Беларускі шлях: патрыятызм, інтэлект, прагрэс

Беларусі неабходны моцны і імклівы рывок наперад. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 мая, звяртаючыся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
“Нашы асноўныя прынцыпы і наш шлях нязменныя. Але гэта не значыць, што Беларусь назаўсёды застанецца ранейшай. Мяняецца час, і трэба смела ісці далей. Мы не павінны адстаць! Неабходны моцны, імклівы рывок наперад. Гэта датычыцца ўсіх сфер жыццядзейнасці дзяржавы. І перш за ўсё фундаменту — эканомікі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, каб надаць новую якасць усёй эканамічнай дзейнасці, у бліжэйшай перспектыве трэба сканцэнтраваць намаганні на некалькіх асноўных напрамках. Сярод іх мадэрнізацыя эканомікі, прыцягненне прамых інвестыцый, рост даходаў насельніцтва, павышэнне эфектыўнасці кіравання эканомікай, падтрыманне стабільнасці беларускага рубля, нарошчванне экспарту, імпартазамяшчэнне і эканомія, развіццё навукі і інавацый, аграпрамысловага комплексу, жыллёвага будаўніцтва.

Прэзідэнт лічыць, што ні ў якім разе нельга дапусціць манапалізацыі ўнутранага спажывецкага рынку буйнымі гандлёвымі сеткамі або цэнавай змовы паміж імі. “Разам з гіпер- і супермаркетамі павінны развівацца невялікія прыватныя і дзяржаўныя магазіны, аб’екты “крокавай даступнасці”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Больш таго, адносна буйных гандлёвых сетак трэба прыняць і сацыяльныя абцяжарванні. Праграмы дысконтных картак для пенсіянераў, шматдзетных сем’яў, інвалідаў павінны стаць абавязковай умовай іх прысутнасці на нашым унутраным рынку”.
Кіраўнік дзяржавы даручыў губернатарам, асабліва старшыні Мінгарвыканкама, узяць гэтыя пытанні пад асабісты кантроль.
Прэзідэнт запатрабаваў дабіцца сярэдняй заработнай платы да канца года ў эквіваленце $500. “Мы павінны арыентаваць усе рэгіёны краіны, усіх кіраўнікоў, каб гэта задача была выканана”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў: “Наўрад ці ў бягучым годзе ўдасца дабіцца таго, каб зарплата $500 была ва ўсіх беларусаў, але выйсці на паказчыкі сярэдняй заработнай платы павінны, і мы ўжо недалёка ад гэтага”. Тэмп росту эканомікі сведчыць аб тым, што да канца бягучага года Беларусь можа выйсці на гэты ўзровень, перакананы кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неэфектыўную работу па прыцягненні перш за ўсё прамых замежных інвестыцый. “Гаворым мы пра гэта шмат, а толку мала. Здаецца, ёсць інвестары, асобныя праекты, але ў цэлым усё гэта — кропля ў моры, — заявіў Прэзідэнт. — Акрамя саміх сябе вінаваціць тут няма каго. Да нас хочуць ісці, укладваць грошы. Замежных бізнесменаў прыцягвае стабільнасць у Беларусі, наша прыстойнасць і надзейнасць, нізкі ўзровень карупцыі. Аднак сцяна бюракратызму і абыякавасці, з якой яны сутыкаюцца ў выканкамах і міністэрствах, адбівае ўсялякае жаданне інвеставаць”.
Прэзідэнт запатрабаваў ад членаў урада, прадстаўнікоў выканкамаў, усіх кіраўнікоў радыкальна змяніць стыль і метады работы з інвестарамі — як з замежнымі, так і з беларускімі.
Важным крокам у гэтым напрамку таксама з’яўляецца чаканае прыняцце закона “Аб інвестыцыях”. Прэзідэнт папрасіў дэпутацкі корпус уважліва падысці да гэтага дакумента.
