“Мірскі замак — 2012”

Пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і Мірскага пасялковага Савета дэпутатаў у рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Беларусь у маім сэрцы” адбылося дзясятае свята мастацтваў “Мірскі замак-2012”. Юбілейнае мерапрыемства заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” праходзіла пад лозунгам “Мірскі замак — гонар Беларусі і ЮНЕСКА”.
Пачалося свята ва ўнутраным дворыку Мірскага замка канцэртам ансамбля трубачоў “Мірскія фанфары” пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара Мікалая Волкава.

Затым месца дзеяння пераносіцца ў партрэтную залу замка, дзе адбыўся канцэрт вакальнага ансамбля пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай і струннага квартэта пад кіраўніцтвам Таццяны Вайлапавай “Мелодыі Мірскага замка”, які вяла доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава.
— Я маю гонар доўгі час супрацоўнічаць з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі, — гаварыла яна, — які аднавіў усю музычную гісторыю Беларусі, пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга. І сёння мы ўзнаўляем у гуках 500-гадовую гісторыю Радзівілаўскага мецэнацтва.

У цудоўнай зале музея гучалі песні і музыка, якіх не чулі людзі з ХVІ стагоддзя. Былі выкананы класічныя творы Вацлава Шамота, Мікалая, Мацея, Барбары Радзівіл, Міхаіла Клеафаса Агінскага, які праславіўся сваімі паланэзамі, рамансамі і быў папулярны на Захадзе. Тэксты да яго твораў былі напісаны еўрапейскімі аўтарамі, а зараз перакладзены на беларускую мову.
Варта, аднак, падкрэсліць  акалічнасць, што ў тыя далёкія гады беларускія музыканты, кампазітары былі донарамі для іншых культур. І мы маем права імі ганарыцца.
У заключэнне В. У. Дадзіёмава падзякавала гаспадарам музея за гасціннасць, а хору і квартэту — за цудоўны канцэрт.
А тым часам у Мірскім пассавеце адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам народнага артыста, прафесара М. Я. Фінберга.
Адкрываючы яе, старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак гаварыў: “Галоўная задача зараз для нас захаваць нашу культуру, вялікую гістарычную спадчыну, якую мы маем. На мой погляд, культура і вытворчасць, гэта адно цэлае. Культура павінна быць і на вытворчасці, і ў душы, бо калі ёсць духоўнасць, то будзе і культура. Захаваць для нашчадкаў матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці — наш абавязак.
Мірскі замак. Яго наведалі ўжо з 1 студзеня гэтага года больш як 40 тысяч чалавек,  а за май — 30 тысяч турыстаў, за паўтара года — больш як 300 тысяч. Людзі едуць, значыць ім гэта трэба. І ў гэтай справе важная роля належыць аркестру і маэстра Міхаілу Фінбергу, таму я падтрымліваў і падтрымліваю яго высакародную дзейнасць.
Сёння дзясятае, юбілейнае, свята мастацтваў і я шчаслівы, што шэсць з іх ладзіліся з маім удзелам. Дзякуй вам, Міхаіл Якаўлевіч. Упэўнены, што наша супрацоўніцтва будзе працягвацца.

Затым слова трымаў М. Я. Фінберг:
— Сёння мы ў Міры дзясяты раз. Гэта не проста лічба. Гэта дзесяць фестываляў, дзесяць летапісаў, дзесяць успамінаў, дзесяць гістарычных падзей, якія адпрацаваны навукова з удзелам нашага калектыву. Мы правялі тут дзевяць навукова-практычных канферэнцый, выпусцілі шэсць кніг. Гэта гаворыць пра многае. На вялікі жаль, каля нашай справы шмат балбатуноў, якія многа абяцаюць, але хутка забываюць пра гэта.
Падрыхтаваць кожны фестываль вельмі няпроста, а нават цяжка. Але гэта мы робім з усёй адказнасцю і праводзім у Міры тое, чаго не робім у Мінску. У сталіцы, на жаль, гэта не запатрабавана.

Сёння мы адраджаем гісторыю музыкі ХVІ, ХVІІ стагоддзяў, але можа стацца, што пры такіх абыякавых адносінах да захавання музычнай спадчыны, прыдзецца аднаўляць ноты ХХ стагоддзя. Гэта вельмі балюча і крыўдна.
За тое, што за гэты перыяд мы змаглі зрабіць у Мірскім замку, вялікая ўдзячнасць старшыні Карэліцкага райвыканкама. Для мяне гэта вельмі важна, як важна і тое, што турысты змаглі пабачыць канцэрт у сценах Мірскага замка і дзякавалі за гэта. Для іх гэтыя ўражанні застануцца на ўсё жыццё.
Мы робім сваю справу пры актыўнай дапамозе абласнога, раённага і пасялковага выканаўчых камітэтаў, Міністэрства культуры. І я сёння хачу яшчэ раз выказаць словы ўдзячнасці губернатару Гродзенскай вобласці С. Б. Шапіры за яго асабістую дапамогу, а таксама мясцовым органам улады.
Маэстра нагадаў, што гэта 150-ы фестываль калектыву, якія праходзяць у малых гарадах Беларусі.
— Нашы святы ладзяцца для іх жыхароў, — гаварыў Міхаіл Фінберг, — для тых людзей, якія жывуць у малых паселішчах і заняты нялёгкай працай у сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Гэты праект стартаваў сямнаццаць гадоў назад і ён будзе прадоўжаны пакуль будзе біцца маё сэрца.
Міхаіл Якаўлевіч падзякаваў прысутным журналістам за супрацоўніцтва і адказаў на іх пытанні.
Аб дзейнасці музея “Замкавы комплекс Мір” і планах на перспектыву на прэс-канферэнцыі расказала яго дырэктар В. М. Папко.
Свята мастацтваў працягвалася ў Мірскім гарадскім Доме культуры, дзе з прэм’ернай канцэртнай праграмай “Знаныя імёны: народны артыст Беларусі Генрых Вагнер” выступілі ансамблі флейтыстаў, трубачоў, кларнетыстаў, салістаў на драўляных духоўных інструментах, вакальны ансамбль, струнны аркестр.
На гэтай жа сцэне адбылося выступленне творчай моладзі Карэліцкага раёна.
“Традыцыі Айчыннай духоўнасці”— пад такой назвай прайшоў у Мікалаеўскім касцёле канцэрт вакальнага ансамбля і струннага аркестра пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай і Валерыя Сарокі.
Свята мастацтваў завяршылася ў раённым Доме культуры (г. п. Карэлічы) канцэртам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і зорак беларускай песні.
Сёлета М. Я. Фінберг адзначае 50-годдзе сваёй творчай дзейнасці, а аркестр — 25-годдзе з дня яго заснавання. З гэтай нагоды намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык уручыў маэстра Фінбергу Ганаровую грамату райвыканкама, а артыстам і музыкантам — кветкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.