Дом, дзе ўладарыць любоў да кнігі

Цяжка не пагадзіцца са сцвярджэннем філосафа  Д. Дзідро: “Людзі перастаюць думаць, калі перастаюць чытаць”. I як працяг гэтай думкі — словы савецкага знакамітага педагога В. А. Сухамлінскага: “Невычэрпнай, незамянімай крыніцай твайго духоўнага багацця з’яўляецца кніга. Умей не толькі чытаць, але і перачытваць. Чытанне — гэта праца, творчасць, самавыхаванне тваіх духоўных сіл, волі”. Вось таму рашэнне аб’явіць 2012 год у Беларусі Годам кнігі  было своечасовым важным крокам на шляху павышэння зацікаўленасці маладога пакалення да кнігі, бо, на жаль, сёння, у век камп’ютарызацыі, ёй адводзіцца роля другога плану.

Міжволі прыгадваецца мудрае выказванне, пакінутае нам Вальтэрам: “Чытаючы ў першы раз добрую кнігу, мы адчуваем такое ж хваляванне, як пры набыцці новага сябра. Паўторна прачытаць ужо раней прачытаную кнігу, — значыць ізноў убачыць старога сябра.”Ці ж маем мы маральнае права прынесці ў ахвяру модзе сучаснасці даўняе сяброўства? Іменна гэтае пытанне-роздум прывяло мяне ў Карэліцкую цэнтральную раённую бібліятэку, дзе працуюць улюбёныя ў сваю прафесію людзі, па-сапраўднаму адданыя Яе Вялікасці Кнізе. Захацелася з іх вуснаў атрымаць інфармацыю аб тым, як ставяцца да кнігі чытачы нашага пасёлка, раёна, што турбуе работнікаў бібліятэкі, якімі надзеямі яны жывуць.
Першая сустрэча ў доме, дзе ўладарыць любоў да кнігі, адбылася, само сабой зразумела, з дырэктарам Карэліцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ліліяй Канстанцінаўнай Арцюх, чалавекам сапраўды апантаным сваёй прафесіяй, якую выбрала не стыхійна, а мэтанакіравана, бо з дзяцінства любіла чытаць, ды і прыклад роднай цёці, загадчыцы сельскай бібліятэкі на Навагрудчыне, таксама адыграў немалую ролю.
Невыпадкова, што ў працоўнай кніжцы Ліліі Канстанцінаўны толькі два запісы: 1984 год, калі яна, скончыўшы з чырвоным дыпломам Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, пачала працоўную дзейнасць бібліятэкарам Карэліцкай ЦРБ, потым старэйшым, галоўным бібліятэкарам, двойчы атрымаўшы за гэты час ганаровае званне “Бібліятэкар года”, і 2004 год, калі, ужо маючы на руках дыплом аб заканчэнні Мінскага інстытута культуры, была прызначана дырэктарам Карэліцкай цэнтралізаванай сістэмы.

Клопатаў у дырэктара шмат. Галоўны — захаваць сучасны рытм жыцця самой сістэмы, у складзе якой — Карэліцкая дзіцячая, Мірская пасялковая, 21 сельская і Карэліцкая цэнтральная бібліятэкі, у фондзе іх — звыш 453 тысяч асобнікаў (кніг, газет, часопісаў, электронных выданняў), а колькасць чытачоў у раёне налічвае звыш 19 тысяч чалавек! “Дзякуючы чаму ўдаецца захоўваць высокі на наш час працэнт наведвальнікаў бібліятэк? —  задае пытанне Л. К. Арцюх і тут жа дае на яго адказ. — У першую чаргу, дзякуючы высокаму прафесіяналізму, адданасці сваёй справе, незвычайным душэўным якасцям і творчым задаткам бібліятэкараў (іх у раёне — 45 чалавек).
Нягледзячы на невялікія заработныя платы, яны верна служаць Кнізе, дапамагаюць людзям спазнаваць яе невычэрпную каштоўнасць.
Цёпла, з няскрытай гордасцю характарызуе яна зладжаны, дружны калектыў цэнтральнай раённай бібліятэкі (у 2008 г. работа ЦРБ была адзначана дыпломам III ступені “Лепшая ўстанова культуры” сярод цэнтральных бібліятэчных сістэм Гродзенскай вобласці), зазначаючы, што кожны з 15 бібліятэкараў цэнтральнай і з пяці — дзіцячай раённай бібліятэкі, намеснік дырэктара Драздова Жанна Пятроўна заслугоўваюць найвышэйшай адзнакі за ініцыятыўнасць, адказнасць, творчы падыход да працы. Шчырыя словы ўдзячнасці адрасуе Лілія Канстанцінаўна раённаму аддзелу культуры і асабліва раённаму выканаўчаму камітэту за пастаянную дапамогу ў выдаткаванні матэрыяльных сродкаў з бюджэту раёна для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, для папаўнення бібліятэчнага фонду, афармлення падпіскі на газеты і часопісы. Такая рэальная падтрымка дала магчымасць забяспечыць камп’ютарнае абслугоўванне чытачоў, што значна аблягчае працу бібліятэкараў. “Хачу спадзявацца, —  гаворыць Л. К. Арцюх, — што ў гэтым знамянальным для нас Годзе кнігі ўдасца забяспечыць камп’ютарнай тэхнікай сельскія бібліятэкі. Колькі б карыснага часу для ўзаемадзеяння з чытачамі з’явілася ў бібліятэкараў замест папернай пісаніны! I наогул, думаецца, Год кнігі стане дзейсным штуршком папулярызацыі друкаваных выданняў, дапаможа маладому пакаленню вярнуць для сябе дэвіз, папулярны раней: “Чытаць — гэта мудра, чытаць — гэта модна”. Дарэчы сказаць, такі дэвіз у сваёй дзейнасці абралі работнікі бібліятэкі сёлета. “Хочацца верыць, што мода на чытанне вернецца, умацуецца, а кніга па-ранейшаму застанецца сімвалам выхавання духоўнасці, — прадаўжае Лілія Канстанцінаўна. — А мы, бібліятэкары, будзем прыкладваць усе намаганні, каб спрыяць маральнаму выхаванню насельніцтва, выхаванню патрыятызму,  здаровага ладу жыцця, цікавасці да краязнаўства, да беларускай кнігі”.

