Ад школьнага парога — вялікая дарога

Нататкі са злёту выпускнікоў 2012 года, які праведзены на галоўнай плошчы райцэнтра

МОЛАДЗЬ — НАШ ГОНАР

У прывітальным слове старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак вітаў выпускнікоў з нагоды знамянальнай падзеі і адзначыў, што ім трэба адкрыць новую старонку ў жыцці і каб у іх гэта атрымалася.
Віктар Леанідавіч адрасоўваў найлепшыя словы ў адрас моладзі і ўпэўнены, што яна дастойна прадстаўляе раён — дабіваецца добрых вынікаў на алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах. Таму і пачынаць нарады ў раёне хочацца менавіта  з размовы пра  дасягненні маладых, бо яны з’яўляюцца правадніком усяго новага і перадавога.
У якасці прыкладу нагадаў пра поспех былога выпускніка гімназіі № 1 г. п. Карэлічы Рамана Пярэські і настаўніцу біялогіі гэтай навучальнай установы Г. К. Шклярж. Выказаў пажаданне, каб такіх талентаў было больш. “Усё ў жыцці даецца нялёгкай працай”, — адзначыў прамоўца.

В. Л. Шайбак пажадаў, каб успаміны і гэты дзень назаўсёды засталіся ў памяці выпускнікоў, а школьную дружбу, словы першай настаўніцы, першы ўрок  —  усё дарагое сэрцу ўзялі з сабою ў вялікае жыццё, выбралі сваю сцяжынку і пераадолелі ўсе цяжкасці, якія сустрэнуцца на жыццёвым шляху, былі патрэбнымі грамадству і ўмацоўвалі пачуццё патрыятызму.

 

РАЗВІТАЛЬНЫ БАЛЬ

Злёт выпускнікоў — важная падзея ў жыцці дзяўчат і юнакоў, іх настаўнікаў і бацькоў. Хваляваннем адгукаецца ў сэрцах удзельнікаў, бо самі калісьці былі выпускнікамі, і прысутнічаць на ўрачыстасці — адно задавальненне.

Намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык у сваёй прамове адзначыў, што ў жыцці ёсць моманты, якія нельга прыпыніць і змяніць, вечарам будуць успаміны і слёзы, а раніцай — першы світанак.  Пажадаў дзяўчатам і юнакам знайсці сябе ў жыцці,  і каб цяжкасці іх яшчэ больш загартоўвалі, а спадарожнікамі былі мудрасць і дабрыня, якія будуць дапамагаць ладзіць з людзьмі.
Руслан Юр’евіч уручыў прэміі Ігната Дамейкі таленавітым вучням школ раёна, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучэбнай, інтэлектуальнай і культурнай дзейнасці  — Ганне Чычкан (гімназія № 1 г. п. Карэлічы) і Аляксандры Петрыман (СШ г.  п. Мір) , а стыпендыю “Фонду міру” — Юліі Аляшкевіч (Ярэміцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа) і Дзмітрыю Цярэшку (СШ № 2 г. п. Карэлічы).

У сваім выступленні К. Л. Петрыман, бацька выпускніцы СШ г. п. Мір, гаварыў  аб  пастаяннай падтрымцы дзяцей, якая будзе прадаўжацца і ў будучым. Дадзенае свята, як і надвор’е, Канстанцін Леанардавіч назваў цудоўным, бо дождж у дзень выпускнога балю не перашкода. Яшчэ нашы продкі лічылі гэта за багацце, і пажадаў, каб жыццё  юнакоў і дзяўчат было багатым, а выпускнікі  — дастойнымі грамадзянамі нашай рэспублікі.

“ЖЫЦЦЁ БУДАВАЦЬ НА ВЕДАХ”

— На працягу многіх гадоў у раёне склалася добрая традыцыя ва ўрачыстай абстаноўцы праводзіць выпускнікоў школ у дарослае жыццё, — гаварыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Асташэвіч. — Зусім нядаўна адзвінеў апошні званок для 155 выпускнікоў раёна, у мінулым  — напружаныя экзамены. Выпускнікі школ раёна паспяхова справіліся з імі, паказалі высокі ўзровень ведаў па многіх прадметах, і 6 выпускнікоў прадстаўлены да ўзнагароды залатым і сярэбраным медалямі.
Сярод выпускнікоў — нямала пераможцаў і прызёраў раённых і рэспубліканскіх алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, розных творчых конкурсаў і спаборніцтваў. Атрыманы добрыя стартавыя магчымасці для працягу адукацыі.

Памятайце, што галоўнымі якасцямі, якія дапамогуць стаць паспяховымі ў жыцці, з’яўляюцца жаданне пастаянна абнаўляць веды, авалодванне інфармацыйнымі тэхналогіямі, замежнымі мовамі, эканамічнае мысленне, прававое ўсведамленне і камунікабельнасць.
Ірына Валер’еўна выказала ўпэўненасць, што сярод выпускнікоў няма тых, хто ў жыцці спадзяецца толькі на шчаслівы білет. Вы павінны ведаць: удача не даўгавечная, жыццё трэба будаваць на трывалых, глыбокіх фундаментальных ведах. Ад гэтага і будзе залежыць кар’ера, грамадскае становішча, адным словам, лёс. Забяспечанае жыццё, цікавую работу чалавеку дасць толькі высокі прафесіяналізм і здаровы лад жыцця. Ключ да поспеху — у асабістых руках. Толькі дабіўшыся поспеху ў жыцці,  дапаможаце росквіту раёна і рэспублікі.
І. В. Асташэвіч пажадала выпускнікам удачнага тэсціравання, дабра, шчасця і любові. Каб душа ніколі не ведала адзіноты, а побач былі любімыя і блізкія людзі. Здароўя, жыццялюбства, веры, і каб усё добрае і цудоўнае асвятляла жыццёвы шлях.

