Калі шчасце ў дзецях

Ордэнам Маці ўзнагароджана жыхарка г. п. Карэлічы, маці пяцярых дзяцей Ганна Гергардаўна Дзмітровіч. Гэтую высокую ўзнагароду на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ўручыў яго старшыня В. Л. ШАЙБАК.
— Узнагарода высокая, — сказала ў час сустрэчы жанчына.—  Але аб гэтым не думаеш, бо галоўнае — дзеці. І калі нарадзілася першае, то хацелася, каб не расло  эгаістам і не адчувала адзіноты.

Ганна Гергардаўна закончыла Гродзенскі музычна-педагагічны каледж, атрымала  спецыяльнасць выхавальніка дашкольных устаноў.  Працавала ў яслях-садзе № 1 г. п. Карэлічы музычным кіраўніком, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па догляду за дзецьмі. Таму тэорыя добра знаёма, але шмат дае і практыка — вопыт асабістага жыцця.
З’яўленню на свет Дашы ў сям’і не маглі нарадавацца — расла спакойнай і разважлівай.  Марк аказаўся іншым — пастаянна плакаў і быў непаседай.  Віктар  жа — “залатая сярэдзінка” паміж сястрой і братам. І маці пачала рабіць для сябе высновы (адна з іх —  прымі дзяцей такімі, якія ёсць). Ужо так часта  не званіла знаёмым і не звярталася да ўрачоў, а ўспамінала словы медсястры: “У вас такое дзіця”.
Зараз Марку — сем гадоў, ён такі ж рухавы. У сям’і лічаць, калі яго характар накіраваць у правільнае рэчышча, то зможа зрушыць горы.
— Меншыя Мацвей і Паліна выхоўваюцца ў вялікай любові і цярпенні, — заўважае  далей маці. — Хаця ў нас да дзяцей няма паблажлівых адносін, усіх выхоўваем у строгасці і прывучаем да самастойнасці — убіраюць пасля ежы посуд і прыбіраюць у сваіх пакоях.
Дзяцей нескладана і чымсьці карысным заняць — любяць чытаць, каструяваць, ляпіць, маляваць, таму ў школе  паспяхова спраўляюцца з заданнямі. Вечарам перад сном  разам чытаем  кнігі з павучальнымі гісторыямі і расказамі, а для малодшых — казкі і вершы, і так было заўсёды. У верасні Дар’я пойдзе ў чацвёрты клас, Марк  —  у другі,  Віктар —  у першы клас гімназіі № 1 г. п. Карэлічы.
Выхаваннем дзяцей у сям’і займаюцца абодва бацькі. Ганна Гергардаўна не можа паскардзіцца на мужа, бо Аляксей Валер’евіч можа замяніць па дому і прыгледзець за дзецьмі, калі яна адсутнічае па ўважлівых прычынах.
Маленькая радзіма Ганны Гергардаўны — Казахстан. У Беларусь прыехала ў васямнаццаць гадоў.  У Карэлічах жывуць адзінаццаць гадоў.
— Нам падабаецца, — прызнаецца жанчына. — Усе дзеці нарадзіліся тут, з людзьмі пасябравалі, з многімі маладымі сем’ямі пазнаёмілася ў радзільным доме.
Дзеці дапамагаюць лепш зразумець людзей і іх праблемы. Дзіця (нават і праблемнае) трэба любіць. А што можаш ты параіць іншаму чалавеку, не меўшы сваіх? Адкрыць кніжку па псіхалогіі і прачытаць? Куды лепш, калі гэтыя парады будуць з практычнага вопыту, бо без дзяцей не зразумееш і не ацэніш жыцця.
Сёння рэдка спяшаюцца ў сям’і нарадзіць трэцяе дзіця.  Хтосьці лічыць гэта за цяжкасць, а нехта не жадае             псаваць кар’еру. А шкада.
Як лічаць у сям’і Дзмітровіч, у іх дзяцей ёсць усё неабходнае, да іх  сям’і — павышаная ўвага.  Дзякуючы клопату ўрада выдзяляецца крэдыт як мнагадзетнай сям’і, і яны рэканструіруюць  свой дом.
— Я адчуваю сябе шчаслівай, — зазначае напрыканцы сустрэчы Ганна Гергардаўна. — Жыву так, як хацела. Хаця і працую шмат (трымаем асабістую гаспадарку), але ж гэта дзеля дзяцей. Толькі з імі пазнаеш па-сапраўднаму жыццё. А  наша жыццё — у нашых дзецях.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.