”Мы памятаем, каб жыць”

Як паведамлялася ў нашай газеце, 3 ліпеня Карэліччына ўрачыста адзначыла Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды на мемарыяльным комплексе “Зорка” адбыўся мітынг, на якім выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства, Віктар Леанідавіч гаварыў: “Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! Паважаныя жыхары раёна, госці нашага свята! Прыміце самыя шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 68-й гадавінай вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для нашага народа гэта свята стала сімвалам свяшчэннай памяці, вялікасці духу і нацыянальнага гонару. Гэта дзень, у якім зліліся ў адно цэлае сапраўды святыя паняцці: Вызваленне, Перамога, Незалежнасць.

Нашым дзядам і прадзедам не раз прыходзілася адбіваць напады ворагаў, мужна адстойваць сваю свабоду і незалежнасць. Вытрымаўшы ўсе жорсткія выпрабаванні, беларускі народ застаўся не зламаны, моцны духам і адданы роднай зямлі.
Самым страшным перыядам для нас былі чатыры доўгія гады Вялікай Айчыннай вайны, калі па плану фашысцкай Германіі беларусы павінны былі быць знішчаны як нацыя.
Беларусь першай прыняла на сябе вераломны ўдар ворага. Больш як паўтара мільёна нашых суайчыннікаў змагаліся на франтах і вялі бескампрамісную барацьбу ў радах антыфашысцкага супраціўлення: партызан і падпольшчыкаў. Амаль столькі ж працаўнікоў тылу сумеснымі намаганнямі кавалі Перамогу.
Загінулыя ў баях, спаленыя жывымі мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці, замучаныя ў канцлагерах, забітыя пры бамбёжках і карных аперацыях. Мільёны ахвяр. Амаль трэцяя частка насельніцтва краіны.
Ужо 68 гадоў над краінай мірнае неба, але да гэтага часу мы знаходзім астанкі загінулых за нашу родную зямлю. Напярэдадні вялікага свята ў г.п.Мір на месцы работ пошукавага батальёна знойдзены астанкі ваеннаслужачага, які да гэтага часу лічыўся невядомым. Магчыма, што хутка мы даведаемся імя воіна, подзвігу і магіле якога змогуць пакланіцца яго нашчадкі.
Памяць — лепшая гарантыя таго, што не паўторацца жахі ваенных гадоў. Паўсталі з руін новыя гарады, мяняюць сваё аблічча пасёлкі і вёскі. На мірнай зямлі вырасла ўжо трэцяе пакаленне беларусаў. Мы пабудавалі суверэнную дзяржаву. Беларусь уступіла ў трэцяе дзесяцігоддзе сваёй незалежнасці. Паслядоўна мяняецца роля і функцыі дзяржавы, але нязменным застаецца галоўнае — усё робіцца для людзей, дзеля іх дабрабыту.
Прэзідэнт нашай дзяржавы А. Р. Лукашэнка ў Пасланні да беларускага народа і парламента адзначаў, што галоўнае прадвызначэнне дзяржавы сёння ў тым, каб стымуляваць прагрэс ва ўсіх сферах, забяспечваючы сацыяльныя гарантыі грамадзянам, ствараць прававыя асновы жыцця і дзейнасці, паважаць свой суверэнітэт, абараняючы свае граніцы. Мы высока цэнім тых, з кім сумесна заваявалі Перамогу, аднавілі народную гаспадарку, рухаемся наперад.
Сёння разам з намі аддаюць даніну павагі загінулым, і так павінна быць заўсёды, прадстаўнікі самых блізкіх нам, дружалюбных народаў. На гэтым мітынгу прысутнічае дэлегацыя Краснагорскага раёна Маскоўскай вобласці, працаўнікі якога з задавальненнем прыязджаюць на нашу карэліцкую зямлю для таго, каб аддаць даніну павагі тым людзям, якія адстаялі незалежнасць і свабоду нашай Айчыны.
Дарагія карэліччане! Няма радней і бліжэй зямлі, чым тая, дзе нарадзіўся і вырас, дзе яскрава відаць вынікі тваёй працы. Я з удзячнасцю звяртаюся да вас, працаўнікі Карэліцкага краю, і выказваю ўдзячнасць за той агромністы ўклад, які вы ўнеслі ў развіццё народнагаспадарчага комплексу. Менавіта вашай працаю заслужана права прымаць у сябе абласныя “Дажынкі-2011”. Гарпасёлак Карэлічы становіцца ўтульным для пражывання раённым цэнтрам, які адпавядае сучасным патрабаванням.