Мадэрнізацыя эканомікі — задача не толькі дзяржаўнага сектара, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У яе вырашэнне неабходна ўключыць увесь айчынны бізнэс і максімум замежных інвестараў. “Ураду, усёй выканаўчай вертыкалі ўлады і кіраўнікам прадпрыемстваў неабходна радыкальна мяняць псіхалогію. Мадэрнізацыя не азначае шчодры паток дзяржаўнага фінансавання, нярэдка пад бяздумную закупку абсталявання або будаўніцтва заводаў, чыя прадукцыя потым нікому не патрэбна. Ёсць праект або ідэя — шукайце пад яе інвестара. Угаворвайце яго, стварайце для яго ўмовы. Прычым інвестыцыі павінны быць прамымі, а не замаскіраванай формай крэдыту”, — падкрэсліў Прэзідэнт.
“Даручаю кожнаму члену ўрада, падкрэсліваю, кожнаму, старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама ўзяць пад асабістую адказнасць рэалізацыю некалькіх праектаў, пад якія прыцягваюцца прамыя інвестыцыі. Гэта павінны быць буйныя праекты, якія кардынальна мяняюць вытворчае аблічча нашай краіны. Калі першая асоба міністэрства або рэгіёна будзе весці канкрэтны праект, то значна лепш убачыць праблемы, з якімі сутыкаецца інвестар”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка асобна адзначыў перавагі, якія атрымала Беларусь ад стварэння Адзінай эканамічнай прасторы. “З 2012 года мы сталі працаваць у роўных умовах з нашымі партнёрамі па Мытным саюзе. Прыкладна ў роўных. Гэта не тое, што было год ці два таму, — адзначыў Прэзідэнт. — Палітычнае кіраўніцтва краіны вырашыла галоўную задачу: двухразовае зніжэнне цэн на асноўны энергарэсурс, які паступае ў краіну, — прыродны газ. Урэгулявала пытанні супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у нафтавай сферы”.
“Дасягнутыя дамоўленасці па цэнах на энергарэсурсы — гэта не падачка і не субсідыі, як спрабуюць прадставіць асобныя “свядомыя”. Гэта базавыя ўмовы функцыянавання Адзінай эканамічнай прасторы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці аднаго з важнейшых напрамкаў у развіцці беларускай эканомікі кіраўнік дзяржавы назваў стабільнасць беларускага рубля. “Курс нашай валюты паступова і спакойна ўмацоўваецца.
Больш таго, сёння на экспарт неабходна накіроўваць не менш як 65 працэнтаў ад вырабленай прадукцыі. Са з’яўленнем Адзінай эканамічнай прасторы ўсе ўмовы для гэтага створаны”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Але абмяжоўвацца АЭП нельга. Дзейнічаць трэба маштабна, па ўсім свеце, там, дзе дзяржаве гэта цікава, падкрэсліў ён. “На новыя рынкі трэба выходзіць не разрознена, а адзіным фронтам. Спачатку — вывучэнне кан’юнктуры пад эгідай МЗС і Мінгандлю. Затым — дэсант з прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў пры падтрымцы ўрада. Арганізацыя стабільнай работы праз гандлёвыя дамы і суб’екты ўласнай тавараправоднай сеткі. Не трэба кожнаму вытворцу ісці паасобку, усё павінна каардынавацца з аднаго цэнтра”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Даручаю ўраду па кожнай дзяржкарпарацыі выпрацаваць стратэгію развіцця і інтэграцыі ў сусветную эканоміку, кааперацыі з асноўнымі партнёрамі. У першую чаргу гэта датычыцца тых аб’яднанняў, дзе ўнутраных рэсурсаў развіцця недастаткова, а рынкі канчатковай прадукцыі высокаканкурэнтныя”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін з немалаважных напрамкаў эканамічнага развіцця — укараненне сучасных механізмаў стымулявання рэсурсазберажэння. “У 2012 годзе мы павінны забяспечыць зніжэнне матэрыялаёмістасці прадукцыі ў прамысловасці не менш чым на 2 працэнты, энергаёмістасці ВУП — на 3 працэнты, што сэканоміць амаль 1,5 млн тон умоўнага паліва. Кошт пытання — $1 млрд”, — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні закрануў і такую сацыяльна значную тэму, як жыллёвая палітыка. “У 2012 годзе варта кардынальна павысіць эфектыўнасць дзяржаўнай жыллёвай палітыкі”, — заявіў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, падтрымку “прамым рублём” за кошт дзяржавы атрымаюць толькі канкрэтныя катэгорыі грамадзян. “Па ўсіх заключаных дагаворах ільготнага крэдытавання дзяржава выканае свае абавязацельствы. Указ падпісаны, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Астатнім, як кажуць у народзе, “трэба даць не рыбу, а вуду. І прынцып просты — кожны чалавек павінен мець магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы, але льготнае, а ў многіх выпадках бясплатнае жыллё атрымаюць тыя, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу: шматдзетныя сем’і, людзі, аб’ектыўна абмежаваныя ў даходах, і тыя, хто нясе павышаную адказнасць перад грамадствам”.
