Ля берагоў сінявокай Свіцязі

150 дзяўчынак і хлопчыкаў сабраліся на другую змену ў дзіцячы-аздараўленчы лагер “Вясёлка”.

РАДАСЦЬ НОВАЙ СУСТРЭЧЫ

“Вясёлка” — дзіцячы аздараўленчы лагер. Колькі цікавых сустрэч ён падарыў! Шмат гадоў таму, калі адпачываў тут сын, спяшалася наведаць яго і наталіцца навакольнай  прыгажосцю. Зараз прадаўжаю прыязджаць сюды па прафесійнаму абавязку і кожны раз радуюся новай сустрэчы.
І сапраўды, уражанняў шмат. Трапляеш у сапраўдную казку: навокал лес, побач сінявокая Свіцязь… Як ні кажыце, райскі куточак.
А як радуюцца дзеці сустрэчы з любімай “Вясёлкай”! Колькі памятаю, ніколі не бачыла тут хмурых позіркаў.  Многія дзяўчынкі і хлопчыкі прыязджаюць кожны год, а хтосьці жадае правесці некалькі змен. І гэта, вядома, добра.

СВЯТА Ў ЛАГЕРЫ

Адкрыццё чарговай змены ў лагеры — свята. Да яго тут рыхтуюцца, запрашаюць і  гасцей. Апошнія не адмаўляюцца — едуць да дзяўчынак і хлопчыкаў на ўрачыстасць.
На ўрачыстасці слова трымалі старшыня РК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І. Л. Пянькоўская, метадыст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Л. В. Крыжаноўская, першы сакратар РК БРСМ Н. У. Швец, настаяцель Райцаўскай царквы, протаіерэй Уладзімір Вайтовіч.
— Лета — самая цудоўная і доўгачаканая пара для адпачынку, — адзначыла Л. В. Крыжаноўская. — Хачу пажадаць, каб кожны дзень быў напоўнены яркімі ўражаннямі і добрым настроем, каб дзеці раскрылі свае здольнасці, знайшлі сабе сяброў.
Лідар моладзі раёна прыехала на свята не з пустымі рукамі — прывезла сувеніры. Святар асвяціў адпачываючых святой вадой.

ДОБРЫ АДПАЧЫНАК І  КАЛАРЫЙНАЕ ХАРЧАВАННЕ

У 77 раз дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка” гасцінна расчыніў дзверы для дзетвары.
Начальнік лагера Н. М. Адамушка паведала, што выхавальнікамі з’яўляюцца настаўнікі школ раёна і студэнты педагагічных вышэйшых навучальных устаноў.
— Гэта спалучэнне маладосці і вопыту дапамагае згуртаваць дзяцей у калектыў, — адзначае Наталля Мікалаеўна, — у выніку ўдаецца праводзіць цікавыя і змястоўныя  мерапрыемствы.
У час размовы з урачом Т. У. Рудзько ўдаецца высветліць, што харчаванне ў дзіцячым аздараўленчым лагеры пяціразовае: снеданне, абед, падвячорак, вячэра і другая вячэра, дзецям выдаюцца вітаміны. Повары падабраліся кваліфікаваныя і добрасумленныя.
Частыя госці ў “Вясёлцы” —  адказныя работнікі ўстаноў і арганізацый раёна. У гэту змену ўжо паспелі пабываць супрацоўнікі ДУ “Карэліцкая райЦГЭ”,  інструктаж па тэхніцы пажарнай бяспекі праводзілі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а РУП ЖКГ, РЭС і сельгастэхніка аказваюць пастаянную дапамогу.  Іх намаганні накіраваны на тое, каб дзецям у лагеры было добра, і іх адпачынак  нічым не быў азмрочаны.

ТАЛЕНТЫ, ТАЛЕНТЫ…

З-за спякотнага надвор’я канцэртная праграма праводзілася ў актавай зале. Але гэта не перашкодзіла яе ўдзельнікам раскрыць свае таленты,  яны выкладваліся спаўна, пад дружныя апладысменты пакідалі сцэну. Аказваецца, дзяўчынкі і хлопчыкі здольныя на многае —  кожны нумар мастацкай самадзейнасці зачароўваў па-свойму, выступаючыя імкнуліся падарыць добры настрой.
Трэба было бачыць, як стараліся вядучыя Саша Шынкевіч (у ролі чароўнай Міні) і Антон Сарока  (няўрымслівы Міккі)!  І гэта не выпадкова: у лагеры адпачываюць вясёлыя і творчыя дзеці.
Якіх толькі  разнастайных нумароў мастацкай самадзейнасці не давялося ўбачыць! Мікіта Шавейка іграў на баяне, Аляксандра Швец і Аляксандра Пяцюк выканалі песню, група “Крутыя дзяўчынкі“ —  танец. Паказалі рабяты і выступленне аб усіх прывабнасцях вясковага жыцця,  Вераніка Хіневіч і Мілана Алфёрава адказвалі на пытанне “Куда уходит детство?” словамі з песні анайменнай назвы. Ды і іншыя выступленні ўражвалі да глыбіні душы.
Адным словам, шмат таленавітых дзяўчынак і хлопчыкаў сабралася ў “Вясёлцы”, а раскрыць  ім таленты дапамагаюць педагогі-арганізатары В. С. Брынкевіч і  М. С. Напорка, выхавальнікі лагера. Дык няхай усё гэта не згубіцца з гадамі!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.