“Нашы прыйшлі!”

Ураджэнка вёскі Кліны, што ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці, Надзея Агееўна Чарнаусава, 15 лютага 2012 года адзначыла сваё дзевяностагоддзе. Шмат пабачыла і перажыла жанчына на сваім вяку, і кожны эпізод застаецца як напамін пра нялёгкае дзяцінства, пра жахі ваеннага ліхалецця.
З васьмі дзяцей у сям’і Надзея была шостай. Двое памерлі ў маленстве, а на шостым годзіку засталася сіратою Надзя, — памерла мама. Не варта гаварыць які гэта хлеб сірочы. Тым не менш, Надзея паспяхова закончыла сямігодку і паступіла ў Магілёўскае педвучылішча. Усё складвалася так, што мара стаць настаўніцай стала явай.
Быў водпуск. Нядзеля, 22 чэрвеня 1941 года.Надзея з сяброўкай адправілася на прагулку па тых мясцінах, дзе прайшло іх басаногае дзяцінства.
З букетамі лясных і палявых кветак дзяўчаты выйшлі да дарогі і нямала здзівіліся, калі ўбачылі як з боку Магілёва едзе фурманка, а побач ідзе малады чалавек і плача. Не ведалі сяброўкі сапраўднай прычыны слёз юнака.
А тым часам бацькі, сяброўкі Рыты, якія працавалі настаўнікамі і мелі дэтэктарны радыёпрыёмнік, пачулі страшную вестку — вайна. Яна хутка абляцела ўсіх вяскоўцаў. Было многа слёз і роспачы, у Надзеі таксама. Бацька як мог супакойваў, маўляў, усё абыдзецца. Аднак не абышлося.Пазней ад рук паліцэйскіх загінуў брат.
У першыя дні вайны ўсё заставалася па-ранейшаму. Было ціха, як раптам у небе з’явіўся нямецкі бамбардзіроўшчык. На перахват яму імчаў наш знішчальнік, які трапным агнём падбіў яго. Экіпаж варожага самалёта спрабаваў ратавацца на парашутах, але толькі аднаму гітлераўцу ўдалося прызямліцца жывым. Ён кінуўся наўцёкі, але быў затрыманы і перададзены чырвонаармейцам.
Праз некалькі дзён трывожную цішыню разарвала нечаканая страляніна ў пачатку вёскі, а неўзабаве з’явіліся гітлераўцы на матацыклах і грузавіках. Аказалася, што нямецкая калона заблудзілася, і фашысты забралі ў якасці правадніка да бліжэйшага населенага пункта бацьку Надзеі. Усе спадзяваліся, што ў Пясчанцы яго адпусцяць, але фашысты і не думалі гэта рабіць. Дачакаўшыся ночы, яму ўдалося ўцячы, але па дарозе некалькі разоў трапляў у лапы гітлераўцаў і кожны раз быў жорстка збіты. Гэта былі першыя ўрокі “новага парадку”.
Акупанты адчувалі сябе ў беларускай вёсцы гаспадарамі. Паставілі ў садах палаткі, весяліліся, спявалі, каталіся на матацыклах, а абслугоўваць сябе прымушалі вяскоўцаў.
— Аднаго дня гітлераўцы прымусілі адну з сялянак мыць ім бялізну, — успамінае Надзея Агееўна. — Абураная жанчына з умешкай сказала: ”Каб цябе першая куля не мінула, фашыст пракляты!”. Немец не зразумеў сказанага, але побач аказаўся перакладчык, які растлумачыў таму сэнс “пажадання” сялянкі.Толькі шчаслівы выпадак выратаваў яе ад немінучай гібелі.
Першая хваля акупантаў не толькі прымушала мясцовых жыхароў працаваць на сябе, а і бязлітасна рабавала сялян. Нават на самалёце прыляталі за правіянтам: стралялі курэй, забіралі яйкі, малако, адбіралі свіней і нават буйную рагатую жывёлу. У маіх родных таксама забралі карову-карміцельку.
Страшна было, бо ніхто не ведаў яшчэ на што фашысты здольныя. А калі ў суседняй вёсцы ўсіх жыхароў сагналі на ўскраіну , пасадзілі на зямлю і адкрылі агонь з аўтаматаў і кулямётаў. На гэты раз паверх галоў. Але можна ўявіць, што адчувалі ў той момант мірныя людзі.
Натуральна, што жорсткасць акупантаў выклікала супраціўленне насельніцтва. Стваралася падполле, шырыўся партызанскі рух.
Давялося і мне аднойчы моцна рызыкаваць, калі на словы фашыста: “Сталін капут”, адказала: “Не, гэта Гітлер капут!”.
Гітлераўца мая рашучасць насмяшыла, настолькі ён быў упэўнены ў сіле вермахта. А мы ўсе верылі ў перамогу. А тут і Чырвоная Армія пачала паспяховае наступленне на ўсіх франтах.
Я была партызанскай разведчыцай, а яшчэ дапамагала даглядаць параненых у партызанскім шпіталі, які размяшчаўся побач з аэрадромам у Клічаўскім раёне, на якім прызямляліся самалёты з Вялікай зямлі. Яны забяспечвалі народных мсціўцаў боепрыпасамі, рыштункам, а назад забіралі параненых і дзяцей. Адзін палёт — адзін паранены і адно дзіця вывозіліся ў бяспечнае месца.І нас радавала вельмі тое, што за ўвесь час ніводзін самалёт не збілі над лініяй фронту.
Чарговы самалёт затрымаўся на партызанскім аэрадроме з-за неспрыяльнага надвор’я, і пілот паведаміў:”Заўтра будуць браць Магілёў”. Гэта бала радасная навіна. А хутка мы ўбачылі і адступаючых немцаў. Куды толькі падзеўся іх гонар.
Мяне ў гэтыя дні ўрач адправіла са шпіталя ў сваю роту, а хутка паступіў загад перадыслацыравацца ў асноўны лагер за ракою Друць. (Да гэтага партызанскі атрад дзейнічаў у Клічаўскім раёне).
Змучаныя цяжкім пераходам, мы размясціліся ў зямлянках, а насустрач наступаючай Чырвонай Арміі выслалі разведку, якая радасна паведаміла: ”Нашы прыйшлі!”.
Немагчыма пераказаць, якая гэта была радасная сустрэча . Як весела прайшла яна.
Армію-вызваліцельніцу сустракалі на вялікай лясной паляне, дзе адбыўся мітынг. На ім выступалі камандзіры Чырвонай Арміі і партызанскіх атрадаў. Гаварылі аб пераможных аперацыях франтавікоў і народных мсціўцаў, але ўсе разумелі, што гэта яшчэ не канец вайны.
Амаль у кожнага ўдзельніка мітынгу нехта загінуў у барацьбе з фашызмам, таму партызаны і байцы былі поўны рашучасці помсціць ворагу да пераможнага канца. У заключэнне мітынгу былі музыка і танцы, гучалі песні і вершы самадзейных паэтаў і кампазітараў, а потым партызан абмундзіравалі і адправілі на фронт.
А затым наступілі мірныя стваральныя дні. Я стала працаваць настаўніцай у Сялецкай пачатковай школе, а праз два гады атрымала выклік на выезд да месца службы мужа ў Кітайскую Народную Рэспубліку.
Прайшло трыццаць два гады з той пары, як цяжкая хвароба скасіла маёра Барыса Максімавіча Чарнауса. Надзея Агееўна закончыла Магілёўскі педагагічны інстытут і 43 гады адпрацавала на ніве адукацыі. Зараз жыве ў Карэлічах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.