У юбілейным годзе — да новых перамог

Своеасаблівы юбілей адзначыў першага лютага бягучага года старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Арсенцьевіч Галавач. Споўнілася дзесяць гадоў з той пары, як ён узначаліў гаспадарку. Яго імя ў ліку кіраўнікоў, якія папрацавалі ў гаспадарцы звыш пяці гадоў і ўзнагароджаны абласным аграпрамысловым саюзам дыпломамі і грашовымі прэміямі.

Усё свядомае жыццё У. А. Галавача звязана з сельскай гаспадаркай. Выпускнік Навагрудскага  сельскагаспадарчага тэхнікума пасля службы ў арміі працаваў загадчыкам вытворчага ўчастка ў калгасе “Шчара” Мастоўскага раёна, аграномам калгаса “Нёман” Карэліцкага раёна, галоўным аграномам гэтай жа гаспадаркі, затым аграномам-насенняводам, галоўным аграномам КСУП “Племзавод “Карэлічы”, вядучым аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
Незайздросная спадчына дасталася новаму кіраўніку гаспадаркі. Ураджайнасць зерневых  складала 27,1 цэнтнера з гектара, ільновалакна — 4,1, бульбы — 118 ц з гектара, а надой малака ад каровы складаў у 2001 годзе 2025 кг, сярэднясутачныя прывагі БРЖ — 378 грамаў.
Каб выправіць становішча, Уладзімір Арсенцьевіч пачаў з падбору і расстаноўкі кадраў, вывучаў дзелавыя якасці галоўных спецыялістаў і кадраў сярэдняга звяна, магчымасці прымянення іх сіл і ўмення арыентавацца на тым або іншым участку работы. Паралельна вырашалася праблема кадраў масавых прафесій.
У. А. Галавач рашуча ўзяўся за ўкараненне новых тэхналогій і метадаў арганізацыі працы на фермах, рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў. Мэтанакіраваная дзейнасць у гэтым накірунку дазваляе значна эканоміць фінансавыя сродкі, якія выдаткоўваюцца на абнаўленне машынна-трактарнага парка. Справа гэта патрэбная, але новая тэхніка патрабуе беражлівых адносін да сябе. Вось чаму кіраўнік гаспадаркі нацэльвае інжынерную службу на строгае захаванне графікаў тэхнічнага абслугоўвання машын, правільную эксплуатацыю тэхнікі.
Шмат увагі надае кіраўнік гаспадаркі будаўніцтву вытворчых аб’ектаў і жылля, энергазберажэнню.
У кааператыве дзейнічаюць тры ветраўстаноўкі па выпрацоўцы электраэнергіі, зернесушыльная гаспадарка пераведзена на прыродны газ.
Дбае У. А. Галавач аб замацаванні маладых спецыялістаў у вёсцы, развіцці асабістых падсобных гаспадарак сялян.
Засталіся ў мінулым гады, калі ў засеках было пуста, жадала лепшага кармавая база. З прыходам на пасаду старшыні СВК У. А. Галавача значна палепшыліся справы ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, умацавалася вытворчая і выканальніцкая дысцыпліна. Адсюль і добрыя паказчыкі.
Так, калі ў 2009 годзе ураджайнасць зерневых складала 35 ц з гектара, то ў мінулым — 42,7, а вытворчасць іх у вазе пасля дапрацоўкі — 7606 і 10751 т, адпаведна. У 2011 годзе на ўмоўную галаву жывёлы было назапашана 49,7 ц карм. адз., у тым ліку травяністых — 28,3 ц карм. адз.
Ад кожнай каровы летась надаілі па 6151 кг малака, што на 642 кг больш, чым у 2010 годзе, сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні і адкорме БРЖ склалі ў мінулым годзе 716 грамаў.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (без ПДВ) склала ў 2011 годзе 27835 млн руб., прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг — 9107 млн руб., чысты прыбытак — 10235 мільёнаў рублёў, сярэднямесячная зарплата аднаго працаўніка, занятага ў сельскагаспадарчай вытворчасці, склала 1330,0 тыс. рублёў.
За гэтымі паказчыкамі стаіць напружаная, штодзённая праца, мэтанакіраванасць, уменне прадбачыць сітуацыю, энтузіязм і ініцыятыва кіраўніка гаспадаркі.
Яшчэ большыя задачы стаяць перад працаўнікамі СВК “Свіцязянка-2003” у 2012 годзе, якія мяркуюць атрымаць 12396 т зерневых пры ўраджайнасці 50,4 ц з гектара, надой малака ад каровы давесці да 6350 кг, а сярэднясутачную прывагу БРЖ — да 717 грамаў. Ёсць упэўненасць у тым, што гэтыя рубяжы будуць узяты, бо слова кіраўніка кааператыва ніколі не разыходзіцца са справамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.