БРАТЫ КУПРАСЫ

Вёска Палужжа сустрэла белізной вішань, чырванню цюльпанаў, сонечнасцю дзьмухаўцоў… Гармонія ў прыродзе прадвяшчала цікавыя сустрэчы. І чаканне не падвяло: браты Купрасы аказаліся добрымі субяседнікамі.
Сумленныя, шчырыя, працавітыя, яны прыжыліся на палужскай зямлі. У іх сем’ях — давер і павага, усяму добраму навучалі і дзяцей, якія ўжо вызначыліся ў жыцці.

СУСТРЭЧА
ПЕРШАЯ

Мікалай Рыгоравіч мясцовы. Вучыўся з шасці гадоў у Палужскай школе, закончыў восем класаў. Больш магчымасці не было — маці засталася адна, бацька загінуў на фронце. Пасля школы хадзіў на працу ў калгас, быў паштальёнам, а затым — прычэпшчыкам у мясцовай гаспадарцы.

У 1958 годзе пайшоў служыць у армію. Службу праходзіў у Германіі. Вярнуўся ў 1961 годзе і паступіў у Навагрудскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Закончыў яго і ўладкаваўся ў калгас “Зара камунізму”, дзе працаваў з 1963 па 1971 год. У гэтым жа годзе калгас аб’ядналі з саўгасам “Карэлічы”, гаспадарка праіснавала да 1973 года і была перайменавана ў племзавод “Карэлічы”. Тут і адпрацаваў да выхаду на пенсію.
Выконваў розныя работы: сеяў лён і збожжавыя, садзіў бульбу, даглядаў пасевы, уносіў мінеральныя ўгнаенні, касіў злакавыя травы…
— Калі робіш і ў цябе атрымліваецца, то маеш ад гэтага задавальненне, — зазначае суразмоўца. — Ведаў усе палі, кожны кавалачак зямлі. За маёй працай не трэба было сачыць, дзённую норму выпрацоўкі выконваў.
Мікалай Рыгоравіч з людзьмі ніколі не сварыўся і злосці ні на каго не трымае. Мяркуе, калі робіш дабро, то і дабром адгукнецца. Дрэннага слова ад яго ніхто ніколі не чуў, гэтаму вучыў і дзяцей.
Надзейным сябрам аказалася спадарожніца жыцця Яўгенія Сямёнаўна. Жанчына не сядзела склаўшы рукі — была даяркай, узначальвала льнаводчае звяно, загадвала зерняскладам, аператарам пральнага камбіната. Усюды старалася паспець і ўсё своечасова зрабіць: і на рабоце, і дома. Трымалі з мужам асабістую гаспадарку: дзве каровы, свінні, куры. Цяпер таксама прадаўжаюць увіхацца ля дому.
Мікалай Рыгоравіч і Яўгенія Сямёнаўна выхавалі чацвёра дзяцей, якія знайшлі свае накірункі ў жыцці. Валерый жыве ў Днепрапятроўску (Украіна), ён — ваенны, палкоўнік. Зою лёс закінуў у Астравецкі раён, вёску Альхоўку, дзе працуе медсястрой у дзіцячым садзе. Іван прыжыўся на Карэліччыне і з’яўляецца начальнікам пажарна-аварыйнага выратавальнага паста № 11 в. Ярэмічы. Вольга — прадпрымальнік у  г. Мінску. На радасць растуць 7 унукаў і праўнучка Сафія.
Дом у сям’і Купрасаў прыгожы і дагледжаны. Тут прыкладзены рукі гаспадароў і іх дзяцей. Радуюць вока кветкі ў хаце і двары.

СУСТРЭЧА
ДРУГАЯ

Аляксандр Рыгоравіч і Зінаіда Уладзіміраўна ўвіхаліся на агародзе. І яно было не дзіўна застаць іх за спрадвечнай сялянскай справай — самы час для работы ды надвор’е спрыяла гэтаму. І гаворка атрымалася, няхай нядоўгай, але шчырай.