Для тых, у каго грошы ёсць і хто можа іх зарабіць, будуць створаны самыя шырокія магчымасці вырашэння жыллёвага пытання. Яны даўно вядомыя ў свеце — іпатэчнае крэдытаванне, жыллёвыя будзберажэнні і іншыя інструменты.
Закрануў у выступленні кіраўнік дзяржавы і тэму ўзаемаадносін Беларусі з Захадам.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “ў Еўрасаюзе разумеюць, што ў Беларусі не менш дэмакратыі, чым на Захадзе”. “Беларусь часта крытыкуюць звонку за быццам бы недастатковую дэмакратычнасць. Гэтыя абвінавачанні даўно сталі рытуальнымі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Яны нас публічна крытыкуюць, б’юць, выціраюць аб нас ногі, але на самай справе ісціна іншая: яны любяць нашу краіну, цэняць яе і гавораць, што тут, у Беларусі, дэмакратыі не менш, чым у іх”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля выбараў 2010 года Беларусь разлічвала ісці тым жа шляхам — паглыбляць дыялог з Еўропай, ЗША, развіваць так званую грамадзянскую супольнасць, унутрыпалітычны дыялог, удасканальваць палітычную сістэму.
“Але Захад і наша пятая калона вырашылі інакш. Яны не проста адмовіліся ад дыялога, але пачалі атаку на нашу краіну праз націск і санкцыі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. “Спадзяюся, што сёння многія пераканаліся — гэта шлях у тупік”, — дадаў ён.
“З-за дзіўнай еўрапейскай палітыкі страчана шмат часу, але наша пазіцыя застаецца ранейшай — мы гатовы да дыялога”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Прэзідэнт пацвердзіў, што Еўрапейскі саюз з’яўляецца адным з важнейшых вектараў для Беларусі. “Эканамічна, ды і палітычна Беларусь і Еўрасаюз з’яўляюцца важнымі адзін для аднаго партнёрамі. Па экспарце Еўрасаюз выступае для нас партнёрам нумар адзін, па агульным тавараабароце — нумар два пасля Расіі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён дадаў, што нельга забываць і аб іншых важных сферах узаемадзеяння — спыненні нелегальнай міграцыі, наркатрафіку, кантрабанды, уключаючы незаконны абарот ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў і зброі, забеспячэнне бяспекі граніц.
“Цяпер зноў многія “аналітыкі” круцяць старую пласцінку: вы туды ці вы сюды? Вы з тымі ці з гэтымі? “Арэлі” гэта ці не?” — адзначыў Прэзідэнт.
На яго думку, усё гэта ўстарэлыя падыходы, прымітыўнае мысленне. “Разумныя палітыкі разумеюць: няма ніякіх “арэляў” — ёсць аб’ектыўныя інтарэсы краіны, якія дыктуюцца сённяшнім днём і будучым”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
“А стратэгічнае будучае ў тым, што два вялікія саюзы не павінны быць варожыя адзін аднаму. Яны павінны не дзяліць кантынент, а аб’ядноўваць яго”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Зыходзячы з гэтага, Беларусь вылучае ідэю інтэграцыі інтэграцый. Яе мэта — стварэнне агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока”, — заявіў Прэзідэнт, дадаўшы, што аб гэтым гаворыць і цяперашні Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта для гэтага па прапанове Беларусі саміт кіраўнікоў дзяржаў АЭП у снежні 2011 года ў Маскве прыняў рашэнне аб мэтазгоднасці прапрацоўкі ўзаемадзеяння Адзінай эканамічнай прасторы і Еўрасаюза. Беларускую ініцыятыву падтрымалі партнёры па АЭП.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь не можа адмовіцца ад сваіх базавых прынцыпаў. “Стабільнасць у грамадстве і дзяржаве — наша самая важная каштоўнасць. Многія зайздросцяць Беларусі менавіта таму, што ў нас няма разладу, канфліктаў і палітычных узрушэнняў. Мы гэтага не хочам і мы гэтага не дапусцім любой цаной”, — падкрэсліў Прэзідэнт.
