Энергетыкі справілі наваселле

Адбылося ўрачыстае адкрыццё адміністрацыйнага будынка Карэліцкага раёна электрычных сетак.

Прыгожы адрэстаўрыраваны будынак светлага колеру з сінім дахам, які  быццам упіраецца ў веснавы блакіт неба, у адзін з красавіцкіх дзён прымаў гасцей. Многія з іх на ўрачыстасці сталі актыўнымі яе ўдзельнікамі.
Цырымонія пачынаецца. Выступае генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” У. У. Шатэрнік.

Прагучалі словы падзякі старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбаку за аказваемую дапамогу, падтрымку і разуменне праблем энергетыкаў, і вядучыя прапанавалі Віктару Леанідавічу выступіць на ўрачыстасці.
Хвалюючы момант: для ўручэння сімвалічнага ключа запрашаюцца дырэктар ААТ СМУ-7  В. В. Венска і начальнік Карэліцкага РЭСа М. А. Пыцель.

Ганаровае права перарэзаць стужку і адкрыць адміністрацыйны корпус прадастаўляецца старшыні райвыканкама В. Л. Шайбаку і генеральнаму дырэктару РУП “Гроднаэнерга” У. У. Шатэрніку.
Каб у будынку панавалі дабрыня і павага адзін да аднаго, каб спорылася работа і абыходзілі нягоды, яго асвяціў настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г. п. Карэлічы Максім Цыгель.

Урачыстасць прадоўжылася ў двары раёна элекрычных сетак. З віншавальным словам выступіў дырэктар Лідскіх электрычных сетак П. П. Лабан.
Ушаноўваліся будаўнікі, дзякуючы старанням якіх зроблена рэстаўрацыя адміністрацыйнага будынка РЭСа. Ім уручаліся сувеніры і ў іх адрас гучалі цудоўныя песні. А дарылі іх салісты народнага ансамбля песні і танца “Талака” Лідскіх элекрычных сетак.
Адным словам, карэліцкія энергетыкі атрымалі ў падарунак не толькі прыгожы  будынак, але пачулі шмат добрых слоў і песень.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.