Магчымасці і перспектывы маладога спецыяліста

Пад такой назвай праведзена пасяджэнне “круглага стала” для маладых спецыялістаў раёна. Яго арганізатар — аддзел па справах моладзі райвыканкама.

Галоўнае багацце — людзі

Намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык засяродзіў увагу на хвалюючых пытаннях  моладзі. Па хадайніцтву райвыканкама малады спецыяліст можа атрымаць крэдыт на тавары першай неабходнасці беларускай вытворчасці. Вядучым спецыялістам з вышэйшай адукацыяй не абавязкова прызывацца на тэрміновую службу ў армію, а яе можна праходзіць у рэзерве. У раёне маюцца магчымасці для рэалізацыі здольнасцей маладых спецыялістаў — дзейнічаюць клубы, арганізоўваюцца экскурсійныя паездкі, фестывалі, канцэрты, злёты і г. д.
— Я спадзяюся, — сказаў Руслан Юр’евіч, — што маладыя людзі палюбяць нашу зямлю. Не трэба здавацца на першым часе і пасаваць перад цяжкасцямі, а з годнасцю прайсці жыццёвыя прыступкі.
Р. Ю. Абрамчык засяродзіў увагу прысутных і на ролі сям’і, выхаванні дзяцей і на шкодзе алкаголю. Выказаў надзею, што маладыя людзі не пасябруюць з “зялёным змеем”, а будуць вучыцца прафесіяналізму і ўсяму добраму ў калег па працы, на карэліцкай зямлі створаць свае сем’і. “Галоўнае багацце — людзі”, — адзначыў прамоўца.

 

Каб дабіцца поспеху

Што патрэбна для таго, каб дабіцца поспеху ў жыцці? Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Н. С. Гоцка давала рэкамендацыі і пазнаёміла з вынікамі апытання маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці “Малады спецыяліст-2011”.
“Няўпэўненыя ў сабе людзі ствараюць дрэннае ўражанне, а ўпэўненасць на рабочым месцы на 90 % складаецца з упэўненасці ў асабістых ведах і вопыце работы. Таму дасканала вывучайце тое, чым займаецеся. Прыкладзіце ўсе сілы, каб асвоіць новае як мага хутчэй”, — раіла лідар моладзі. Пазнаёміла з накірункамі  “Працуйце ў камандзе”,  “Пазбягайце канфліктаў”,  “Фарміруйце імідж надзейнага чалавека” і іншымі.
Аддзеламі па справах моладзі ўсіх раёнаў Гродзенскай вобласці праведзена апытанне маладых спецыялістаў “Малады спецыяліст-2011”. Анкета змяшчае пытанні, якія датычацца розных аспектаў жыцця і работы маладых спецыялістаў.

На думку паловы рэспандэнтаў Гродзенскай вобласці (50,5 %), для таго, каб дабіцца поспехаў у жыцці, сучаснаму чалавеку неабходна дзелавая хватка, адказнасць —  48 %, прафесіяналізм — 46,2 %. Толькі 0,8 % моладзі лічаць у даным выпадку важна падхалімства і столькі ж (0,8 %) — цынізм, 3,3 % — жорсткасць, 5,2 — дзёрзкасць.
Апытанне паказала, што ўзровень замацавання маладых спецыялістаў у большай ступені звязаны з пачатковым настроем маладога чалавека на работу, чым з умовамі працы і пражывання. Прыязджаючы па размеркаванні многія маладыя спецыялісты дастаткова дакладна прадстаўляюць, ці замацуюцца яны на першым рабочым месцы ці, адпрацаваўшы патрэбны тэрмін, паедуць. Найбольш стабільны псіхалагічны стан і ўпэўненасць у будучым выказваюць маладыя спецыялісты, якія прыбылі па размеркаванні ў свой родны раён.

У СВК рады маладым

У СВК “Свіцязянка-2003” у розных галінах вытворчасці працуюць 52 маладыя чалавекі ва ўзросце ад 18 да 31 года, з іх — 18 спецыялістаў.
— Работу з моладдзю мы вядзём у такім накірунку, — адзначала намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК З. І. Маковік, — каб арганізаваць працу маладых людзей, заахвоціць іх, забяспечыць дысцыпліну і парадак. Важна, каб кожны малады чалавек адчуў рэальную падтрымку з боку арганізацыі: наяўнасць жылля, паўнацэннае харчаванне, магчымасць забяспечыць добры адпачынак, кантроль за аховай працы на вытворчасці, аказанне дапамогі маючым патрэбу.
Зінаіда Іванаўна расказала аб аказанні матэрыяльнай дапамогі маладым спецыялістам пры прыбыцці на працу, пра льготы ў час завочнай формы навучання. Пры ўступленні ў шлюб і нараджэнні дзіцяці праўленне гаспадаркі ўручае  каштоўны падарунак, а ў час прызыву на службу ва Узброеныя Сілы выплочваецца дапамога. Матэрыяльная дапамога аказваецца і ў сувязі з хваробай работніка. Маладым бацькам вяртаецца 50 % кошту ўтрымання дзяцей у дашкольных установах.
У 2011 годзе здалі 4-х кватэрны дом у вёсцы Райца, дзе сем’ям прадастаўлены дзве кватэры і дзве — пад інтэрнат.
Для фарміравання здаровага ладу жыцця моладзь удзельнічае ў раённых спартыўных святах, турыстычным злёце, канцэртах і г. д.
Намеснік старшыні СВК “Жухавічы” А. А. Рамановіч гаварыў аб арганізацыі адпачынку маладых спецыялістаў.  Самымі наведваемымі месцамі з’яўляюцца спартыўная і трэнажорная залы, якая знаходзіцца на базе Жухавіцкай СШ. У вячэрні час гуляюць у валейбол, баскетбол, настольны тэніс. Асабліва маладыя людзі любяць займацца цяжкай атлетыкай.

Другі аб’ект — Жухавіцкі Дом культуры. Тут пастаянна праводзяцца дыскатэкі ў выхадныя і святочныя дні. Свой вольны час моладзь любіць правесці і ў кафэ “Барвинок”.
У выступленні маладога спецыяліста Аліны Мацяс прагучала задаволенасць: у СВК “Лукі-Агра” добра сустрэлі, далі жыллё, калегі па працы аказваюць дапамогу і падтрымку, таму ў планах — застацца ў гаспадарцы.

Аднойчы і на ўсё жыццё

Цікавым было выстуленне начальніка аддзела ЗАГСа райвыканкама В. М. Сіўко.  Валянціна Міхайлаўна сказала, што заўсёды рады бачыць юнакоў і дзяўчат у аддзеле ЗАГСа, а ў недалёкім будучым маладыя змогуць выбраць любы орган рэгістрацыі шлюбаў на тэрыторыі рэспублікі.
Прывёўшы статыстычныя даныя, прамоўца адзначыла, што сябра жыцця трэба выбіраць на ўсё жыццё. “Паверце, што тыя пары, якія ствараюць сем’і па разліку,  нетрывалыя, а любоў творыць цуды”, — зазначыла  начальнік аддзела ЗАГСа.  
В. М. Сіўко запрасіла маладых прыходзіць і падаваць заявы на рэгістрацыю заключэння шлюбу —  у хуткім часе расчыніць дзверы новае памяшканне ЗАГСа, а таксама пажадала дзяўчатам і юнакам прыжыцца на карэліцкай зямлі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.