“А СВЕТ НАШ ХОЧА ЦІШЫНІ”

Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй у раёне адбыўся традыцыйны аўтапрабег “Ад помніка да помніка”, у якім  удзельнічалі прадстаўнікі выканаўчай і распарадчай улады, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, члены грамадскіх арганізацый “Белая Русь” і БРСМ, навучэнцы УА “Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесіянальны ліцэй”, жыхары населеных пунктаў.
Аўтапрабег стартаваў па чатырох маршрутах ад мемарыяльнага комплексу “Зорка” ў райцэнтры, дзе адбыўся мітынг і ўскладанне кветак.
На ім выступіў са словам на дарогу намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык, які сказаў: “Сёння ў дзверы кожнага ветэрана пастукаюць людзі, якія прыйдуць іх павіншаваць і падзякаваць за тую пераможную вясну, што прыйшла на нашу зямлю 67 гадоў таму назад.

Ветэранаў засталося вельмі мала. У нашым раёне жывуць толькі 88 удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, сем’яў загінулых і працаўнікоў тылу. Іх няшмат, і тыя, хто ў першыя дні вайны абыходзіўся без брытвы, маюць сёння па 83-84 гады, а старэйшыя франтавікі і таго больш, звыш 90 гадоў. Гэта людзі, якія праз усё жыццё пранеслі гора і мудрасць і данеслі гэту інфармацыю аб вайне да падрастаючых пакаленняў.
Радуе, што шэрагі членаў аўтапрабегу прадстаўлены рознымі пакаленнямі: ад вучнёўскай моладзі да прадстаўнікоў ветэранскіх арганізацый, Беларускага саюза афіцэраў, БРСМ, раённай арганізацыі ГА “Белая Русь.
У добры шлях аўтапрабег!”

Першы прыпынак удзельнікі аўтапрабегу чацвёртага маршруту зрабілі ля помніка загінулым воінам і землякам у вёсцы Палужжа, дзе ўрачысты мітынг-рэквіем адкрыў ветэран Узброеных Сіл В. І. Дробны, які гаварыў: “Дарагія ветэраны, жыхары Палужжа, школьнікі! Сённяшнім франтавікам і ўдзельнікам партызанскага руху 85 гадоў і больш. Радзеюць вашы рады, але мы не маем права забыць вайну і якой цаною яна нам дасталася. Адно неаспрэчна з таго часу — дружба народаў Савецкага Саюза, якая дапамагала выстаяць у гэтай бітве. У гэтай вайне загінуў кожны трэці беларус.
Сёння Прэзідэнт краіны, кіраўнік урада, мясцовая ўлада асаблівую ўвагу надаюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Вось і сённяшні дзень мы пачынаем з агітпрабегу. Наша задача — наведаць усе помнікі, ускласці кветкі і аддаць даніну павагі загінулым землякам, воінам і партызанам.
Дарагія ветэраны! Добрага вам здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця, поспехаў вам і вашым сем’ям. Са святам вас! З Днём Перамогі!”
Затым слова трымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны К. Д. Лагута:
— Дарагія ветэраны, землякі! — гаварыў Канстанцін Дзям’янавіч. — Я прайшоў вялікі баявы шлях. Удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. А 22 чэрвеня 1941 года мяне напаткала варожая куля на савецка-эстонскай мяжы.
Абараняў г. Ленінград і  дайшоў да Берліна, дзе і сустрэў Перамогу. Яе сустрэлі жывыя, а загінулым слава і вечная памяць.
Сваё 95-годдзе адзначу 20 мая. Не ведаю, колькі яшчэ пражыву, але жыў недарма і не шкадую аб гэтым.
Усяго вам добрага і самага светлага!
