасць заняцца адкормам буйной рагатай жывёлы. У хуткім часе ў калгасе з’явіўся доўгачаканы прыбытак, які выкарыстоўвалі для паляпшэння матэрыяльнага стану людзей. Цырынцы ізноў такі сталі першымі ў раёне і, бадай, у вобласці, дзе за добрасумленную працу, адсутнасць парушэнняў дысцыпліны быў уведзены аплачваемы двухтыднёвы водпуск для калгаснікаў, дзе, пабудаваўшы цудоўны тыповы садок (з усімі выгодамі, з басейнам), увялі аплачваемы дэкрэтны водпуск для жанчын, адпрацаваўшых у гаспадарцы не менш 3 гадоў. У “Ленінскім шляху” была цікавая сістэма замацавання маладых кадраў: юнакам, якія адыходзілі ў армію, на  ашчадную кніжку пералічвалі па 120 рублёў у месяц. Вярнуўшымся пасля праходжання службы ў родны калгас, выдзялялі добраўпарадкаваную кватэру і ўручалі ашчадную кніжку, на рахунку якой ляжала кругленькая сума. Праблемы з кадрамі значна зменшыліся.
Немалы прыбытак прыносіў гаспадарцы пабудаваны ў в. Цырын кансервавы цэх для перапрацоўкі садавіны і агародніны, прадукцыя яго пастаўлялася на кандытарскія фабрыкі Беларусі і іншых рэспублік былога СССР. Папаўняў матэрыяльную скарбонку калгаса і адкрыты сумесна з Мінскім падшыпнікавым заводам цэх пластмасавых вырабаў, які наладзіў сувязь з маскоўскай парфюмернай фабрыкай “Зара” і вырабляў для яе кардонную тару для ўпакоўкі парфуму. Акрамя пэўнага прыбытку, вырашалася таксама пытанне занятасці насельніцтва ў зімовы час.
Гаспадарка моцна станавілася на ногі, на цэнтральнай сядзібе ў в. Цырын узняліся новыя шматпавярховыя дамы, быў узведзены шыкоўны будынак сярэдняй школы з рэдкай для таго часу з’явай — басейнам, куды прыязджалі падзівіцца і паплаваць жыхары з усяго раёна!
Трыццаць шэсць гадоў жыцця аддаў калгасу “Ленінскі шлях” Іван Міхайлавіч, перадаўшы яго потым, сабраўшыся на заслужаны адпачынак, свайму дамарошчанаму спецыялісту Анатолію Ханько. Праўда, адпачыць не давялося, яшчэ чатыры гады кіраваў І. М. Паўловіч суседнім калгасам “Варонча”. Праца яго адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, шматлікімі Ганаровымі граматамі, яго імя занесена ў раённую Кнігу Славы.
І заўсёды побач дарадцам, памочнікам была і ёсць Тамара Фёдараўна. Ні ў чым нідзе не падвяла мужа: выкладаючы ў Цырынскай СШ новы прадмет “Асновы сельскагаспадарчай вытворчасці”, арганізавала вучнёўскую вытворчую брыгаду, слава аб якой грымела на ўсю рэспубліку (трактар у якасці ўзнагароды брыгадзе як доказ таму); узначаліўшы пабудаваны ў вёсцы  Цырын дзіцячы садок, зрабіла яго ўзорным; узваліўшы на свае плечы загадванне кансервавым цэхам, давяла і яго да парадку. Туды, дзе патрабавалася найвялікшая самаарганізацыя, асабістая адказнасць, пасылаў старшыня сваю жонку, бо ведаў, родны чалавек не падвядзе, не спасуе перад цяжкасцямі. Нехта, бывала, хацеў бачыць у яе назначэннях нейкую матэрыяльную выгоду, але яны не звярталі ўвагі на плёткі, домыслы, проста дзялілі складанасці будняў пароўну. І так усё жыццё.
Нягледзячы на сталы ўзрост (як-ніяк, а ўжо за 80!), Іван Міхайлавіч працуе да сённяшняга дня загадчыкам вытворчасці навукова-вытворчага прадпрыемства “Ніка” (“Наука и картофель”), заснавальнікам якога стаў Беларускі дзяржаўны інстытут бульбаводства. Узначальвае “Ніку” малодшы сын І. М. Паўловіча Сяргей, селекцыянер, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Прадпрыемства арганізоўвае работу па вырошчванні і развядзенні суперэлітных сартоў бульбы (у асноўным ранніх), насенне іх потым дастаўляецца заказчыкам, інакш кажучы, “Ніка” забяспечвае насенным матэрыялам насельніцтва і гаспадаркі рэспублікі. Наладжана таксама цесная сувязь з Германіяй, адкуль завозяцца высокаякасныя сарты бульбы для апрабацыі і далейшага вырошчвання на палях Беларусі.
У Тамары Фёдараўны як у адмысловай гаспадыні спраў у доме хапае, і яна выконвае іх, як і заўсёды, на “выдатна”. А формулу шчасця іх сямейнага тандэму фармулюе проста і зразумела: “У сямейным жыцці галоўнае — давер, цярпенне, павага, уменне цаніць любімага чалавека, утульнасць, адчуванне ўвагі і любові з боку дзяцей і ўнукаў. Ды каб на стале заўсёды былі смачныя сняданак, абед, вячэра”.
Яно так і ёсць у жыцці прыгожых у сваім духоўным суладдзі людзей — Івана Міхайлавіча і Тамары Фёдараўны Паўловічаў. Жыцці, падобным на казку і песню. Няхай жа доўжыцца ваша шчасце, родныя!
Няхай поўніцца радасцю і ўзаемнасцю ваш гасцінны дом!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.