У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што стабільнасць ні ў якай меры не азначае застой. “Мы нацэлены на далейшае паслядоўнае і спакойнае ўдасканаленне грамадска-палітычнага жыцця ў нашай Беларусі”, — заявіў ён.
“Гарантую, што маючая адбыцца выбарчая кампанія пройдзе на высокім узроўні і ў строгай адпаведнасці з законамі і Канстытуцыяй нашай краіны. Ні кроку ўлева-ўправа, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Нічога мы мяняць напярэдадні маючых адбыцца парламенцкіх выбараў не будзем”.
Прэзідэнт лічыць, што Беларусі патрэбна далейшае развіццё палітычнай сістэмы. Ён заўважыў, што абнаўленне, якое дыктуе жыццё, непазбежна закранае ўсе сферы дзяржавы і грамадства. “Відавочна, што будзе ўзмацняцца роля палітычных партый. І мы павінны прыйсці да нармальнай цывілізаванай партыйнай сістэмы. Магчыма, па меры ўмацавання партыйных структур мы будзем гатовы для пераходу на змешаную выбарчую сістэму, у тым ліку тую, якая прадугледжвае выбары па партыйных спісах”, — не выключыў Аляксандр Лукашэнка.
“Беларусі не патрэбны рэвалюцыі і ўзрушэнні, якія вядуць да хаосу, разрухі і крыві”, — адзначыў Прэзідэнт.
Яшчэ адной важнай тэмай, на якой акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, з’яўляецца развіццё інфармацыйных тэхналогій. Па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, для Беларусі бурнае развіццё інтэрнэту адкрывае выдатныя перспектывы.
“На працягу тысячагоддзяў галоўным багаццем чалавецтва была зямля. З надыходам эры капіталізму перавага была аддадзена грошам. Але ў апошняй чвэрці мінулага стагоддзя чалавецтва ўступіла ў новую эпоху — эпоху інфармацыйнага грамадства”, — сказаў Прэзідэнт.
“Некалькі гадоў таму мы ўбачылі адставанне і ўшчыльную заняліся гэтымі пытаннямі. За апошнія два гады нам удалося значна рушыць наперад”, — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы таксама, што, паводле інфармацыі ААН, у развіцці тэлекамунікацыйнай інфраструктуры Беларусь зрабіла сапраўдны рывок — перамясцілася з 84-га на 48-е месца ў сусветным рэйтынгу.
Ён таксама дадаў, што па даступнасці і разнастайнасці электронных паслуг Беларусь павінна заняць першае месца ў СНД.
“Новае дыханне трэба надаць Парку высокіх тэхналогій. Безумоўна, яго дзейнасць дала салідны эфект для развіцця інфармацыйных тэхналогій, процідзеяння “ўцечцы мазгоў”, забеспячэння занятасці маладых праграмістаў. Але тое, чым цяпер займаецца Парк, простая рэгістрацыя фірмаў для атрымання льгот. Гэта добра, але мала. Перад ПВТ павінны быць пастаўлены новыя задачы, перш за ўсё прыцягненне ў краіну венчурных інвестараў, а таксама найноўшых тэхналогій, неабходных нашай эканоміцы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён даручыў ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта падрыхтаваць і ўнесці праект адпаведнага дэкрэта.
Гаворачы аб развіцці праваахоўнай і судовай сістэмы, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь прыступіла да сур’ёзнага ўдасканалення работы нашай праваахоўнай сістэмы і ў цэлым усяго сілавога блока.