Ад імя сямі малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, якія жывуць у Малюшыцкім сельсавеце, выступіла А. І. Бондар. Яна зазначыла, што 9 мая для яе асаблівае свята і вельмі дарагое сэрцу. “У гэты дзень успамінаю аб тым, як у дзяцінстве была вывезена разам з мамаю, братамі і сёстрамі на прымусовую работу ў Германію. У лютым 1945 нас разам з іншымі  вязнямі вызваліла Чырвоная Армія. Бацька прайшоў усю вайну, біў фашыстаў, а потым змагаўся з мілітарысцкай Японіяй.
Такія сустрэчы як сёння, патрэбны для таго, каб моладзь ведала праўду пра вайну, якой цаною дасталася нам Перамога і наша мірнае жыццё”.
Ад імя дырэкцыі КСУП “Племзавод “Карэлічы” да ўдзельнікаў мітынгу звярнулася намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце А. І. Жданава, якая павіншавала ветэранаў са святам Перамогі і пажадала здароўя, бадзёрасці духу і падзякавала за гераізм і мужнасць дзеля міру і шчасця на зямлі.
Удзельнікі аўтапрабегу, ветэраны і актыў Малюшыцкага сельсавета ўсклалі кветкі да падножжа памятнага знака на полі Яна Фогеля, дзе быў смяротна паранены праслаўлены ваеначальнік, Герой Савецкага Саюза, камандзір 120-й гвардзейскай дывізіі генерал-маёр Я. Я. Фогель.
*   *   *
Мнагалюдна было ля помніка загінулым землякам у вёсцы Малюшычы.
Іх вітала кіраўнік спраў Малюшыцкага сельвыканкама Г. І. Межань, якая гаварыла: “…67 гадоў  аддзяляе нас ад Вялікай Перамогі. Няма ў нашай краіне сям’і, якую чорным крылом не закранула вайна.
Няўмольны бег часу. Радзеюць шэрагі ветэранаў, сведкаў тых грозных падзей: трагічных і адначасова гераічных. На вялікі жаль, іх засталося толькі трое і адзін працаўнік тылу. Але памяць і павага наша не зменшылася. Мы шануем вас і ганарымся вамі”.
Слова трымала начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В. В. Куляка:
— Дарагія ветэраны! Паважаныя жыхары Малюшыцкага сельсавета! — гаварыла яна.  — Дазвольце ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, ад імя ўдзельнікаў аўтапрабегу павіншаваць вас са светлым святам — Днём Вялікай Перамогі.
Гэта радаснае свята, але яно са слязамі на вачах. Дарагой цаною заплаціў савецкі народ за гэту перамогу. Неймаверныя страты панесла і наша Беларусь, у тым ліку і раён. Больш шасці тысяч нашых жыхароў загінулі ў гэтай вайне, 164 партызаны і падпольшчыкі, больш як 700 воінаў, больш тысячы нашых землякоў былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію.
Усё менш застаецца з намі ўдзельнікаў тых драматычных падзей, таму трэба запісаць іх успаміны для нашай гісторыі. Гэта абавязак дарослых і школьнікаў. Бо толькі сёлета ў раёне выяўлены пахаванні часоў вайны ў вёсках Крынічнае і Возерскае. І зараз важна наладзіць цеснае ўзаемадзеянне райваенкамата і маладзёжных пошукавых атрадаў па вывучэнні акалічнасцей гэтых пахаванняў.
Паважаныя ветэраны! Нізкі паклон вам за ўсё, што вы зрабілі для нас, за Перамогу, за мір і спакой, заваяваныя  вамі для будучых пакаленняў. Здароўя вам і вашым блізкім.
Затым сваімі ўспамінамі падзялілася з удзельнікамі мітынгу былы малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў А. М. Гоцка:
— Дзень Перамогі мы адзначаем, калі абуджаецца прырода, калі ўсё ажывае.
Я з дзяцінства люблю май, вясну і нашу прыроду і хачу сказаць маладым, што вы нідзе не знойдзеце прыгажэйшых мясцін, чым у Беларусі. Таму вучыцеся любіць і шанаваць родны кут, дзе вы нарадзіліся, вучыцеся. Жывіце, цаніце зямлю бацькоў, дзядоў і прадзедаў.