Мы ганарымся нашымі школьнікамі, якія паспяхова выступаюць на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, паспяхова канкурыруюць на самых прэстыжных навуковых конкурсах, буйнейшых  спартыўных турнірах. Мы ганарымся таленавітымі педагогамі і настаўнікамі ад Бога.
Дарагія ветэраны! Беларускі народ, як ніякі іншы, умее цаніць і берагчы мір. Мы заплацілі вельмі дарагую цану за тое, каб мець права гаварыць пра гэта, захаваць і замацаваць заваяваную вамі перамогу для цяперашняга і будучых пакаленняў.
Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя. Няхай галоўнае свята нашай дзяржавы — Дзень Незалежнасці — прынясе ў кожны дом, кожную сям’ю добры настрой, шчасце і дабрабыт.
З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў хвілінай маўчання і салютам.
Затым слова трымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны І. М. Тур. Іван Маркавіч шчыра павіншаваў  удзельнікаў урачыстага мерапрыемства з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 68-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён нагадаў пра сваю вогненную маладосць, баявых таварышаў, выказаў словы ўдзячнасці воінам і партызанам, якія пралівалі кроў, ахвяравалі ўласнымі жыццямі ў бітвах за свабоду і незалежнасць нашай рэспублікі.
Асаблівую ўдзячнасць ветэран выказаў органам мясцовай улады, якія робяць усё магчымае, каб аблегчыць жыццё ўдзельнікам і інвалідам вайны.
Ад імя маладога пакалення слова трымала медсястра УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Кацярына Міснікевіч:
— Для кожнага чалавека, — гаварыла яна, — Дзень Незалежнасці — гэта галоўнае дзяржаўнае свята, якое сімвалізуе  адзінства народа, надае веры ў светлую будучыню сваёй краіны. У гэты дзень мы ўслаўляем нашых герояў-франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, якія мужна змагаліся з ворагам.
Дзякуючы вашым намаганням, дарагія ветэраны, мы маем магчымасць дружна жыць, вучыцца, працаваць і выхоўваць дзяцей. Адчуваючы гонар за ваш гераізм і мужнасць, мы, маладое пакаленне, прымнажаем сваёй працай слаўныя традыцыі Карэліччыны. І цяпер наш чарод забяспечваць сілу і моц нашай дзяржавы, быць удзячнымі і памятаць каму мы абавязаны сённяшнім днём. Наша задача — выхоўваць у сябе і сваіх дзяцей любоў да акружаючых нас людзей, цаніць дапамогу і ўмець па-сапраўднаму сябраваць, берагчы мір на зямлі, як вышэйшую каштоўнасць усяго чалавецтва.
Дарагія сябры! Няхай у вашых сэрцах ніколі не згасне агеньчык удзячнасці воіну-вызваліцелю!
Пасля ўскладання кветак і гірлянды Славы мітынг закончыўся, а свята прадоўжылася на плошчы 17 Верасня.
Па-традыцыі ў гэты дзень услаўлялі перадавых працаўнікоў народнагаспадарчага комплексу раёна, ветэранаў вайны і працы, тых, хто нястомнай працай прымнажае славу Карэліччыны.
Да іх звярнуўся са словамі віншавання старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак.
Кіраўнік раённай “вертыкалі” зазначыў, што з кожным годам сярод нас застаецца ўсё менш і менш воінаў-вызваліцеляў, але ад гэтага не становіцца менш увагі і ўдзячнасці старэйшаму пакаленню за ўсё, што ім зроблена для нас.
Прыемна, што маладое пакаленне захоўвае ў памяці заслугі ветэранаў перад сваім народам, перад сваёй Айчынай.
Прыемна і тое, што наша моладзь дабіваецца добрых вынікаў у авалодванні ведамі, і гэта дастойны адказ і падарунак тым, хто забяспечыў ёй такую магчымасць.
Сённяшняга свята чакаў кожны з нас. І нават надвор’е паспрыяла, каб у душы кожнага чалавека было цёпла, каб панаваў  высокі маральны і патрыятычны дух, каб быў настрой на стваральную працу, прымнажэнне здабыткаў і беражлівае захоўванне гістарычнай, культурнай, духоўнай спадчыны, слаўных працоўных традыцый.
