Стралок Пётр Шэўка

Некалі ў Красненскім сельсавеце існавала вёска з не вельмі мілагучнай назвай Прыдаткі. Каму і на якой падставе яна прыдавалася, адназначнага тлумачэння не існуе. Але важна другое: згодна з Праграмай адраджэння і развіцця вёскі, у ходзе ажыццяўлення якой быў абуладкаваны аграгарадок Краснае, кардынальным чынам змянілася і аблічча Прыдаткаў. Цяпер гэта адна з добраўпарадкаваных вуліц аграгарадка.
Менавіта ў гэтым населеным пункце 7 ліпеня 1925 года ў сям’і Іосіфа Шэўкі нарадзіўся першынец, якога назвалі Пятром. Потым у яго з’явіліся яшчэ дзве сястрычкі і брат. Бацькі працавалі на зямлі, і Пеця, як старэйшы, дапамагаў ім, а яшчэ даглядаў малодшых. Праўда, не прапускаў заняткаў у Запольскай польскай школе, дзе закончыў шэсць класаў.

Чатырнаццацігадовым хлапчуком Пётр стаў сведкам гістарычнай падзеі — 17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь была вызвалена з-пад прыгнёту буржуазна-памешчыцкай Польшчы і пачала ўсталёўвацца Савецкая ўлада. Першыя парасткі новага ладу грамадскага жыцця яшчэ толькі пацягнуліся насустрач сонцу, а чорная навала зноў закрыла яго, але не скарыла народ.
Раніцай 22 чэрвеня 1941 года хваля за хваляй ляцелі над вёскаю ў напрамку Мінска бамбавозы з чорнымі крыжамі на крылах. Акрамя гэтага нічога не адбывалася. Аж пакуль з Карэліч не прынеслі страшную вестку — вайна, а праз пэўны прамежак часу з’явіліся і гітлераўскія акупанты, якія сталі наводзіць “новы парадак”.
А ў Прыдатках мнагадзетнай сям’і на кавалачку зямлі стала цесна, і Пятра аддалі вучыцца шавецкаму рамяству ў Карэлічы. Відаць, добры настаўнік яму трапіўся, бо і сёння ў паважаным узросце Пётр Іосіфавіч не забыўся свайго майстэрства.

А тым часам у акупіраваных Карэлічах сталі развівацца драматычныя падзеі. Пад выглядам рэгістрацыі акупацыйныя ўлады пачалі вывозіць моладзь на прымусовыя работы. У гэтыя спісы трапіў і Пётр Шэўка, але кемлівасць дапамагла юнаку ўцячы яшчэ ў Навагрудку. Вярнуўшыся дамоў, жыў на паўлегальным становішчы і працаваў на сельскай гаспадарцы аж да дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Чырвонай Арміяй.
У 1944 годзе Пятра Іосіфавіча мабілізавалі ў армію. Спачатку асвойваў ваенную справу ў вучэбным палку ў падмаскоўным Алабіна. Пасля месяца напружанай вучобы навабранцаў накіравалі  ва Усходнюю Прусію. Цягніком давезлі да Вільні, а потым пешым маршам на Казлову Руду і — на перадавую.
Свой першы і апошні бой стралок Шэўка правёў 14 студзеня 1944 года. У час прарыву эшаланіраваных варожых умацаванняў чарга з варожага кулямёта ва ўпор пранізала байца.
І пацягнуліся доўгія шпітальныя дні ў Істэнбургу, Вільні, Салікамску. У апошнім і сустрэў баец радасную вестку аб Перамозе, якую адзначылі куфлем піва.
Лёс наканаваў так, што пасля шасцімесячнага лячэння выпісалі радавога Шэўку таксама 22 чэрвеня, але ўжо пераможнага 1945 года.
Дэмабілізаваны па інваліднасці франтавік далечваўся ў Карэлічах. Калі крыху акрыяў, пачаў працаваць у канторы “Заготлён” прасаўшчыком цюкоў, потым стаў трактарыстам, хацеў вывучыцца на шафёра (медкамісія забракавала), па гэтай жа прычыне не прайшоў тэст на брыгадзіра.
Не стаў Пётр Іосіфавіч больш лавіць жорава ў небе, а добрасумленна працаваў на трактарах Т-40 і Т-25, шчыраваў на камбайнах СК-4, “Колас”.
П. І. Шэўка дваццаць сем гадоў на пенсіі, але здольны справіцца з любой гаспадарчай справай, трымае жывёлу, а бульбу дапамагае садзіць, даглядаць і ўбіраць СВК “Маяк-Заполле”.
Разам з жонкай Яўгеніяй Васільеўнай выгадавалі сына Віктара і дачку Галіну, якія падарылі ім пяць унукаў. У іх — радасць і сэнс жыцця ветэранаў вайны і працы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.