Бывай, школа! Прывітанне, лета!

31 мая для ўсіх школьнікаў Беларусі празвінеў апошні званок. Урачыстую лінейку з гэтай нагоды падрыхтавалі і ў Турэцкай сярэдняй школе. Трэба сказаць, што апошні званок у сельскай школе — гэта штосьці асаблівае, падобнае на свята ў вялікай і дружнай сям’і, дзе ўсе адзін аднаго добра ведаюць і вельмі любяць.
Шчырыя словы прызнання ў любові дзяцей да настаўнікаў, настаўнікаў і бацькоў  да дзяцей, школьных сяброў гучалі на ўрачыстай лінейцы. Дырэктар навучальнай установы Г. У. Шугала, пажадаўшы выпускнікам шчаслівай дарогі, а астатнім добрага летняга адпачынку, выказала словы ўдзячнасці кіраўніку раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбаку, праўленню СВК імя Чарняхоўскага, Турэцкаму выканаўчаму камітэту, бацькам, сваім калегам і работнікам школы за падтрымку і ўзаемаразуменне.

У гэты дзень школьнікі пачулі не толькі шмат прыемных і добрых пажаданняў, але і атрымалі падарункі. Старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак прыехаў не з пустымі рукамі. Ён уручыў школе каштоўны падарунак — магнітафон “Philips” і выказаў спадзяванне, што на гэтым тэхнічнае аснашчэнне школы не скончыцца: у наступным годзе плануецца абуладкаванне лінгафоннага кабінета.

— Школа падарыла вам шмат шчаслівых хвілін, — адзначыў у сваёй прамове Віктар Леанідавіч, — навучыла быць добрымі, справядлівымі, шчырымі. Дзе б вы ні былі, не забывайце яе і сваіх настаўнікаў, вяртайцеся сюды, як птушкі ў гнёзды. Выпускнікам жадаю знайсці сваю дарогу ў жыцці, быць творчымі і крэатыўнымі. Для вас адчынены дзверы ў любую навучальную ўстанову, у краіне створаны ўсе ўмовы для вашай паўнацэннай вучобы і спакойнага жыцця. А вам, дарагія школьнікі, жадаю цёплага і цікавага лета, правядзіце яго так, каб 1 верасня вы зноў пераступілі школьны парог з адчуваннем таго, што добра адпачылі і набраліся сіл.

Старанная праца выдатнікаў вучобы была адзначана грашовымі прэміямі ад шэфскай гаспадаркі: іх уручыў рабятам старшыня СВК імя Чарняхоўскага М. М. Шуляк.

На гэтым дажджапад падарункаў не спыніўся. У рамках рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч”, арганізаванай ААТ “Белаграпрамбанк”, Асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола”, Мініс-тэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, кожны першакласнік Турэцкай школы атрымаў у падарунак футбольны мяч ад прадстаўнікоў аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. п. Карэлічы. Намеснік начальніка аддзялення Г. В. Кадлубай выказала спадзяванне, што гэтыя падарункі дапамогуць дзецям арганізаваць свой летні адпачынак у спартыўным накірунку.

Развітальны вальс, які падарылі выпускнікі гасцям урачыстасці, і ўзляцеўшыя ў неба паветраныя шары-жаданні сталі заключным акордам яркай школьнай цырымоніі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.