В. Л. Шайбак яшчэ раз падзякаваў ветэранам за іх ратныя подзвігі і пажадаў усім удзельнікам свята міру і новых працоўных дасягненняў.
Адбылося ўшанаванне былога намесніка  начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама І. С. Барыскіна, імя якога занесена  ў Кнігу Славы Карэліцкага раёна. Адпаведнае пасведчанне і падарунак ветэрану працы, ардэнаносцу ўручыў Віктар Леанідавіч.
Кіраўнік раённай “вертыкалі” ўручыў ветэранам і лепшым працаўнікам раёна Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзячныя пісьмы старшыні раённага выканаўчага камітэта.
Званне “Ганаровы ветэран” за актыўную грамадскую работу і адпаведны дакумент атрымаў ветэран працы В. В. Шэўка.
На сцэну запрашаецца дэлегацыя Краснагорскага раёна Маскоўскай вобласці ў складзе старшыні камітэта па кіраванні муніцыпальнай маёмасцю адміністрацыі Краснагорскага муніцыпальнага раёна С. У. Суркова, начальніка аддзела А. А. Сямінава, дэпутата Савета дэпутатаў Краснагорскага муніцыпальнага раёна В. М. Іўлева. Гасцям уручаецца хлеб-соль і слова прадастаўляецца кіраўніку дэлегацыі С. У. Суркову:
— Дарагія сябры! — гаварыў ён. — Вось і настаў момант, калі мы можам павіншаваць вас. Мы вельмі рады прысутнічаць на карэліцкай зямлі, таму што для Краснагорскага раёна Карэлічы асаблівае месца. У нас нямала гарадоў-пабрацімаў, але Карэлічы мы асабліва любім.
Чаму? Ды таму, што вас даўно ведае і віншуе кіраўнік нашага раёна Б. Я. Расказаў.
Карані нашых сувязяў з беларускай зямлёю ў далёкім мінулым. Горад Краснагорск узнік як горад оптыкаў, а аптычная прамысловасць у Беларусі была вельмі развітая. Мы цесна супрацоўнічалі,  і да гэтага часу многа беларусаў  працуюць на нашым заводзе. Гэта адна складаемая.
З другога боку, наш раён меў некалі развітую сельскагаспадарчую вытворчасць, чаго, на жаль, цяпер няма. Але дружба засталася, як памяць аб тых гадах. Нам прыемна, што ёсць Карэліцкі сельскагаспадарчы раён, які атрымлівае патрэбную людзям прадукцыю.
Калі вашы дэлегацыі прыязджаюць да нас, яны многаму радуюцца, нечаму здзіўляюцца, кажуць, што трэба вучыцца. А я шчыра скажу, многаму нам трэба вучыцца ў вас. У вас захаваўся сапраўдны клопат  пра людзей і клопат людзей пра свой родны край. Як гэта робіцца нам вельмі падабаецца і мы хочам гэта ў сябе адрадзіць. І не верце, калі гавораць, што ў Расіі нехта кепска адносіцца да беларусаў і Беларусі. Я не сустракаў такіх людзей.
Саюзная дзяржава — не пусты гук. Яна павінна даць нам агульную сілу  і агульны поспех.
Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця ў вашых сем’ях, поспехаў у працы на карысць Карэліцкага краю, роднай Беларусі.
Са словамі ў адказ выступіў старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак, які  выказаў упэўненасць, што пабрацімскія сувязі будуць умацоўвацца і далей канкрэтнымі справамі на карысць народаў    Саюзнай дзяржавы.
Узнагароды перадавікам сельскай гаспадаркі за поспехі на веснавых палявых работах уручалі В. Л. Шайбак і яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу С. В. Барычэўскі.
Святочную канцэртную праграму, якая доўжылася да позняга вечара, падрыхтавалі самадзейныя мастацкія калектывы і выканаўцы. Завяршылася мастацкая частка па даўняй і добрай традыцыі патрыятычнай акцыяй “Спяваем гімн разам”.
*  *  *
На стадыёне “Юнацтва” адбыўся таварысцкі матч па гандболе паміж камандамі СВК “Маяк-Заполле” і зборнай камандай г. п. Карэлічы, а таксама фінал кубка раёна па футболе паміж камандамі СВК “Свіцязянка-2003” і СВК “Лукі-Агра”.
З ранку да позняга вечара працавалі гандлёвыя рады.
Галоўнае свята Беларусі  закончылася ноччу дыскатэкай.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.