Свята ўсіх і кожнага

Сваё прафесійнае свята сёння адзначае ўся спартыўная супольнасць краіны — трэнеры і спартсмены, майстры спорту розных узроўняў і разраднікі, ветэраны спорту і пачынаючыя. А яшчэ гэта свята ўсіх прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, аматараў фізкультуры.
Добрымі поспехамі сустракае яго і фізкультурная арганізацыя нашага раёна. На прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах створаны і дзейнічаюць 39 калектываў фізкультуры. Рознымі формамі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ахоплена 4778 чалавек. За мінулы год праведзена 89 спартыўна-масавых мерапрыемстваў для дзяцей, падлеткаў і дарослых, у якіх прынялі ўдзел 5524 чалавекі.

У раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-масавай і спартыўнай работы сярод калектываў фізкультуры сельгаспрадпрыемстваў пераможцамі сталі КФК СВК “Маяк-Заполле”, “Лукі-Агра” і “Цырын-Агра”, сярод арганізацый г. п. Карэлічы: УА “Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй”, раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дзяржустановы, сярод школ — гімназія № 1 г. п. Карэлічы, Лукская і Варанчанская сярэднія школы.
Значных поспехаў дасягнула Карэліцкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, у якой займаюцца 328 хлопчыкаў і дзяўчынак. Аддзяленні гандболу, лёгкай і цяжкай атлетыкі ДЮСШ працуюць на базе 12 школ раёна. У спісавы склад нацыянальных зборных каманд Рэспублікі Беларусь уключаны восем спартсменаў раёна. У вучылішчах алімпійскага рэзерву займаюцца шаснаццаць чалавек. За мінулы год падрыхтаваны адзін майстар спорту міжнароднага класа, два майстры спорту і столькі ж кандыдатаў у майстры спорту.
Значных поспехаў на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах дасягнулі спартсмены нашага раёна. Так, выхаванка трэнера ДЮСШ Святаслава Палуяна Алена Чычкан заняла чацвёртае месца на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы і стала бронзавым прызёрам чэмпіянату свету сярод юніёраў.
Лёгкаатлет Арцём Логіш стаў пераможцам Усебеларускага кросу на прызы газеты “СБ — Беларусь сёння” і заняў другое месца на зімовым чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь у бегу на дыстанцыі 1500 метраў. Каманды дзяўчат былі прызёрамі абласных спаборніцтваў па гандболе.
Паспяхова выступалі каманды раёна на спаборніцтвах у праграме абласнога агляду-конкурсу. Юныя футбалісты 1995-1996 гадоў нараджэння занялі першае месца ў абласной спартакіядзе “Каласок”, а юнакі малодшай узроставай групы сталі бронзавымі прызёрамі. Мужчынская каманда заняла другое месца ў спаборніцтвах сярод сельскіх жыхароў “Залаты колас”.
Нашы хакеісты занялі другое месца ў спартакіядзе “Каласок” і трэцяе — у спаборніцтвах на прыз клуба “Залатая шайба”.
Бронзавымі прызёрамі абласных спаборніцтваў па валейболе стала мужчынская каманда раёна і каманды юнакоў і дзяўчат старэйшай узроставай групы.
Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх работнікаў фізічнай культуры і спорту, ветэранаў спартыўнага руху, спартсменаў і аматараў спорту з прафесійным святам. Моцнага вам здароўя, спартыўнага даўгалецця і поспехаў у асабістым жыцці.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.