У маленстве мне прыйшлося быць у фашысцкіх засценках. Аб гэтым цяжка ўспамінаць і гаварыць. Чалавек нараджаецца, каб жыць, быць творцай, а там нашылі на нас паметкі аб тым, што мы вязні, што мы ніжэйшая нацыя. Як гэта было крыўдна і балюча, як гэта страшна. Таму любіце радзіму і цаніце яе. А цяпер галоўнае для вас: здабываць веды, быць адукаванымі, добрымі, справядлівымі. Ад вас залежыць далейшае наша жыццё. Лёс краіны ў вашых руках.
Са святам вас!
*   *   *
На мітынгу ў вёсцы Баранавічы выступіла сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Г. А. Ульянка, якая, звяртаючыся да вучняў мясцовай школы, падкрэсліла, што сённяшнія школьнікі — гэта ўжо трэцяе пасляваеннае пакаленне.
— Цаніце тое, — гаварыла яна, — што вы яшчэ можаце сустрэцца з людзьмі , якія ваявалі. Хутка іх будзе вальмі мала, таму скарыстайце  магчымасць пагутарыць з імі, запішыце, сфатаграфуйцеся з імі, няхай памяць прадаўжаецца, няхай вашы дзеці пачытаюць потым гэтыя ўспаміны і паглядзяць гэтыя здымкі.
Хочацца, каб вы надавалі больш увагі ветэранам. Для іх гэта як бальзам на душу. Яны жадаюць пагутарыць, дапамажыце ім усім, чым вы можаце.
Са святам усіх Вас!
*   *   *
Мітынг-рэквіем у вёсцы Варонча адкрыў старшыня Варанчанскага сельвыканкама С. П. Баранаў, а спецыяльны, святочны літмантаж падрыхтавалі вучні мясцовай школы, які быў прысвечаны ветэранам і светламу Дню Вялікай Перамогі.
Удзельнікаў мітынгу віншавалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В. В. Куляка, ветэран Узброеных Сіл В. І. Дробны і С. П. Баранаў, які ўручыў ветэранам віншавальныя паштоўкі.
Пра сваю баявую маладосць расказаў удзельнік баявых дзеянняў з мілітарысцкай Японіяй І. М. Тур.
Іван Маркавіч падзякаваў кіраўніку дзяржавы, ураду, райвыканкаму сельвыканкаму, праўленню СВК “Свіцязянка-2003” за клопат і ўвагу да ветэранаў, аказваемую дапамогу.
Мнагалюдна было на мітынгу, які праходзіў на мемарыяльных могілках у Цырыне. Яго адкрыла старшыня сельвыканкама Л. Ф. Атрашкевіч, якая, звяртаючыся да прысутных, зазначыла, што яшчэ ў мінулым годзе на аналагічным мерапрыемстве прысутнічалі ветэраны, а сёння з трох застаўшыхся няма ніводнага, бо па стану здароўя не змаглі прыбыць на мітынг.
Любоў Фёдараўна выказала словы ўдзячнасці ўдзельнікам вайны, працаўнікам  тылу, хто цаною ўласнага жыцця абараніў, адстаяў наша мірнае неба, спакойнае жыццё і пажадала ўсім, каб ніколі больш не было вайны, горычы страт. Міру дабрабыту і спакою вам.
Затым слова трымаў намеснік старшыні райвыканкама І. Р. Лазарэвіч:
— Савецкі салдат, распісаўшыся на сценах рэйхстага, паставіў кропку ў самай кровапралітнай вайне за ўсю гісторыю чалавецтва, — гаварыў ён. — Мільёны жыццяў былі пакладзены на алтар нашай Вялікай Перамогі. Беларусь страціла кожнага трэцяга чалавека. На вялікі жаль ветэраны сёння не прысутнічаюць тут, але мы павінны помніць пра іх, вучыцца ў іх жыццю, любіць гэта жыццё.
