Далучыцца да прыгожага і ўнікальнага

Здаўна нашы продкі верылі ў гаючую сілу зерня і саломкі, бо для беларусаў саломка — гэта не проста матэрыял прыкладнога мастацтва, а сімвал жыцця.
Літаральна нядаўна Карэліцкі раённы краязнаўчы музей меў гонар арганізаваць выстаўку вырабаў таленавітага майстра саломапляцення Веры Яўгенаўны Салдатавай, імя якой вядома не толькі жыхарам Беларусі, але і замежжа. Так здарылася ў жыцці ўраджэнкі гомельшчыны Веры Салдатавай, што з’яўляючыся членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельніцай шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выставак, першых міжнародных фестываляў саломапляцення, яна ўжо шмат гадоў жыве на карэліцкай зямлі. Спачатку ў Трасейках і Куневічах Варанчанскага сельсавета, а зараз у вёсцы Райца, былым маёнтку Раецкіх, дзе працуе над рэканструкцыяй сядзібнага дома, мяркуе надаць памяшканню выгляд, які б адпавядаў помніку архітэктуры таго часу, стварыць дом-музей, папоўніць яго прадметамі быту жыхароў гэтай мясцовасці і дапоўніць сваімі вырабамі з саломкі.
У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі ў сакавіку адбылася прэзентацыя выстаўкі “Проста саломка”. На яе былі запрошаны родныя, блізкія, знаёмыя Веры Салдатавай, прадстаўнікі мясцовай улады, святар Райцаўскай праваслаўнай царквы, які перад пачаткам мерапрыемства асвяціў вырабы майстра і благаславіў выстаўку. Самымі ўнікальнымі на выстаўцы з’яляюцца вянчальныя кароны, зробленыя ў тэхніцы “вышыўка”, якой з XIX стагоддзя да сённяшняга часу ніхто ў Беларусі не карыстаецца. Непаўторнымі з’яўляюцца і волаты-зубры, якія знайшлі сваё месца ў цэнтры выставачнай залы музея.
“Творы майстра саломапляцення захапляюць наведвальнікаў каларытам і глыбокім сэнсам, кожны выраб мае сваю гісторыю. Адлюстраванне паўсядзённага жыцця і беларускасці – стыль саломапляцення майстра. Нездарма шматлікія музеі свету маюць у наяўнасці вырабы з саломкі Веры Яўгенаўны. Работы знаходзяцца ў музеях Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі (Масква), у Беларускім нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, у прыватных калекцыях Х. Клінтан, Н. Ельцынай, У. Чавеса, пасольствах Казахстана і Арменіі”, —  паведаміла   дырэктар музея Э. М. Кур’ян. Затым слова трымала Вера Яўгенаўна. Яна расказала прысутным аб першых кроках сваёй дзейнасці, якую пачала ў 1974 годзе яшчэ навучэнкай Аршанскага педвучылішча. Прыкладным мастацтвам яе зацікавіў класны кіраўнік, і з’явілася ахвота займацца не толькі саломапляценнем, але і разьбой па дрэве, керамікай і ткацтвам. Ужо працуючы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, стварала капелюшы, зуброў, пегасаў, калядныя маскі. Анёлаў-ахоўнікаў дарыла толькі добрым знаёмым. У вёску паехала, каб пазбавіцца гарадской мітусні, ды і здароўе пагоршылася. Вярнула яе да жыцця цяперашняя гаспадыня аграсядзібы “Свіцязянка” Ганна Кітун, падтрымала добрым словам і справай. Яе дачка Вольга стала першай вучаніцай Веры Яўгенаўны на карэліцкай зямлі. Шмат вучняў у гэтай цудоўнай, добразычлівай і таленавітай жанчыны. Яна ведае аб асабістым лёсе і творчасці кожнага з іх.
Пасля адкрыцця выставы ў Карэлічах Вера Яўгенаўна Салдатава была запрошана на правядзенне рэспубліканскага майстар-класа па тэме “Маска” ў Дзяржаўны палац дзяцей і моладзі ў г. Мінск. Таму Вера Яўгенаўна з задавальненнем дапоўніла выстаўку вырабамі сваіх вучняў: Бакуцінай Ю., Гейзеравай Г., Каскевіч Л. і інш.
Муж Веры Яўгенаўны, Аляксандр Васільевіч, мастак, іканапісец, добры памочнік у хатніх справах. Сын Аляксандр займаецца больш плотніцкай справай, а малодшага Андрэя захапляе саломапляценне. Усе яны дапамагаюць Веры Яўгенаўне аднаўляць сядзібу і ад усёй душы павіншавалі жонку і матулю з адкрыццём выстаўкі, арганізаванай упершыню ў нашым раёне.
Разам з мужам працавала над стварэннем іканастаса з саломкі ў царкве музейнага комплексу “Дудуткі” на Міншчыне і стварэннем першага ў Беларусі Музея аўтарскай саломкі, за што ўзнагароджана медалём Еўфрасінні Полацкай. Затым было аднаўленне царскіх варот у Варанчанскай царкве.
Са словамі прывітання выступіла былая загадчыца аддзела культуры райвыканкама В. В. Струк. Яна падкрэсліла, што саломапляценне — важная справа ў жыцці майстра, акрамя таго, пастаянным спадарожнікам Веры Яўгенаўны з’яўляецца вырошчванне кветак, рэдкіх раслін, сваімі рукамі яна можа зрабіць і рускую печку, і баню, і падлогу.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Н. С. Яфрэмава ўзгадала тыя часы, калі працавала ў бібліятэцы і заўсёды наведвала Веру Яўгенаўну па месцы жыхарства. Яе ўражвала працалюбства і мэтанакіраванасць, цвёрдасць і настойлівасць жанчыны ў дасягненні высокай мэты. Да гэтага часу над ложкам Веры Яўгенаўны вісіць анёл-ахоўнік, які натхняе яе на стварэнне новых прац. У савет ветэранаў для славутай жанчыны заўсёды адчынены дзверы.
Навуковы супрацоўнік музея С. А. Кошур выказала сваё вялікае захапленне ад твораў Веры Яўгенаўны і падарыла ёй на памяць сваю кнігу пра мастака Валянціна Рамановіча. Дырэктар раённага Дома рамёстваў Н. А. Манкевіч адрасавала майстру цёплыя словы павагі яе сціпласці і прафесіяналізму і выказала спадзяванні, што Вера Яўгенаўна зможа падзяліцца вопытам і паказаць майстар-клас удзельнікам гуртка саломапляцення ў Карэлічах.
Наведвальніца выставы Тамара Данілаўна Сак адзначыла, што менавіта Вера Яўгенаўна далучыла яе да саломапляцення, і запрасіла ў нядзельную школу пры царкве ў Райцы. Наогул, сям’я Сак дапамагае ўсімі магчымымі сродкамі рамантаваць сядзібу Раецкіх.
Вера Яўгенаўна – сапраўдная беларуская жанчына, якая любіць сваю Радзіму, людзей, яна добразычлівы, ветлівы, уважлівы і вельмі таленавіты чалавек. Да гэтага часу з яе працамі людзі мелі магчымасць знаёміцца толькі на рэспубліканскіх і міжнародных выставах.
Майстар саломапляцення сардэчна сустрэне ў Райцы ўсіх, каго вабіць яе майстэрства і вырабы з “беларускага золата” — саломкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.