Фельчар Фёдар Бядрыцкі

Павестку ваенкамата на тэрміновую ваенную службу Фёдар Пятровіч Бядрыцкі атрымаў 6 лютага 1940 года. Пачынаў яе на пасадзе фельчара санітарнай часці 8-га асобнага аднаўленчага батальёна 17-й  чыгуначнай брыгады, якая будавала чыгуначныя шляхі ў Заходняй Беларусі і Украіне, Бесарабіі. Пераводзіла чыгунку з вузкай каляіны на шырокую.
Часць дыслацыравалася недалёка ад г. Стаўбцы і ўзводзіла чыгуначнае палатно на ўчастку Цімкавічы-Баранавічы.
— Жылі мы ў лясным масіве ў палатках, — успамінае Фёдар Пятровіч. — Працавалі шэсць дзён у тыдзень, а ў выхадныя дні аматары гімнастыкі выступалі перад мясцовым насельніцтвам…
21 чэрвеня 1941 года, вечарам мы глядзелі кінафільм, а на 22 чэрвеня было намечана спартыўнае свята на стадыёне ў Цімкавічах.
У нядзелю была ціхая, сонечная раніца, і батальён пешым парадкам адправіўся на свята. Дзесьці на Паўднёвым Захадзе чутны былі раскаты, падобныя на гром, і ўсе рашылі, што набліжаецца навальніца.
Спаборніцтвы пачаліся ў 11 гадзін і  дзесьці каля палудня я выконваў практыкаванні на турніку, як раптам на стадыён заехала “эмка”. Значыць прыехала высокае начальства. Аднак з машыны выйшаў пагранічнік. Да яго падбеглі камандзіры падраздзяленняў, аб нечым пагутарылі і над стадыёнам прагучала па рупару каманда: “Спыніць заняткі!”.
Мы былі ў незразуменні, а потым пранёсся шэпт: “Вайна. Напалі немцы”.

Камандаванне батальёна спрабавала звязацца са штабам брыгады, але  сувязі не было. Вярнуўшыся ў лагер мы прадоўжылі працу на чыгунцы, бо ніякіх прыкмет вайны тут не было. Так працягвалася да 24 чэрвеня.
Потым было прынята рашэнне адправіць нас на зімовыя кватэры. Толькі сабраліся мы на станцыі, як паказаўся варожы бамбардзіроўшчык. Па ім адкрылі агонь з кулямёта і падбілі, а экіпаж з пяці чалавек узялі ў палон.
Цягніка мы так і не дачакаліся. Пераначавалі ў лесе і накіраваліся на Слуцк і ўжо на досвітку былі на яго ўскраіне. У горадзе было шмат войскаў. І тут наляцелі варожыя самалёты, пачаўся артылерыйскі абстрэл. Усё вакол палала, з’явіліся першыя ахвяры. Плакалі дзеці, прасілі ратунку жанчыны, параненых выносілі ў бліжэйшы лясок.
Горад бамбілі цэлы дзень. Нашы часці  з цяжкасцю стрымлівалі націск гітлераўцаў. А ў канцы дня на яго вуліцах з’явіліся нямецкія танкі і пяхота. Мы пакінулі Слуцк па загаду камандавання, а з таго боя з нашага батальёна выйшлі толькі адзінаццаць чалавек.
Пасля гэтага сталі фарміраваць новыя часці, і я трапіў у санчасць 126 стралковага палка. Пачалося адступленне і цяжкі ваенны час. Нас перакінулі на абарону Кіева.
Ваяваў на Заходнім і Паўднёва-Заходнім франтах. Трапіў у палон і быў вывезены ў Германію. Спробы ўцёкаў былі няўдалыя. А вызвалілі нас амерыканскія войскі. Усіх былых ваеннапалонных адправілі служыць у 377 запасны стралковы полк, а пасля праверкі перавялі ў Карэльск, дзе праслужыў да 25 снежня 1945 года. У лютым 1946 года ўзнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”. Маю ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, 17 медалёў, у тым ліку “Захісніку Вітчізні” за абарону Кіева.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.