“Уладар сяла”

Раённы сямейны сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла” стартаваў на базе Турэцкага ЦСДК. Яго арганізатары — раённы камітэт ГА “БРСМ” пры падтрымцы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, аддзелаў культуры і ідэалагічнай работы райвыканкама.
Яго мэты і задачы — садзеянне замацаванню маладых сем’яў у вёсцы; фарміраванне ў моладзі патрыятызму, чалавекалюбства, павагі, любові да прафесіі сельскіх  працаўнікоў; папулярызацыя сельскагаспадарчай працы і сельскагаспадарчых прафесій; актывізацыя работы па добраўпарадкаванні індывідуальных сельскіх  падвор’яў; стымуляванне маладых сем’яў, якія вядуць прысядзібную гаспадарку на высокім гаспадарчым узроўні; адраджэнне працоўных дынастый, умацаванне сямейных традыцый і пераемнасць пакаленняў; прыцягненне моладзі вёскі да здаровага ладу жыцця і г. д.
— Усе мы родам з дзяцінства, — сказала вядучая, дырэктар РМЦ народнай творчасці Н. М. Гароднік. — Дзяцінства, у якім фарміруюцца нашы характары, звычкі. Малюнкі дзяцінства самыя яркія. І як важна, каб яны былі азораны любоўю і святлом шчаслівай сям’і, цяплом роднага дома, напоўненага галасамі родных і блізкіх людзей. Як гаварыў класік, “шчаслівы той, хто шчаслівы дома”.  Упэўнена, што сёння тут сабраліся шчаслівыя сем’і.

Удзельнікі дадзенага праекта — маладыя сем’і: Віктара і  Наталлі Кергет (в. Турэц), Максіма і Ліліі Кудзіных (в. Малюшычы), Аляксандра і Святланы Рамановіч (в. Жухавічы). Яны прыйшлі паспаборнічаць разам са сваімі дзецьмі.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык. Руслан Юр’евіч гаварыў, што праект зарадзіўся даўно і прайшоў у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, ён ставіць сваёй мэтай згуртаваць сям’ю.
“Тыя справы, якія робяць бацька з сынам, паўплываюць на лёс унука”, — адзначаў прамоўца.  Выказаў словы ўдзячнасці ўдзельнікам і пажадаў, каб нашы карэліччане  абаранялі гонар раёна на рэспубліканскіх дажынках.
Сем’і прымалі ўдзел у чатырох конкурсах. Два з іх былі дамашнімі заданнямі — “Мая сям’я” і творчы конкурс. У першым — кожная сям’я прадстаўляла візітную картку сваёй сям’і на тэму: “Я, ты, ён, яна — разам дружная сям’я”. Абавязковая ўмова конкурсу — прадстаўленне беларускага нацыянальнага касцюма. Сям’і-пераможцы прысуджаецца тытул “самая дружная сям’я”.
Другі конкурс —  выставы творчых работ. Пераможца атрымлівае тытул “самая адораная сям’я”. Кожная сям’я праводзіць імправізаваную абарону захапленняў кожнага члена сям’і.

Трэці і чацвёрты конкурсы  — “Майстар” і  “Дрывасекі” — удзельнікі праекта правялі на вуліцы,  непадалёку ад   ЦСДК. Умовы конкурсу “Майстар”: кожнаму мужчыне ўручаецца драўніна-нарыхтоўка. З дапамогай сякеры неабходна змайстраваць дошку для нарэзкі прадуктаў. Пераможца атрымлівае тытул “Майстар на ўсе рукі”.

Апошні конкурс “Дрывасекі” складаецца з трох этапаў: распілоўка бервяна, сячэнне дроў і іх складзіраванне.  Сям’я-пераможца атрымлівае тытул “самая гаспадарчая сям’я”.
Вынікі конкурсу падвяло журы. У першым  і трэцім (візітная картка і “Майстар”) перамогу атрымала сям’я Рамановіч з Жухавіч, у другім (выставе творчых работ) — сям’я Кудзіных з Малюшыч, у чацвёртым (“Дрывасекі”) — сям’я Кергет з Турца.  Пераможцы конкурсу ўзнагароджаны граматамі і грашовымі прэміямі.
Самі гаспадары аказаліся не толькі гасціннымі, але і творчымі людзьмі — на працягу правядзення праекта культработнікі  Турэцкага ЦСДК дарылі цудоўныя песні.
Абласны конкурс адбудзецца 24—25 жніўня. Наш раён будзе прадстаўляць сям’я Рамановіч з в. Жухавічы. Пажадаем ім поспехаў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.