Лечаць і словам, і справай

Як вядома, у нашым раёне 17 і 18 мая з мэтай аказання кансультатыўна-дыягнастычнай дапамогі насельніцтву працавала група спецыялістаў установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт”.
Сталічныя медыкі вялі прыём пацыентаў у цэнтральнай раённай паліклініцы, Райцаўскай і Лукскай амбулаторыях урача агульнай практыкі.

Аб складзе групы спецыялістаў і праведзенай рабоце па просьбе журналіста расказаў кіраўнік групы медыкаў хірург, дацэнт кафедры агульнай хірургіі А. І. ЛЕМЯШЭЎСКІ.
— У нашай групе, — гаварыў Аляксандр Іванавіч, — адзінаццаць спецыялістаў па розных напрамках дзейнасці. Гэта прафесар А. Я. Сямак — неўролаг, Л. І. Ясінская — дзіцячы неўролаг, Г. В. Палянская — урач-тэрапеўт, У. А. Петракоў — ЛОР-урач, А. В. Нікіціна — гінеколаг, У. У. Строгій — педыятр, В. Л. Побаль-Салонко — афтальмолаг, В. В. Бар’яш — анколаг, М. В. Качук — дэрматавенеролаг і А. П. Беспальчук — траўматолаг.
У адпаведнасці са сваімі спецыяльнасцямі мы працуем на розных кафедрах Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Усе прыехаўшыя спецыялісты маюць вучоныя ступені і званні. Гэта прафесар, дацэнты, кандыдаты медыцынскіх навук.
Хачу адзначыць, што зацікаўленасць жыхароў Карэліцкага раёна да нашых медыцынскіх аглядаў з гадамі ўмацоўваецца. Адзін-два разы ў год мы прыязджаем з гэтымі аглядамі і кожны раз да нас прыходзяць людзі, якім мы ўжо аказвалі не толькі кансультатыўную дапамогу, а і спецыялізаваную, ужо ў сваіх медыцынскіх установах, дзе непасрэдна працуем. Многія з іх звяртаюцца да нас пасля агляду ў планавым, а часам і ў экстраным парадку. Па-рознаму бывае.
Мы заўсёды з душою адносімся да пажаданняў, просьбаў людзей, іх бедаў і захворванняў. Едуць да нас практычна з любой вёскі Карэліцкага раёна, а бывае, што ў час нашых кансультацый на Карэліччыне прыязджаюць людзі з іншых раёнаў, каб даведацца як, якім метадам пазбавіцца ад сваёй хваробы.
Вельмі часта звяртаюцца да нас, каб проста зразумець ці правільна іх лечаць у Карэліцкім раёне. І хачу сказаць, што ў пераважнай большасці выпадкаў гэта збалансаванае, правільнае, аптымальнае лячэнне мясцовымі медыкамі. Такое імкненне людзей зразумелае, ім хочацца валодаць інфармацыяй пра стан свайго здароўя з некалькіх крыніц, атрымаць падтрымку і быць упэўненымі, што ўсё ідзе належным чынам.
Хачу падзякаваць адміністрацыі раёна, старшыні райвыканкама, галоўнаму урачу ЦРБ і ўсім арганізатарам выезду нашай групы, а таксама жыхарам раёна за вельмі паважлівыя адносіны да нас. Вашы цеплыня і добразычлівасць пацвярджаюць прафесіяналізм кожнага ўрача, служаць своеасаблівай узнагародай за нялёгкую, але пачэсную працу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.