Мы з пакалення, якое вырасла, не зведаўшы гора вайны, з удзячнасцю адносімся да іх заслуг. Хочацца пажадаць ім здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця.
Сваімі ўспамінамі пра ваеннае ліхалецце падзяліліся з прысутнымі былы малалетні вязень Азарыцкага канцлагера П. П. Сачыўка і стараста вёскі Цырын І. М. Паўловіч.
Акрамя вышэйназваных населеных пунктаў, дзе адбыліся мітынгі, аўтапрабегу па чацвёртым маршруце наведалі помнікі загінулым землякам, воінам і партызанам у вёсках Руднікі, Забердава, Райца і Кайшоўка.
*   *   *
Удзельнікі аўтапрабегу (маршрут № 3) прысутнічалі на мітынгу, што адбыўся ў вёсцы Сіняўская Слабада. Словы ўдзячнасці прыйшоўшым на ўрачыстасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ад імя мясцовай улады выказаў старшыня Ярэміцкага сельвыканкама П. А. Наумовіч і павіншаваў усіх сабраўшыхся з 67-й гадавінай Перамогі над фашызмам. «На жаль, — адзначыў Пётр Анатольевіч, — сёння ў страі ветэранаў засталося няшмат. У нашай пярвічнай ветэранскай арганізацыі іх 13. І мы імкнёмся зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб ваша жыццё стала лепшым и лягчэйшым. Мы заўсёды будзем памятаць пра ваш самаадданы подзвіг у імя міру на зямлі».
З віншавальнымі словамі да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І. А. Богуш:
— У нашым раёне на сённяшні дзень пражываюць 88 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Мы праяўляем пастаянны клопат пра іх: гэта і матэрыяльная дапамога на аздараўленне, і магчымасць паправіць здароўе ў гарпасялковай бальніцы ў камфартабельнай палаце.  Калі ёсць патрэба ў пасадцы і ўборцы ўраджаю, праўленне гаспадаркі заўсёды ідзе насустрач. Ветэраны — гэта людзі, якія сваёй мужнасцю і сёння з’яўляюцца прыкладам для падрастаючага пакалення, гэта людзі, якія заваявалі для нас мірнае неба. У нашых сэрцах памяць аб вашым подзвігу будзе жыць вечна. Менавіта такая добрая традыцыя, як аўтапрабег «Ад помніка да помніка» дазваляе нам яшчэ раз сказаць вам вялікі дзякуй за той Пераможны май. Жадаю вам моцнага здароўя, каб вашы дамы былі заўсёды сагрэты цяплом вашых родных и блізкіх.
Са святам ветэранаў вайны павіншавалі таксама і вучні Ярэміцкай сярэдняй школы. Затым удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да помніка воінам-вызваліцелям і воінскіх пахаванняў.
Далей маршрут аўтапрабегу пралёг праз вёскі Ярэмічы, Пагарэлка, Новае Сяло, Лядкі, Краснае, Пагор’е, Тударава, Горная Рута, дзе да кожнага помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны былі ўскладзены вянкі і кветкі.
Куды б ні йшоў, ні ехаў ты,
А тут спыніся,
Магіле гэтай дарагой
Усім сэрцам пакланіся…

Гэтыя вершаваныя радкі не раз усплываюць у памяці і прымушаюць задумацца. І сапраўды, трэба памятаць пра тых, хто змагаўся з ворагам і заваяваў мір на зямлі.
Накіроўваючыся ў аўтапрабег “Ад помніка — да помніка” і наведваючы святыя месцы,  у чарговы раз прыходзіш да высновы: жыць пад мірным небам — вялікае шчасце. Майская прыгажосць кранае сэрца, узвышае пачуцці, і ты радуешся новаму дню. Мы накіроўваемся па другім маршруце  аўтапрабегу. Кіраўнік групы — намеснік ваеннага камісара раёна С. П. Бурак.  
