Удовіна доля — палыновы смак

У гэтыя святочныя майскія дні ўшаноўваюць тых, хто цаной свайго здароўя і жыцця прынёс у нашы гарады і вёскі Вялікую Перамогу. Кожны трэці беларус не дажыў да пераможнага мая, і ў кожнага засталася сям’я, дзеці… Горкай была доля салдацкіх удоў, для якіх вайна не скончылася ў 44-м, а яшчэ працягвалася многія гады, пакуль ставілі на ногі дзяцей, ратуючыся ад пасляваеннага холаду і голаду.
Любові Антонаўне Троска з Кайшоўкі лёс наканаваў стаць салдацкай удавою ў 29 гадоў з двума маленькімі дзецьмі на руках. Здавалася, што толькі ўчора пасватаўся да яе, 18-гадовай прыгажуні, аднавясковец Мікалай. Яму яна не адмовіла, хаця ўжо шмат сватоў атрымлівалі “гарбуза” ад Любані. Вельмі ўжо нявеста была здатная: і працавітая, і прыгожая, і пявуння, і плясуння, на той час добра адукаваная: мела 4 класы польскай школы. Як вялося, купілі кавалак зямлі і пачалі гаспадарыць. У 1939 г. у хаце пачуўся плач іх першага немаўляткі Міколкі. Але вайна перакрэсліла ўсе мірныя мары і спадзяванні людзей.
—    У 43-м наляцелі на вёску немцы, — успамінае Любоў Антонаўна, — вывелі ўсіх людзей з хат. Расстрэльваць. Лічаныя хвіліны засталіся да каманды “агонь!”, але раптам прыехаў нейкі нямецкі афіцэр і адмяніў расправу.
У 1944 годзе яе Мікалая разам з іншымі кайшоўскімі мужчынамі дэмабілізавалі на фронт. Жанчыны з пакункамі харчоў і бялізны накіраваліся на чыгуначную станцыю пад Мінск праводзіць сваіх родных. Менавіта там і пабачыла Люба мужа ў апошні раз.
— Ён курыў, а камандзір цыгарэту з рота вырваў: “Па вагонах!”, — расказвае Любоў Антонаўна. — Ледзь паспела на развітанне пацалаваць…
Пад сэрцам тады ўжо білася дзіця — сын Алік.
Колькі разоў потым на вёску наляталі немцы — і не ўспомніць. У сэрцах вяскоўцаў жыў пастаянны страх: за дзяцей, за родных і блізкіх, за сябе. Амаль следам за радаснай падзеяй — нараджэннем сына — прыйшла страшная вестка: муж прапаў без вестак пад Кенігсбергам. Але прапаў — не загінуў. У сэрцы жыло спадзяванне, што, можа, паранены, можа, у палоне. Пасля Перамогі вярталіся дадому франтавікі, адзін з аднавяскоўцаў пазбавіў і гэтай кволай надзеі: сказаў, што бачыў Мікалая Троску забітым. У той крывавай мясарубцы мала каму ўдалося ўцалець…
Але трэба было жыць. Дзеля дзяцей, якія сталі працягам свайго таты. Любоў Антонаўна пайшла ў калгас, працавала і паляводам, і звеннявой, і загадчыкам склада, і абеды трактарыстам варыла. На полі поруч з мужчынамі арала, баранавала, сеяла, убірала — не горш за іх! Каб прынесці ў хату лішнюю капейку, вазіла ў горад прадаваць яблыкі з уласнага сада. Замуж другі раз салдацкая ўдава не выйшла: на ўсё жыццё захавала святую вернасць свайму адзінаму і любаму Мікалаю Фёдаравічу.

Сёння Любоў Антонаўна жыве ў Карэлічах з сынам Мікалаем і нявесткай Зояй. Яна — бабуля чацвярых унукаў і шасцярых праўнукаў. Нягледзячы на паважаны ўзрост (95 гадоў), спраўляецца з няхітрымі дамашнімі абавязкамі, якія ёй толькі ў радасць. А ў яе пакойчыку, насупраць любімага крэсла, стаіць партрэт, дзе яны з Мікалаем яшчэ маладыя, яшчэ разам, дзе ён яшчэ жывы…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.