Утаймавальніца штангі

У верасні 2012 года своеасаблівы юбілей адзначае трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святаслаў Палуян. Прайшло трыццаць гадоў з той пары, як ён набраў першыя тры групы аматараў цяжкай атлетыкі.
Майстар спорту СССР па цяжкай атлетыцы сам неаднойчы выступаў на прэстыжных саюзных і міжнародных спаборніцтвах і небезпаспяхова. А самае галоўнае — прывучыў да здаровага ладу жыцця многіх хлопчыкаў і дзяўчынак.
За гэты перыяд падрыхтаваў дваццаць спартсменаў высокага класа. Сярод іх пяць кандыдатаў і пятнаццаць майстроў спорту, якія абараняюць гонар раёна, вобласці і Рэспублікі Беларусь на прэстыжных спаборніцтвах.
А найбольш ганарыцца трэнер сваёй выхаванкай Аленай Чычкан, якую трэніраваў разам з яе бацькам, вадзіцелем райветстанцыі Васіліем Чычканом.
У свой час Васілій Уладзіміравіч захапляўся штангаю. І хаця жыў у Горнай Руце, не прапускаў трэніровак у райцэнтры, а калі любімай дачушцы Алене споўнілася трынаццаць гадоў, браў і яе з сабою. Спецыфічны від спорту захапіў дзяўчынку і пасля года інтэнсіўных трэніровак юная штангістка дабілася значных вынікаў. У чатырнаццацігадовым узросце яна выканала нарматыў майстра спорту, але па-маладосці ёй не маглі афіцыйна прысвоіць гэта ганаровае званне. Адбылося гэта праз год, і спартсменка стала адной з першых, каму ў 15-гадовым узросце прысвоілі званне майстар спорту па новай класіфікацыі.
Такім чынам, дачка пераўзышла першаразрадніка бацьку, які працягвае выступаць у спаборніцтвах гіравікоў.
А цяжкаатлетка пайшла ўпэўнена далей. У 17 гадоў яна выканала нарматыў майстра спорту міжнароднага класа і брала ў рыўку вагу 88 кг, а ў штуршку — 110 кілаграмаў.

Ёй належыць шэсць рэкордаў у вагавай катэгорыі да 53 кг і да 58 кг сярод спартсменаў да 17 гадоў. Гэтыя дасягненні яшчэ доўга будуць належаць маладой спартсменцы.
Пяць рэкордаў паставіла яна ў гэтых вагавых катэгорыях сярод спартсменаў ва ўзросце да 20 гадоў.
У 2010 годзе майстар спорту стала чэмпіёнкай Еўропы на спаборніцтвах у Валенсіі (Іспанія) сярод цяжкаатлетак ва ўзросце да 17 гадоў, а перад гэтым была другой на спаборніцтвах у Ізраілі.
У 2011 годзе на чэмпіянаце свету ў Малазіі выхаванка Святаслава Палуяна Чычкан была шостай.
Сёлетні чэмпіянат Еўропы ў Анталіі (Турцыя) прынёс спартсменцы 4-е месца, сярэбраны медаль у рыўку і званне майстра спорту міжнароднага класа.
— Было цікава, — дзеліцца ўспамінамі цяжкаатлетка, — але цяпер — гэта праца на прафесійным узроўні, якой папярэднічаюць напружаныя трэніроўкі.
І сапраўды, на працягу двух-трох гадзін штодзённых трэніровак Алена, якая важыць 53 кілаграмы, падымае груз вагою 10-15 тон.
Спартсменка вучыцца на другім курсе школы алімпійскага рэзерву. Яна спартсмен-інструктар. У майскія дні знаходзілася на зборах у рэспубліканскім спорткомплексе “Стайкі” і рыхтавалася да чэмпіянату свету юніёраў да 20 гадоў, які адбыўся ў маі ў Гватэмале.
Алена Чычкан уключана ў зборную групы “А” Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы па падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў у Лондане.
Пажадаем ёй поспехаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.