Мы наведваем вёску Крынкі, дзе да помніка загінулым воінам ускладваем кветкі.
Вёска Лукі. Ля помніка загінулым воінам шматлюдна:  тут сабраліся ўсе — ад старога да малога. У руках прысутных — кветкі.  Далучаемся да ўдзельнікаў мітынгу. Ён праводзіцца пад назвай “Вечны агонь, як вечная памяць” і прысвячаецца Дню Перамогі.
Слова для яго адкрыцця прадастаўляецца старшыні Лукскага сельвыканкама Л. І. Ваўчок. Людміла Іванаўна адзначае, што многія ўдзельнікі  вайны не дажылі да гэтага  ўрачыстага дня, на тэрыторыі сельсавета засталося толькі сем ветэранаў, якім удзячны за мірнае неба над галавой і шчаслівы сённяшні дзень.
Старшыня СВК “Лукі-Агра” М. А. Гавіна ад імя праўлення сельгаскааператыва віншуе з Днём Перамогі, жадае ўсім здароўя, а маладой змене — захоўваць памяць пра ветэранаў і быць дастойнымі прадаўжальнікамі іх спраў. “Каб ніколі не паўтарыліся жахі вайны”, — зазначае Мікалай Аляксандравіч. Старшыня гаспадаркі ўручае падарункі ветэранам вайны Івану Аляксеевічу Шастаку і Паўлу Маркавічу Крапіўніцкаму.
Увазе прысутных на мітынгу прадастаўляецца выступленне ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”. Яно ўражвае да глыбіні душы, ахоплівае гонар за выканаўцаў, юнакоў і дзяўчат, — падрастае дастойная змена.
Да ветэранаў і ўдзельнікаў мітынгу звяртаецца старшыня раённага савета ветэранаў Н. С. Яфрэмава:
— “Мы хочам, каб ветэраны жылі доўга, радаваліся кожнаму дню, а мы не забывалі і наведвалі іх, — гаворыць Ніна Сяргеўна і жадае здароўя і даўгалецця, і каб заўсёды на зямлі быў мір.
На франтах загінула 150 воінаў-землякоў і 40 мірных жыхароў расстралялі нямецка-фашысцкія захопнікі. Іх памяць ушаноўваецца хвілінай маўчання.
Без хвалявання немагчыма слухаць пранікнёныя словы вядучых. Кранаюць і музычныя творы, якія дораць прысутным Аляксей Анцух і Яна Яцкевіч. “Ахоўвай вас Бог, і няхай з вамі будуць Надзея, Вера і Любоў,”— гучаць словы з песні.
Удзельнікі мітынгу ўскладваюць кветкі да помніка.
Мы працягваем шлях і накіроўваемся ў вёску Любанічы. Спяшаемся да ветэрана вайны Сцяпана Кліменцьевіча Дубко, каб выказаць  яму словы ўдзячнасці за наша шчаслівае жыццё пад мірным небам. Віншуем ветэрана з Днём Перамогі і ўручаем падарунак ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Наведваем у гэты дзень і вёску Жухавічы. Ля помніка загінулым воінам і брацкай магілы праводзіцца мітынг-рэквіем “Пад белымі крыламі міру”. Тут слова трымаюць намеснік старшыні СВК па ідэалагічнай рабоце А. А. Рамановіч, завуч па выхаваўчай рабоце Жухавіцкай СШ Я. М. Чычкан, вучаніца 11 класа, член БРСМ Юлія Коўзусь.
Удзячныя нашчадкі ўскладваюць кветкі да помніка.
Мы, удзельнікі другога маршруту аўтапрабегу “Ад помніка — да помніка”, пабывалі ў гэты дзень у Асташыне, Крышылоўшчыне, Кожаве, Радуні, Пясочнай і ўсклалі кветкі да помнікаў. Нізкі вам паклон, абаронцы Айчыны!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.