Ураджайнае зярнятка таленту

Сваіх эмоцый (і не толькі я) хаваць не буду і дазволю сабе адмовіцца ад стандартаў афіцыйнага газетнага жанру, каб перадаць тую радасць, якая ахапіла сэрца, калі прыйшла вестка, што Указам Прэзідэнта краіны А. Р. Лукашэнкі Ганне Канстанцінаўне Шклярж, настаўніцы біялогіі гімназіі № 1 г. п. Карэлічы, прысвоена званне “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”. Ура! Нарэшце доўгачаканая ўзнагарода прыйшла да чалавека, які на працягу многіх гадоў сваімі працоўнымі здабыткамі ўпрыгожвае вяночак Славы нашага раёна, вобласці, рэспублікі! Не хачу вяртацца ў мінулае (хоць маю права, як былая калега Ганны Канстанцінаўны), але ўсё ж зазначу: гэтая шчаслівая падзея магла б адбыцца значна раней. Чагосьці тады не хапіла: ці то настойлівасці і ўпартасці адпаведных службаў, ці то іх цвёрдасці пры адстойванні свайго пункту гледжання перад бюракратызмам. Не ведаю. Галоўнае ж сёння: справядлівасць устаноўлена, у чым немалую ролю адыграла зацікаўленасць аддзела адукацыі райвыканкама, яго начальніка  І. В. Асташэвіч, адміністрацыі гімназіі і асабіста  В. Л. Шайбака, старшыні райвыканкама, у станоўчым вырашэнні пытання,  за што ім нізкі паклон.
Ведаю, што радасць Ганны Канстанцінаўны шчыра раздзяляюць яе сям’я, родныя, калегі па працы, сябры, былыя і цяперашнія вучні, іх бацькі, наогул усё настаўніцтва раёна. І што немалаважна (цвёрда ўпэўнена ў сказаным): не знойдзецца ніводнага чалавека, хто б выказаў сумненне ў тым, адпавядае ганароваму званню Г. К. Шклярж ці не, наадварот, адзінадушна пагодзяцца: нарэшце шматгадовая, неймаверна адказная праца па крышталізацыі таленту вучняў дастойна ацэнена. А гэта таксама свайго роду дапаўняльная, не менш каштоўная ўзнагарода ад людзей, сярод якіх аўтарытэт Ганны Канстанцінаўны мае самы высокі рэйтынг на працягу ўсёй яе педагагічнай дзейнасці.
Яе фанатычную ўлюбёнасць у сваю працу, яе фантастычнае ўменне любіць дзяцей, яе ўнутранае багацце і прыроджаны такт ва ўзаемаадносінах з імі, Талент заваёўваць іх сэрцы асабістым прыкладам можна аднесці да ліку легендарных, не баюся гэтага слова. Мяккая, але цвёрдая ў дасягненні мэты; па-мацярынску пяшчотная; патрабавальная, але справядлівая, яна пастаянна, з году ў год, разам з выхаванцамі праходзіць складаны маршрут да пакарэння Алімпу ведаў.
Ці лёгка далася Ганне Канстанцінаўне працоўная перамога? Нялёгка. За ёю — непамерная адказнасць перад сабою, перад выхаванцамі і іх бацькамі, перад калегамі, перад раёнам, сваім сумленнем. За ёю — бясконцая несупынная работа над сабою, бяссонныя ночы, пакутліва-трывожныя хваляванні ў дні алімпіядных выпрабаванняў, пастаянны пошук адзіна правільных адказаў на пытанні ў складаным лабірынце навукі пад назвай “біялогія”. Гэта амаль круглагадовая праца, можна сказаць, без адпачынку, нават у водпуску, гэта ахвяраванне сваім вольным часам, сваім спакоем, сваім здароўем. Не кожнаму пад сілу такі рытм жыцця. Яго можа вытрымаць толькі той, хто бязмежна адданы абранай справе, хто верыць у вучня, хто ўмее бачыць перспектыву і валодае бяспройгрышнай сістэмай выкладання прадмета, у каго ёсць моцны, надзейны тыл — сям’я, разуменне блізкіх людзей, і ў першую чаргу мужа, іх жаданне аберагчы, падтрымаць, зразумець.
Дзякуй Богу, у Ганны Канстанцінаўны ідэальна склаліся ўсе жыццёвыя кампаненты, каб у выніку заззяць яркай зорачкай у россыпе залатога скарбу працоўных здзяйсненняў роднай Карэліччыны.
Задаюся пытаннем: “Ці паўплывае на яе характар высокая ўзнагарода?”. Ведаючы гэтую цудоўную жанчыну не адзін год, лічу адназначна: не паўплывае. Хіба што яшчэ больш дабавіцца адказнасці за вынікі сваіх творчых задумак і знаходак, каб апраўдаць давер тых, хто прывёў яе да вяршыні працоўнай славы. А ў жыцці, упэўнена, яна застанецца мілым, абаяльным, надзіва сціплым чалавекам, чулай, любячай, клапатлівай жонкай, матуляй, бабуляй, сапраўдным сябрам для ўсіх, хто яе акружае, надзейным дарадцам для сваіх вучняў, сувязь з якімі не губляе нават тады, калі яны пакідаюць сцены гімназіі.
Не буду паўтарацца і пералічваць ужо вядомыя здабыткі працы Г. К. Шклярж (аб гэтым пісалася і не раз). Нагадаю толькі, што яе імя занесена ў раённую і абласную Кнігі Славы, яна была ўдзельніцай рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года Беларусі”, а яе вучаніца Дар’я Шугля, ізноў стаўшы пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі ў сёлетнім 2012 годзе, аўтаматычна залічана на 1 курс Мінскага медуніверсітэта!
Адно толькі хачу сказаць у заключэнне: шчасце, што аднойчы на педагагічнай ніве ўзышло зярнятка Таленту Ганны Канстанцінаўны Шклярж, якое закаласілася багатым ураджаем у лёсах вучняў, адкрыўшы для сябе з дапамогай любімай настаўніцы радасць спазнання ведаў і грунтоўны арыенцір пры выбары жыццёвага самавызначэння.
Няхай жа множыцца гэты ўраджай з году ў год. Здароўя Вам, мілая Ганна Канстанцінаўна, новых перамог у працы! Няхай і надалей крынічкай душэўнай светласці і плёну струменяць Вашы дні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.