РЭКОРДНЫ НАМАЛОТ

Сёлета хлебаробам сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Жухавічы” належыць убраць 2420 гектараў зерневых, 1093, або 45,2 %, з якіх  ужо ўбрана. На дапрацоўку паступіла 8114 т зерня. Ураджайнасць складае 74,2 ц з гектара.
Рытмічна працуюць на жніве ўсе трынаццаць камбайнаў, нагрузка на кожны з якіх складае 170 га.
Сёлета камбайнавы парк папоўніўся двума новымі агрэгатамі КЗС-1218. Даверылі іх вопытнаму механізатару Сяргею Віктаравічу Мазуру і навічку —  Сяргею Канстанцінавічу Зарубайку, для якога гэта першае жніво. Але першы “блін” не аказаўся камяком. Ён упэўнена заняў месца ў групе лідараў і зараз на яго рахунку 1000 т намалочанага зерня.

Лідарам спаборніцтва з’яўляецца вопытны жнец Міхаіл Мікалаевіч Печанко, які намалаціў 1133 т, у тым ліку за дзень 127 т. Дарэчы, усяго на адну тону адстаў ад яго ў гэты дзень С. К. Зарубайка, які намалаціў 126 т.
І ў цэлым па  гаспадарцы гэты дзень стаў рэкордным. Ад камбайнаў на ток паступіла больш як 1130 т збожжа.
Свой уклад унеслі ў агульны намалот камбайнеры Мікалай Міхайлавіч Камера на “Джон-Дзіры” і Сяргей Віктаравіч Мазур на КЗС-1218, якія намалацілі 952 і 911 т, адпаведна.
На адвозцы зерня ад камбайнаў стараннай працаю вызначаюцца вадзіцель аўтамабіля МАЗ Сяргей Аляксандравіч Богуш, на рахунку якога 1102 т , трактарысты Сяргей Віктаравіч Хіневіч, які перавёз 855 т, і Аляксандр Мікалаевіч Гірэйка — 864 т.
Камбайнеры працуюць на палетках увесь светлавы дзень. Спачатку жнуць і абмалочваюць ячмень, а бліжэй да вечара пераходзяць на азімыя.
Каб да мінімуму знізіць невытворчыя прастоі ўборачных агрэгатаў, камбайны дазапраўляюць непасрэдна ў полі, для чаго выдзелены два аўтазапраўшчыкі. На выпадак магчымых тэхнічных непаладак прадугледжана дзяжурства слесара, токара і газаэлектразваршчыка.
Арганізавана двухразовае гарачае харчаванне членаў уборачнага атрада. Вынікі спаборніцтва падводзяцца штодзённа.
На ўборцы саломы старанна працуе звяно ў складзе В. М. Піляка, У. В. Ясевіча, М. В. Стрэчаня і    Д. А. Сабіча.
Кантроль за якасцю ўборкі ажыццяўляюць упраўляючыя вытворчымі ўчасткамі пад кіраўніцтвам в. а. галоўнага агранома                 В. М. Грамыкі.
На дапрацоўцы зерня задзейнічана шэсць зернесушыльна-ачышчальных комплексаў. Гэта КЗСВ-30, два   М-819 і тры КЗС-20.
— Для таго, каб праца спорылася, патрэбны тры ўмовы, — гаворыць намеснік старшыні кааператыва В. В. Такушэвіч, — надзейная і прафесіянальная інжынерная служба, зацікаўленаць у належнай падрыхтоўцы тэхнікі да выхаду ў поле саміх механізатараў і прагрэсіўна ўзрастаючая аплата працы. Гэта трыяда створана, укаранёна, праверана практыкай і дае добры плён.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.