Тое, што такія накірункі працы —  галоўныя ў рабоце калектыву цэнтральнай раённай бібліятэкі, упэўніваешся яшчэ больш, калі спрабуеш прааналізаваць шматлікія абавязкі бібліятэкара, бо вонкава ўсё выглядае проста: даў параду чытачу, выдаў кнігу ці часопіс, правёў нейкае мерапрыемства. На самой справе гэта не зусім так, і кожны аддзел бібліятэкі выконвае шмат функцый, патрабуючых высокага прафесіянальнага майстэрства.
Аддзел абслугоўвання і інфармацыі аб’ядноўвае абанементскі і чытальны залы, непасрэдна працуе з чытачамі. Яго загадчыца І. М. Скуратовіч, выпускніца Мінскага інстытута культуры, працуе ў Карэліцкай раённай бібліятэцы з 2001 года, да гэтага адпрацаваўшы 10 гадоў у Мірскай дзіцячай бібліятэцы, уражвае заўсёды прыроджанай інтэлігентнасцю, знешняй абаяльнасцю, глыбокім веданнем літаратуры, карэктнасцю, уменнем наладзіць кантакт з наведвальнікам любога ўзросту, талентам прапанаваць іменна такое выданне, якое адпавядае густу чытача.
Апантанасць да працы ў яе ад бацькі М. І. Дулуба, чыё імя, як работніка культуры, было вядома ва ўсёй рэспубліцы. “Галоўнае для мяне і маіх цудоўных калег па аддзелу, — гаворыць Іна Мікалаеўна, — узняць узровень чытаемасці. Для гэтага многа ўвагі ўдзяляецца прапагандзе кнігі, падрыхтоўцы і правядзенню масавых мерапрыемстваў, выступленняў інфармацыйнага характару на радыё, на старонках раённай газеты “Полымя”, папаўненню кніжнага фонду, абслугоўванню інвалідаў, састарэлых людзей на даму…”.

Іну Мікалаеўну дапаўняе гаспадыня чытальнай залы В. І. Кошур — бібліятэкар з 33-гадовым стажам (30 з іх — у Карэліцкай бібліятэцы), сапраўдны аматар сваёй справы, які любіць працу, таму з захапленнем імкнецца перадаць яе шматграннасць. Акрамя падбору і выдачы літаратуры (а Валянціна Іванаўна ведае густы кожнага з паўтара тысяч чытачоў), неабходна весці краязнаўчую картатэку, заносіць яе даныя ў электронную базу, міжбібліятэчны абанемент (гэта значыць, звяртацца ў бібліятэкі рэспублікі, калі патрэбнага выдання няма ў чытальнай зале), займацца падпіскай на газеты і часопісы, рыхтаваць мерапрыемствы рознага характару, выставы работ народных умельцаў нашага раёна і інш. У чытальнай зале і на абанеменце прадастаўляецца шэраг платных паслуг: выдача кніг і часопісаў з фонду бібліятэкі, электронных выданняў і многае іншае. У 2011 годзе ЦБС зарабіла 23 мільёны рублёў, некаторая доля з іх выдзялялася на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэкі і набыццё літаратуры ў камерцыйны фонд.
Дзейнасць аддзела камплектавання (загадчык Л. У. Кузьміч) і бібліятэчнага маркетынгу (загадчык Н. У. Казарэз) спрыяе зладжанасці работы ЦРБ і бібліятэк раёна на карысць чытачам, хоць знешне гэта не так відавочна, як у рабоце названых вышэй аддзелаў. Іх супрацоўнікамі вядзецца камплектаванае і апрацоўка кніг, размеркаванне іх па бібліятэках, інвентарызацыя літаратуры, аказваецца метадычная і практычная дапамога сельскім бібліятэкам, праводзяцца заняткі школы прафесійнага майстэрства, распрацоўваюцца метадычныя матэрыялы рознага накірунку, якімі карыстаюцца бібліятэкары раёна пры правядзенні тэматычных мерапрыемстваў пры цесным супрацоўніцтве са школамі, дзіцячымі садкамі, музеямі, школамі мастацтваў, медыцынскімі работнікамі.
Адным словам, цэнтральная раённая бібліятэка вядзе немалую работу, каб любоў да кнігі не гасла, а, наадварот, узрастала і вяртала ёй даўняе прызначэнне, сэнс якога знаёмы кожнаму з нас з дзяцінства: “Кніга — крыніца ведаў”, за што ад нас, чытачоў, хочацца перадаць дружнаму калектыву бібліятэкі шчырую ўдзячнасць і пажадаць новых здзяйсненняў і поспехаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.