ВЫХОЎВАЦЬ САПРАЎДНЫХ ПАТРЫЁТАЎ

Грамадская арганізацыя “Белая Русь” узнагародзіла каштоўнымі падарункамі вучняў школ раёна, якія паказалі высокія вынікі ў грамадскай, інтэлектуальнай і культурнай дзейнасці — Дар’ю Шугля (гімназія № 1 г. п. Карэлічы) і Сяргея Араб’я (Красненскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа). Гэтую місію выканаў старшыня раённай арганізацыі І. А. Шлык.
Іван Аляксандравіч шчыра і сардэчна павіншаваў выпускнікоў з важнай падзеяй у іх жыцці і адзначыў, што “Белая Русь” сваю работу цалкам накіроўвала на падтрымку маладога пакалення — займалася патрыятычным выхаваннем. Выказаў спадзяванне, што выпускнікі школ раёна паступяць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, знойдуць сваё месца ў жыцці і папоўняць рады грамадскай арганізацыі “Белая Русь”.

Стыпендыяй “Беларускага дзіцячага фонду” ўзнагроджаны Надзея Бабанская (гімназія № 1 г. п. Карэлічы) і Анастасія Дзяшкевіч (СШ г. п. Мір). Іх уручыла старшыня раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”  В. В. Куляка.
Вольга Віктараўна адрасавала найлепшыя словы ў адрас выпускнікоў. У сваёй прамове  яна адзначыла, што свет, у які ўступаюць сённяшнія выпускнікі, павінен быць лепшым, а галоўнай  станцыяй — чалавек і чалавечнасць. Трэба захаваць і сваю годнасць — быць сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

ВЫПУСКНІК — ГУЧЫЦЬ ГАНАРОВА!

Які ён, сённяшні выпускнік?  Упэўнены, мэтанакіраваны, камунікабельны… Ды хіба магчыма спаўна ахарактарызаваць маладога чалавека, які ўпэўнена глядзіць у заўтрашні дзень?  Маладым па плячы многае, і хочацца верыць, што яны дасягнуць пастаўленых мэт. Першыя ступенькі яны прайшлі ў школе, дзе атрымалі трывалыя веды, спазналі цану працы і адкрылі для сябе жыццёвыя каштоўнасці. Наперадзе — вялікае жыццё…
Залатыя медалі атрымалі Дар’я Шугля і Антон Лугаўцоў (гімназія № 1 г. п. Карэлічы), Аляксандра Петрыман і Аксана Мазала (СШ г. п. Мір),  Юлія Аляшкевіч (Ярэміцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа), а сярэбраны медаль — Аляксандр Ламаносаў (Жухавіцкая СШ).

Ад імя выпускнікоў слова трымала Ганна Чычкан (11 «Б” клас гімназіі № 1 г. п. Карэлічы). Яна выказала словы падзякі раённаму выканаўчаму камітэту за стымуляванне выдатнікаў вучобы і падтрымку таленавітых вучняў, настаўнікам — за цярпенне, адданасць справе і атрыманыя веды,  а бацькам — за клопат і разуменне.  Звяртаючыся да выпускнікоў, заклікала не забываць школу, бацькоў, родны куточак.

СЛОВА НА ДАРОГУ

Для слова на дарогу быў запрошаны настаяцель царквы святых  апосталаў Пятра і Паўла г. п. Карэлічы Максім Цыгель. “Я закліканы спаслаць Блаславенне. Яшчэ нядаўна жадаў паспяховай здачы экзаменаў, а сёння хачу пажадаць, каб Гасподзь дапамог, калі вы будзеце здаваць уступныя іспыты ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Няхай усміхнецца вам удача — каб убачылі ў спісах студэнтаў  сваё прозвішча і імя”, — гаварыў святар і раіў з карысцю праводзіць час.
У вядучых урачыстасці    Кацярыны Каралько і Сяргея Араб’я таксама знайшліся  пажаданні, якія прымушаюць задумацца не толькі выпускнікоў, але і кожнага з нас, бо гэта па вялікаму рахунку залатыя правілы жыцця:
Самае высакароднае поле дзейнасці — служэнне дабру і праўдзе.
Самыя святыя паняцці — мама, бацькоўскі дом, сваякі.
Самая правільная дарога — дарога сумленнай працы.
Самая значная справа — тая, якую ты сам выбраў і якой ты адданы.
Самы мужны ўчынак — прызнанне асабістых памылак.
Самая моцная жыццёвая апора — веды.
Самая лепшая школа — наша.
Несумненна, школьныя гады застануцца ў памяці выпускнікоў. Як і развітальны баль, і прыгожы вальс, і словы на дарогу, і добрыя песні, і першы світанак… Усё гэта выпускнікі возьмуць з сабой у дарогу — у вялікае жыццё…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.