Аляксандр Рыгоравіч працаваў прычэпшчыкам у мясцовай гаспадарцы, а вось з 1956 па 2000 гады — трактарыстам. Праз яго рукі “прайшлі” ўсе маркі — ад МТЗ-2 да МТЗ-80. Араў, сеяў, касіў…
— Шчыраваць прыходзілася ў дзве змены, — успамінае хлебароб. — Трэба было рана ўстаць, каб наганяць радоў бульбы. Ды і ў абедзены перапынак паспець зноў усё своечасова зрабіць, каб і ў другой палове дня праца ў вяскоўцаў спорылася. Таксама лён ірваў, малаціў у полі…
Жонка Зінаіда Уладзіміраўна хадзіла ў паляводства, працавала на іншых работах. А дома — вялікі прысядзібны ўчастак, да якога абодва гаспадары стараліся прыкласці рукі. Зараз таксама прадаўжаюць садзіць бульбу і агародніну, каб мець сваё і неабходнае.
З задавальненнем бацькі расказвалі пра сваіх дзяцей і ўнукаў. Дачка Марына ў Астраўцы працуе медсястрой, Таццяна — намеснікам дырэктара па вытворчасці ў “Мірскіх узорах”, Андрэй — сталяром у адным з ЖЭСаў     г. Гродна. Унук Саша служыць у арміі, унучка Вольга вучыцца ў БНТУ г. Мінска, а Жэня, Аляксандра і Алег — школьнікі.
Праца Аляксандра Рыгоравіча адзначана высокімі ўзнагародамі — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, малым сярэбраным медалём ВДНГ.

СУСТРЭЧА
ТРЭЦЯЯ

Уладзіміру Рыгоравічу давялося рана спазнаць працу на зямлі. У дванаццаць гадоў ужо ўмеў араць. Рабіў і па гаспадарцы, бо быў старэйшым сярод братоў у сям’і. Выконваў і іншыя работы: дровы і торф нарыхтоўваў — вяскоўцы займаліся гэтай патрэбнай у той час справай.
Вось толькі прафесію выбраў іншага накірунку — працаваў кінамеханікам у Тудараве, Горнай Руце і Палужжы. За працу ўзнагароджваўся граматамі, яму прысвоена званне “Выдатнік кінематаграфіі СССР”.

Спадарожніца жыцця Марыя Мікалаеўна некалькі гадоў працавала побач з мужам — памочнікам кінамеханіка. Хаця была і ў паляводстве, цялятніцай на ферме “Палужжа”. Усе вясковыя работы ўмела рабіць, з маленства да іх прывучана.
Пра работу кінамеханіка муж і жонка Купрасы гаварылі з задавальненнем.
— Людзі ў той час хадзілі ў кіно, — успаміналі яны. — Паказвалі па два сеансы. Фільмы дэманстраваліся на шырокім экране. Помняцца “Свадьба в Малиновке”, “Фантомас”, “Есения”, на якія збіралася шмат людзей. Гэтыя фільмы не маглі надакучыць, яны падабаліся гледачам і выклікалі цікавасць, жадаючых паглядзець было шмат.
Амаль пяцьдзесят гадоў крочаць па жыцці разам Уладзімір Рыгоравіч і Марыя Мікалаеўна. Радуюцца кожнаму пражытаму дню і чакаюць вестачак ад дзяцей і ўнукаў. Яны ўжо даўно выраслі і выбралі свае дарогі ў жыцці. Алена працуе галоўным бухгалтарам у КУКП “Карэлічыкінавідэасетка”, Сярожа на шклозаводзе ў Бярозаўцы, а Ірына — медсястрой у Ашмянах. Бабулю і дзядулю радуюць 6 унукаў і праўнук Ягор. Няхай шчасце назаўсёды паселіцца ў іх дамах!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.