Будзем з кармамі

У СВК “Жухавічы” належыць убраць травы першага ўкосу з плошчы 1600 гектараў. На сённяшні дзень скошана 1380 га, што складае 86 %. Нарыхтавана 98 т сена, 8000 т сенажу (31 % да патрэбнага).
— Я задаволены працай нашых механізатараў, — гаворыць першы намеснік старшыні кааператыва В. В. Такушэвіч. — У параўнанні з мінулымі гадамі яны добра падрыхтавалі  кормаздабываючую тэхніку, і работа спорыцца, нягледзячы на дажджлівае надвор’е.
У нашай гаспадарцы налічваецца 9 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, і каб удосталь забяспечыць яе кармамі, выкарыстоўваем кожную спрыяльную хвіліну. Прыдбалі таксама дзве новыя ротарныя касілкі, а для здрабнення зялёнай масы выкарыстоўваем агрэгаты “Джон-Дзір”, “Ягуар” і КГ-6.

На трамбоўцы сянажнай масы ў ёмістасцях выкарыстоўваем трактар К-701 і пагрузчык “Амкадор”. У начны час выкарыстоўваем трактар МТЗ-3022 і “Джон-Дзір”. Трамбоўка вядзецца практычна кругласутачна. На новай ферме, напрыклад, мы за чатыры дні  здолелі закласці ў ёмістасць 3167 тон высакаякаснага сенажу з бабовых культур.
Дарэчы, кантроль за якасцю нарыхтоўваемага корму вядзем пастаянна з дапамогаю вільгацемера, тэрмометраў. Гэты працэс адсочваецца спецыялістамі кругласутачна.
Варта адзначыць людзей, якія добра падрыхтавалі тэхніку і зараз плённа працуюць на ёй. На касьбе траў добрых паказчыкаў дабіваюцца механізатары В. К. Штэйн, С. У. Мазур, С. В. Хіневіч, С. У. Хіневіч, М. С. Пракопаў.
На варушэнні зялёнай масы добра працуюць М. У. Булдык, С. М. Пракопаў, В. В. Варанко.
На адвозцы кармоў шчыруюць Аляксандр Саўкін, Сяргей Богуш, Валерый Гладун, Пётр Булдык, Віталій Астроўскі і іншыя.
На здрабненні зялёнай масы добра працуюць М. П. Дука і У. І. Сяляўка.
Важнае значэнне надаецца на касавіцы пытанням тэхнікі бяспекі і аховы працы, арганізавана гарачае харчаванне ўдзельнікаў “зялёнага жніва”, усе яны забяспечаны спецвопраткай і, пры ўмове завяршэння закладкі ёмістасці кармамі, маюць у нядзелю выхадны.
Першы ўкос у гаспадарцы завяршаецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.