Жніво сустрэнем арганізавана

Пад ураджай 2012 года ў раёне пасеяна 21826 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Усяго давядзецца абмалаціць 24172 га.
Для ўборкі зерневых гаспадаркі маюць 105 камбайнаў. Нагрузка на адзін агрэгат складае 230,2 га.
Перад інжынернай службай раёна была пастаўлена задача завяршыць рамонт зернеўборачных камбайнаў, зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, вагавай гаспадаркі да 10 ліпеня 2012 года.
Як жа выконваецца рашэнне райвыканкама “Аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення ўборкі ўраджаю” высвятлялі спецыялісты райсельгасхарчу і журналісты рэдакцыі газеты “Полымя”.
Першым аб’ектам, які мы наведалі, была мехмайстэрня “Баранавічы” СВК “Малюшычы”. З шасці зернеўборачных камбайнаў па стану на 10 ліпеня гатовымі да жніва аказаліся тры агрэгаты, адзін не будзе задзейнічаны на жніве, адзін знаходзіцца ў стадыі рамонту, а на КЗС-10 яшчэ не падабралі экіпаж.

На мехмайстэрні ў Малюшычах хоць сёння гатовы распачаць жніво камбайнеры А. Г. Саладуха, У. У. Бялевіч, В. К. Шыш,  А. А. Гіз.
На рамонце знаходзіцца “Ліда-1300”, мёртвым грузам стаіць КЗС-10 і два агрэгаты выстаўлены на продаж, адзін з камбайнаў ужо набыў новага гаспадара.
У СВК “Свіцязянка-2003” з адзінаццаці зернеўборачных камбайнаў на лінейку гатоўнасці пастаўлены шэсць агрэгатаў. Да астатніх ёсць неабходныя запчасткі і завяршэнне іх рамонту справа аднаго-двух дзён. Пастараліся падрыхтаваць зернеўборачную тэхніку да жніва камбайнеры В. І. Коўгар, М. І. Найба, М. С. Мяць, С. У. Галаван, ёсць упэўненасць, што не падвядуць на гарантыйных агрэгатах С. В. Сіроцін і У. М. Жданук.
З зернесушыльнай гаспадаркі падрыхтаваныя да прыёму зерня новага ўраджаю КЗСВ-30, ЗСК-8, “Мекмар-SL-55”. Засталося адрамантаваць печ у М-819.
З 9 камбайнаў у СВК “Цырын-Агра” стопрацэнтную гатоўнасць маюць 6. Для трох камбайнаў, гатоўнасць якіх складае 90 %, запчасткі завезены.
Дарэчы, цырынскія камбайнеры пачалі ўборку рапсу, дапрацоўваюць які два зернесушыльна-ачышчальныя агрэгаты.
Прыемна глядзець на мехдвор СВК “Лукі-Агра”, дзе ўся ўборачная тэхніка даўно стаіць на лінейцы гатоўнасці.

У СВК “Жухавічы” з 13 камбайнаў хоць сёння гатовы выйсці на палеткі 10 агрэгатаў. У астатніх заканчваюць ухіляць дробныя няспраўнасці.
З 6 КЗСаў падрыхтаваны да дапрацоўкі зерня 4.
Няма праблем па камбайнах у СВК “Маяк-Заполле”. У перыяд жніва будуць працаваць 4 КЗСы.
Паправілі справы ў СВК імя Царука, дзе з 7 камбайнаў адрамантаваны 5, на два астатнія завезены запчасткі. Дапрацоўваць зерне будуць спецыяльна падрыхтаваныя аператары і машыністы на новым КЗСВ-30.
З 5 камбайнаў у КСУП “Племзавод “Карэлічы” адрамантаваны 3, на двух рамонт заканчваецца і днямі камбайнавы парк гаспадаркі папоўніць новы КЗС-1218.
Але, калі становішча з запаснымі часткамі і рамонтам выправілі ў СВК імя Царука і КСУП “Племзавод “Карэлічы”, то ёсць праблемы ў ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, а таксама ў СВК імя Чарняхоўскага.
Да жніва застаюцца лічаныя дні і справа гонару інжынерных службаў і абавязак — тэрмінова ўхіліць наяўныя недахопы і выйсці на жніво арганізавана.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.