“Сілавыя структуры ў адносінах да простых грамадзян, прадпрымальнікаў, дзяржаўных служачых абавязаны дзейнічаць у строга ўстаноўленых законам рамках. Ніякага беззаконня, ніякіх наездаў, ніякіх распраў і звядзення рахункаў з непажаданымі быць не павінна. Усе гэтыя заганныя з’явы мы будзем выпальваць гарачым жалезам”, — папярэдзіў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што не трэба прыкрывацца барацьбой з карупцыяй. “Пад гэтай маркай можна працягнуць і расправу са смелым, незалежным кіраўніком, які ні пад каго не прагінаецца, і звядзенне асабістых рахункаў, і так званае апекаванне, і расправу з адным бізнесам па заказе другога, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Процістаяць усяму гэтаму — адна з галоўных задач нядаўна створанага Следчага камітэта”.
“Не адкрыю сакрэту, калі скажу, што следам — МУС. Мы вельмі акуратна, спакойна, нікога не крыўдзячы, у бліжэйшы год, а можа, і раней, цалкам рэфармуем МУС”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускім праваахоўнікам неабходна пераадолець абвінаваўчы ўхіл у сваёй дзейнасці. “Суд не павінен станавіцца ні на чый бок. Ён заўсёды павінен кіравацца выключна законам, выносіць справядлівае рашэнне. Трэба актыўна рухацца да мадэляў, ужо апрабаваных у свеце, — суда прысяжных, адміністрацыйных судоў”, — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду аператыўна падрыхтаваць праект закона аб амністыі, якую мы зможам прымеркаваць да нашага галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці.
Уздымаючы пытанне аб кантрольнай дзейнасці, Прэзідэнт канстатаваў, што дабіцца рашучага пералому тут не ўдалося: колькасць праверак празмерная, яны маюць не папераджальны, а карны характар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у сацыяльнай сферы ўжо дасягнула многага. Па якасці адукацыі Беларусь займае 20-е месца ў свеце, па ахове здароўя — 30-е, па сацыяльным капітале — 20-е сярод усіх краін свету.
“Усё гэта пацвярджэнне таго, што чалавечы капітал для дынамічнага росту ўзроўню дабрабыту ў Беларусі ёсць”, — сказаў ён.
“Асноўныя кірункі сацыяльнай палітыкі, развіцця медыцыны, адукацыі, культуры, іншых сфер, якія закранаюць інтарэсы чалавека, зацверджаны Усебеларускім народным сходам. І незалежна ад фінансавай і эканамічнай сітуацыі ў краіне мы ні на крок не адступім ад намечаных планаў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на праблемах сістэмы адукацыі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякіх новых рэформаў і эксперыментаў у сярэдняй школе не будзе. Ён лічыць, што ўсю ўвагу неабходна сканцэнтраваць на павышэнні якасці адукацыі з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Прэзідэнт таксама даручыў у бліжэйшы час вырашыць праблему дэфіцыту месцаў у дашкольных дзіцячых установах.
Акрамя таго, Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі неабходна значна палепшыць і пашырыць сістэму падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна, запатрабаваных на рынку працы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу паскорыць рэалізацыю праекта па стварэнні нацыянальнай электроннай бібліятэкі.
Яшчэ адзін важны кірунак у развіцці духоўнасці беларускай нацыі — адраджэнне славутых слуцкіх паясоў.
Пасля завяршэння выступлення Прэзідэнт адказаў на пытанні парламентарыяў.
Кіраўніку дзяржавы было зададзена паўтара дзясятка пытанняў, якія найбольш хвалююць грамадства ў цяперашні час.
Пытанні парламентарыяў датычыліся таксама кампенсацыі савецкіх укладаў, вяртання будаўнікоў у Беларусь, магчымасці пашырэння існуючых у Беларусі сацыяльных ільгот, дапамогі маламаёмным сем’ям у падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года, павышэння заробкаў дзяржслужачым. Прэзідэнт падрабязна спыніўся на перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, адзначыўшы, што сумесныя праекты, якія рэалізуюцца ў нашай краіне, — у інтарэсах перш за ўсё Беларусі.  

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.