“Шчыра люблю родную мову і ганаруся ёю”

Вучаніца 10 “А” класа СШ № 2 г. п. Карэлічы Вераніка Уласевіч актыўна супрацоўнічае з раённай газетай “Полымя”— дасылае свае артыкулы. З нагоды Дня друку журналіст вядзе з ёй гутарку.
— Вераніка, як даўно ты пішаш у газету?
— Першая заметка была надрукавана летам 2009 года. На працягу гэтага часу шмат працавала над сабой, набывала разнастайныя веды.
— Адкуль бярэш тэмы для сваіх артыкулаў? Пра што падабаецца пісаць найбольш?
— Спачатку пісала на розныя тэмы. Затым пра мерапрыемствы, якія праходзяць у школе, дзе вучуся.
Сёння пішу як інфармацыйныя артыкулы, так і публіцыстычныя. Найбольш мне падабаецца публіцыстыка. Напрыклад, сваёй заметкай “Людзі, не забывайце пра нас!” заклікала ўсіх берагчы архітэктурныя помнікі роднай зямлі для будучых пакаленняў і рабіць усё магчымае для аднаўлення разбураных, але яшчэ нязнішчаных святынь.
— Ты пішаш на роднай мове.
— Сапраўдным скарбам кожнай краіны з’яўляецца мова. Наша — беларуская. На ёй размаўлялі мае дзяды і прадзеды, таму маім абавязкам сёння з’яўляецца любіць і шанаваць родную мову.
Разгледзела яе прыгажосць дзякуючы сваёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святлане Генадзьеўне Шчука. Менавіта яна зацікавіла мяне алімпіяднай дзейнасцю.
Я шчыра люблю сваю родную мову і ганаруся ёю.
— Акрамя гэтага ёсць яшчэ захапленні?
— Канечне, немагчыма жыць адным захапленнем. У мяне ёсць яшчэ шмат інтарэсаў. Наогул, мастацтва ў маім жыцці займае вялікую ролю. У вольны ад школьных спраў час люблю чытаць, слухаць музыку, складаць вершы, маляваць. Акрамя гэтага, мне падабаюцца танцы. Гэты від мастацтва прывабіў мяне яшчэ ў дзяцінстве. Ужо дзесяць гадоў наведваю танцавальную студыю “Капрыз”. Танцы прыносяць мне радасць і весялосць, нейкае дзіўнае задавальненне. Яны даюць мне магчымасць адпачыць і расслабіцца пасля нялёгкіх школьных спраў. Я абавязкова прадоўжу займацца танцамі, калі скончу школу, бо гэты від мастацтва мяне захапляе і ўражвае.
— Давялося пачуць, што ты рэдагуеш насценную газету.
— Так, я з’яўляюся галоўным рэдактарам школьнай газеты “Флэшка”. Гэта ідэя ўзнікла ў мяне ўжо даўно, але ажыццявіць яе атрымалася толькі ў гэтым навучальным годзе. Я вырашыла выпускаць школьную газету найперш для таго, каб школьнае жыццё стала больш цікавым і разнастайным. І гэта, безумоўна, атрымалася. Рэдкалегія складаецца з вучняў 10 “А” класа.
У газеце можна прачытаць свежыя навіны са школьнага жыцця, адказы на пытанні чытачоў, вершы юных паэтаў, парады псіхолага і сацыяльнага педагога, артыкулы, якія дапамагаюць у выбары будучай прафесіі і шмат іншай цікавай і карыснай інфармацыі. Ужо выйшла пяць нумароў. Буду рабіць усё магчымае, каб у наступным навучальным годзе “Флэшка” працягвала існаваць.
— Што найбольш цэніш у людзях?
— На мой погляд, характар чалавека раскрываецца ва ўзаемаадносінах з іншымі людзьмі. Сумленнасць — тая якасць, якую цаню ў людзях больш за ўсё. Але, безумоўна, ніводзін чалавек не можа пражыць без дабрыні, і гэта таксама немалаважная якасць. Быць добрым да сяброў, бацькоў, роднага краю — вось галоўны абавязак усіх нас. Яшчэ вельмі важная якасць — мэтанакіраванасць. Калі ты маеш зносіны з чалавекам, у якога ёсць сэнс у жыцці, то ў цябе самога з’яўляюцца новыя мэты, да якіх жадаеш імкнуцца. А вось грубасць і нахабнасць мне зусім не падабаюцца ў людзях.
— Каго б ты назвала сваімі надзейнымі сябрамі?
— Безумоўна, самыя надзейныя сябры — мае бацькі. Гэта людзі, якія дапамогуць і пашкадуюць у цяжкую хвіліну, якія заўсёды дадуць добрую параду. Сваю лепшую сяброўку таксама магу назваць сапраўдным сябрам, бо яна заўсёды падтрымлівае мяне і суцяшае, калі мне кепска. Самае галоўнае, што яна ніколі не чакае ад мяне просьбы аб дапамозе, а прапаноўвае яе сама. Надзейным сябрам і дарадцам для мяне з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры С. Г. Шчука, якая не толькі дапамагае знаходзіць адказы на самыя розныя пытанні, але і вучыць разбірацца ў складаных жыццёвых сітуацыях, быць добрым чалавекам, паважаць і шанаваць усё тое, што ў цябе ёсць. Усе яны — мае надзейныя сябры, якія заўсёды прыдуць на дапамогу і падтрымаюць, за што ім вельмі ўдзячна.
— У цябе ёсць яшчэ мары, акрамя паступлення на факультэт журналістыкі?
— Так, мая мара — паступіць на факультэт журналістыкі. І я раблю ўсё магчымае, каб яна ўвасобілася ў жыццё. Акрамя гэтага ў мяне ёсць яшчэ некалькі мар. Адна з іх — напісаць сваю кнігу і выпусціць яе ў свет. Другая — падарожжа па замежных краінах: гэта маса новых эмоцый і ўражанняў, што мяне і прыцягвае.
— Што ж, Вераніка, хочацца, каб усе твае мары збыліся.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.