МАЙСТЭРСТВА АД БАЦЬКІ

На бацькоўскай “Ніве” вучыўся камбайнерскаму майстэрству Андрэй Мікалаевіч Штэйн з СВК “Лукі-Агра”. Пачыналася ўсё ў дзяцінстве, а найбольшае шчасце было, калі бацька, Мікалай Андрэевіч, браў хлапчука з сабою на працу, дзе чакала і захапляла яго магутная тэхніка, якой валадарыў яго родны тата.
Вельмі хутка мара стала явай. Яшчэ да службы ў Арміі Андрэй тры сезоны быў памочнікам камбайнера. Усяму вучыўся на бацькавым камбайне СК-5 “Ніва”.
Прыйшоў час Мікалаю Андрэевічу ісці на заслужаны адпачынак, і сын атрымаў яго камбайн. Праўда, бацька не развітаўся з тэхнікай і ў час жніва дапамагаў гаспадарцы, ужо ў якасці памочніка камбайнера — свайго сына Андрэя. Працавалі, і някепска, на камбайнах “Дон-1500”, КЗС-7, намалочвалі па 1000 тон зерня і болей. Былі на добрым рахунку ў гаспадарцы, карысталіся павагай таварышаў.
Ішоў час. На палетках гаспадаркі з’явілася сучасная, высокаэфектыўная тэхніка, у тым ліку і замежнай вытворчасці. Адзін з зернеўборачных агрэгатаў “Лексіён-580” даверылі А. М. Штэйну і не памыліліся. Па 2000 тон зерня намалочвае ён за жніво, і па гэтым паказчыку вучань даўно перасягнуў свайго настаўніка-бацьку, які мог толькі марыць аб такіх намалотах.
Першая тысяча тон у бягучым годзе — гэта толькі пачатак плённай работы, бо няма мяжы ўдасканаленню майстэрства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.